Г. Г. Нячаева (Гомель), І. В. Штанкіна (Чарнігаў)
Выбарачнае знаёмства з тканымі ручнікамі ў фондах Чарнігаўскага гістарычнага музея ім. В.В. Тарноўскага адбылося з ласкавага дазволу яго супрацоўнікаў і з дапамогаю, перш за ўсё, загадчыцы аддзела дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Штанкінай Ірыны Валер’еўны і захавальніка гістарычнай групы рэчаў Ганчарэнка Вікторыі Сямёнаўны.
Папярэднія вынікі такога знаёмства вельмі адносныя і могуць змяняцца па меры далейшых сумесных доследаў. Аднак ужо сёння мы можам адзначыць тое, што безумоўна ёсць у чарнігаўскіх ручніках, пакуль не сцвярджаючы заканамернасці прасочаных намі сумесна тэндэнцый.
Чарнігаўская вобласць Украіны, што збірае воды рэк ў Дзясну, ляжыць на поўдзень ад рэгіёну доследаў і мяжуе на паўночным захадзе па Дняпры з Брагінскім раёнам (міжрэчча Прыпяці – Дняпра, усходне-палеская зона рушнікоў); далей па паўночнай мяжы – з Лоеўскім, Добрушскім раёнамі Гомельскай вобл. (вусце Сожа ў Днепр, нізоўе Сожа ды Іпуці, падняпроўская зона рушнікоў); далей на ўсход – з Навазыбкаўскім і Старадубскім раёнамі Бранскай вобл. (міжрэчча Іпуці – Дзясны).
Перш за ўсё адзначым пашыранасць чырвонапалосных ручнікоў, блізкіх да агульнапалескага тыпу. Прывезеныя з розных раёнаў, гэтыя тканіны ўсё ж найбольш частыя ў пэўных тэрыторыях. Яны ахопліваюць чарнігаўскія землі падковаю: па паўднёвым захадзе (ўздоўж мяжы з Кіеўшчынай), па захадзе (мяжа з беларускім Усходнім Палессем), уздоўж паўночнай мяжы.
Амаль усе гэтыя тканіны перайшлі на двухутковую шматрамізную тэхніку выканання. Сустрэўся адзіны рушнік з аднаўтковай саржавай сярэдзінай, на жаль, без дакладнага месца паходжання, ён жа – адзіны, дзе ёсць паласатая сярэдзіна.
Усе перагледжаныя астатнія тканіны маюць белую сярэдзіну, што здаецца выразнаю агульнаю адметаю. Аднак слушней казаць, што сярэдзіна не белая, а ‘цэлая’, таму што яна вытканая ўзорным шматнітовым ткацтвам, а схільнасць ужываць у якасці асновы каноплю і ткаць ільном або спалучаць лён і бавоўну дае выразную фактуру і шэра-белыя ўзоры, што ўзмацняецца ў напрамку на поўдзень.
Другою агульнаю адметаю здаецца тое, што ў чырвоных поласах чарнігаўскія ручнікі не мяняюць тэхнікі, падоўжваючы ткаць той жа ўзор, цяпер ужо з чырвоным утком (гл. падобны пінскі ручнік (Лабачэўская. 2002. Іл.15). Гэтая акалічнасць супрацьстаўляе іх палескім беларускім ручнікам. Апошнія найчасцей мяняюць шматнітовую тэхніку на рыпс у чырвоных поласах, наогул, розніца ў спосабе ткання фона і палос падкрэсліваецца. Чырвоныя поласы быццам стрымліваюць ‘новы’ рамесніцкі націск, аддаючы ‘стыхіі’ ўзорнага фон. Так можа праяўляцца даўняя апазіцыя: аднаўтковая саржа белага – чырвоны рыпс.
Магчыма, менавіта наяўнасць узорных калодак у паралельна існуючых арнаментаваных ручніках схіліла чарнігаўскіх майстрых рабіць аднолькава ўзорнымі і ‘новы’ шматнітовы белы фон, і калодкі-поласы. Арнаментаваныя тканіны тут маюць белую палатняную сярэдзіну і фон, таму, магчыма, новая ўзорыстасць лёгка лягла па ‘палатняных’ традыцыях і знівеліравала былую апазіцыю: белае палатно – узорныя палосы.
Тыя ж беларускія традыцыі, што ткалі белае шматнітовым аднаўтковым ткацтвам, перайшлі да двухутковага не як да адмены, а як да ўдасканалення ўласнага, захаваўшы апазіцыю: ‘касое’ – ‘прамое’ паміж фонам і палосамі.
Колькасць, размяшчэнне і групоўка чырвоных палос захоўваюць рытмічную карціну сваіх узорных варыянтаў, бы паэтычная схема, што завецца ‘рыбаю’, задае меру будучаму вершу. Сёння мы яшчэ не ведаем дакладнай адпаведнасці паміж чырвонапалоснымі і ўзорнымі ручнікамі. Аднак тэрытарыяльна чырвонапалосныя чарнігаўскія маюць наступныя адрозненні.
Паўднёвы захад (Ічня – Казялец (тут і далей – назвы цэнтраў раёнаў). Уздоўж кіеўскай мяжы): найболей сціплае аздабленне з 1 – 2 вузкіх і 1 шырэйшай палоскі на самым канцы.
Хутчэй за ўсё, з захаду (паблізу ад Брагіна) – той адзіны аднаўтковы па фоне ручнік, што мае кампазіцыю з шасці палос і пацяжаленне чырвані да нізу.
Паўночны захад (Гародня, пад Добрушскім раёнам Беларусі): люстрана-сіметрычная кампазіцыя тыпу а-б-а, дзе б – больш шырокая паласа. Да таго ж, выразна адметныя і ‘берагі’ тканіны, уздоўж якіх у аснову ўведзеныя чырвоныя ніткі, ад таго рушнік мае скразныя падоўжныя поласы, што ‘зіхацяць’ у шматнітовым узоры. Ёсць і другі спосаб падкрэсліць падоўжную вось: бела-шэрыя ўзоры фона згушчаюцца да ‘берагоў’, ад сярэдніх ‘кругоў’ ідзе хваля, што паблізу ад абодвух краёў дае скразную падоўжную ‘крывулю’- зігзаг. Магчыма, гэта своеасаблівы ‘ўспамін’ аб сустрэчы вертыкальнага і папярочна-паласатага тыпаў ручнікоў (у старэйшым слоі дубраўскай традыцыі – браныя тканіны ўбіраюць гэтыя ж – люстрана-сіметрычны і вертыкальны – імпульсы).
Далей на ўсход (Мена, бліжэй да Дзясны, на поўнач ад яе, пад Навазыбкаўскім раёнам Браншчыны) гэтае адчуванне падоўжнага ‘вертыкальнага’ імпульсу захоўваецца, але цэнтрычны (люстрана-сіметрычны) імпульс самой кампазіцыі чырвоных папярочных палос слабне: а-б-б-а, дзе б – шырэйшыя.
На паўночным усходзе (Сямёнаўка, міжрэчча Іпуці – Дзясны) цэнтрычны імпульс знікае: а-а-а-а…
Такім чынам, можна выказаць самыя асцярожныя заўвагі аб магчымым існаванні двух ‘асіметрычных’ імпульсаў з захаду і з усходу, паміж якімі жыве люстрана-сіметрычны тып кампазіцыі, а таксама дапусціць дзеянне ‘вертыкальнага’ імпульсу на поўначы тэрыторыі. Здаецца, ‘малы чын’ паўднёвых чырвонапалосных ручнікоў павінен звярнуць да сябе ўвагу.
Што датычыцца ўзорных тканін, то, перш за ўсё, патрэбна адзначыць, што найбольш развіты і жывы працэс назіраецца у вышываных ручніках, маючых і большы часавы ‘рэгістр’ у параўнанні з вядомым нам па беларускіх матэрыялах. Па кароткасці знаёмства і па абмежаванасці нашае тэмы мы не можам сказаць нічога болей за тое, што пры сучасным амаль парушаным стане захаванасці ўзорнаткацкіх традыцый звяртанне да вышываных ручнікоў для даследчыкаў чарнігаўскіх тканых ручнікоў будзе непазбежным. Узнаўленне амаль страчаных тыпаў тканых кампазіцый здаецца магчымым праз параўнанне з кампазіцыямі вышыванага арнаменту, як і відавочны – ўлік узаемаўплываў ткацтва і вышыўкі.
Тканыя ўзорныя ручнікі (большасць з разгледжаных – к. ХІХ – пач. ХХ ст.), на першы погляд, здаюцца бясконцым тыражыраваннем кралявецкіх ручнікоў і вясковымі перапевамі іх матываў, аднолькавымі для старонняга назіральніка. Уласна кралявецкая традыцыя – багацейшая і патрабуе асобнага і працяглага доследу. Нас жа цікавілі падоўжанні асобных традыцый, што маглі б спускацца з поўначы (альбо ўздымацца з поўдня да нас). На той жа першы погляд, яны былі цалкам адмененыя кралявецкімі ўзорамі – як кампазіцыйнай пабудовы, так і ўласна арнаментальных матываў. Усе ручнікі – белафонавыя, абсалютная большасць – тканыя кралявецкім пераборам (лускаватым, з чаргаваннем нітак асновы 1-3, з густым засцілам правага боку). Толькі паступова пачалі акрэслівацца адрозненні, у якіх праяўляліся глыбінныя, не закранутыя Краляўцом мясцовыя асаблівасці. Цяпер яны праглядалі у якасці слядоў даўніх фармальных і семантычных апазіцый.
Так падчас гэтага першага знаёмства з некалькіх дзясяткаў тканін вылучыліся каля дваццаці ручнікоў ‘з асаблівасцямі’, якія можна групаваць тэрытарыяльна. Гэта рэчы з працяглай паўночнай мяжы і з ‘сярэдзінных’ раёнаў Чарнігаўшчыны.
Паўночны захад (Рэпкі, міжрэчча Дняпра – Дзясны блізка ад яе вусця; праз Днепр, ніжэй вусця Сожа, – Брагін, з усходу – Замглайскія балоты, што аддзяляюць гэтыя мясціны. Шлях тут пракладзены ў ХVІІІ стагоддзі). Паласатыя, па полю – вузкія пруткі, па некалькі, напрыклад, красны-сіні-красны-сіні-красны. Узорны канец: адчуваецца мяжа сіметрычных і асіметрычных кампазіцый (с. Вярбіўка, с. Звенічаў). Кампазіцыі: а-б-а ў ‘чыстым выглядзе’ альбо з дадатковай в зверху (напрыклад, а - ‘расколкі’ расліннага выгляду, б - цэнтр тыпу ‘васьмірогі ў пагонах’, зверху в – наверсе кампазіцыі – прарослыя стрэлкі (назвы ўмоўныя, па аналагах нашых). Таксама пабудаваныя і пяціпалосныя ручнікі. Альбо асіметрычны: пяць палос, дзе ‘змагаюцца’ кралявецкія і ўласныя матывы (дадатковая паласа зверху калодкі – 4 мужчынскія постаці; 3 ‘свячніка’, 2 арла, пара крыжоў у ромбах, ‘глухоўкі’-‘самавары’). Калодкі паміж узорамі – двух тыпаў: паласатыя і ўзорныя (‘цаглінкі’ тыпу ‘вутак’).
Поўнач (Гародня, мяжуе з нашым Добрушскім раёнам). Пануе люстрана-сіметрычная кампазіцыя. Падобныя да дубраўскіх, але па ткацтву – больш архаічныя (лён па каноплі, лён па ільну). Больш грубыя і простыя – і ўзоры. Спалучаюцца геаметрычныя, раслінна-геаметрычныя, ‘кралявецкія’ матывы. У в. Макішын (завуць і Макошын) на Снове, па карце ніжэй за нашу Усохскую Буду, пяціпалосныя альбо сяміпалосныя люстрана-сіметрычныя ручнікі. Сярэдзіна – белая альбо з вузкімі чырвона-сіня-чырвонымі пруткамі, такія ж і калодкі. Перабор кралявецкі 3:1. Тут набыты і адзіны сяміпалосны ручнік з узорнымі калодкамі (‘крывулька’), дзе прыцэнтравыя сіметрычныя поласы выкананыя ў выбарнай тэхніцы, цэнтр жа і астатнія – у бранай (што маюць і дубраўскія тканіны). Узоры – ‘лапы’-‘ряшоткі’, ‘васьмірогі’, ‘глухоўкі’. Цэнтральная паласа вылучаецца значна большаю шырынёю. Усё гэта дазваляе бачыць у гараднянскіх ручніках працяг той жа традыцыі, што і ў Дубраўцы ды іншых вёсках уздоўж левых прытокаў Іпуці і ніжэй за яе вусце (у Сож). Цяпер можна падоўжыць тэрыторыю гэтага імпульса на паўднёвы усход да Снова, правага прытока Дзясны. Нагадаем, што і чырвонапалосныя ручнікі з Гараднянскага раёна маюць люстрана-сіметрычную кампазіцыю палос і белую сярэдзіну.
Чарнігаўскі раён –на поўдзень, вакол Дзясны (міжрэчча Дняпра –Дзясны, ніжэй за вусце Сожа, з усходу –Сноў у Дзясну). У Новым Бяловусе (на правым прытоку Бяловусе) ёсць рушнікі таго ж імпульсу: белафонавыя з пруткамі па белай сярэдзіне, што групуюцца па тры – пяць і маюць ‘сінюю’ адмеціну, калодкі шчыльныя паласатыя. Тут тая ж люстраная сіметрыя пяці палос (а-б-в-б-а). Напрыклад: а – развітая раслінная ‘крывуля’, б – ‘лапкі’-‘мядзьведзі’, в – цэнтральная шырокая паласа з параю працвіўшых па дыяганальным восям крыжоў-разетак. У Калычоўцы на левым беразе Дзясны бачым тую ж пяціпалосную кампазіцыю, але геаметрычныя сіметрычныя матывы змяняюцца кралявецкімі ‘бабамі’-‘свячнікамі’, сіметрыя перамагаецца выяўленчымі матывамі.
Аднак у Новым Бяловусе і Махнаціне (яны на правым прытоку Дзясны - Бяловусе, на захад ад р.Замглая, што цячэ з Замглайскіх балот) тая ж усходне-заходняя мяжа сіметрычнага і асіметрычнага імпульсаў. ‘Заходнія’ тканіны развіваюць непаўторныя матывы на сямі палосах і маюць дзве адметныя кампазіцыі. Яны альбо павялічваюць памеры ўзораў да цэнтру (уздзеянне люстранога імпульсу), альбо раўнамерна цяжэюць да нізу (‘дазамглайскі’ заходні асіметрычны імпульс). З выяўленчых матываў (птушкі, людзі, геральдычныя арлы, падсвечнікі), з раслінных хвалістых ‘крывуль’, з геаметрычных крыжоў, ‘расколак’-‘цярэшак’, разетак і г. д. – складаюцца кампазіцыі, якія адчуваюць месцы арнаментальных элементаў па іх ‘важкасці’ і памеру, а таксама па ярусных уяўленнях аб месцах птушак, людзей… Усё гэта вагаецца, тым больш, што калодкі – двух тыпаў: паласатыя і ўзорныя. На тых рушніках, дзе калодкі узорныя – усё амаль зліваецца у бесперапыннае пульсаванне арнаменту – ‘карціны’. Імкненне да маляўнічасці ператварае і ўзоры саміх калодак. На адным ручніку яны складаюцца з асобных 'катушак', на другім – гэта шэрагі амаль натуральных стрыкозак.
Побач, але на левым беразе Дзясны, на поўдзень – Кулікоўка. Паўночна-паўднёвая вось сіметрычных кампазіцый (Дубраўка – Гародня) тут перарываецца альбо заканчваецца (вв. Выблі, Грабіўка, Драздоўка). Ручнікі белафонавыя і з белаю ж сярэдзінай, маюць па пяць палос, як і на поўнач, але яны несіметрычныя. Парадак чаргавання матываў: а-б-в-г-в. Тут – адзінае месца, дзе ўзнікаюць рыпсавыя чырвоныя калодкі (аднапалосныя і падвойныя) і сляды іншага рытму ў пераборы: 2-2. 'Прыпеў' матыву (в) нагадвае працэсы на паўночнай ўскраіне 'сіметрычнага імпульсу' – у стаўбунскіх ды іншых ручніках, што адчуваюць уздзеянне сіметрыі на ўласную асіметрыю.
У Мене (той, дзе чырвонапалосныя ручнікі мелі рытм а-б-б-а ды дадатковыя чырвоныя падоўжаныя поласы паўз 'берагі') на пераборным ручніку са Стольнага - звычайная тут кралявецкая тэхніка і арнаменты (уздоўж Дзясны – усяго кіламетраў семдзесят да Краляўца, які – у чатырох вярстах за сучаснай чарнігаўскай мяжою). Два чырвоных зігзагі ўздоўж усёй тканіны, фігуры ідуць зверху кампазіцыі адна за адной (3 'свячніка', арол, 'дрэва') і ўвасабляюць 'мадэль сусвету', але ніжэй – падзеленыя рудыментарнымі ўзорнымі калодкамі дзве паласы: пераробленая 'крывуля' і змененыя 'глухоўкі'. Быццам старая паласатая кампазіцыя адціснутая на ніз. У той жа час не падзеленыя калодкамі выявы верху – спадчына 'вертыкальнага імпульсу', як і падоўжныя зігзагі-'крывулі'.
Калі 'адправіцца' далей на паўднёвы ўсход да Палтаўскай вобласці, то трапім ў Барзнянскі раён (р.Борзна – у Доч – у Дзясну, левыя, ніжэй упадзення Сейма). Тут, на традыцыйным ручніку з геаметрычнымі матывамі (тыпу 'шашкі' – 'цярэшкі- расколкі') не адчуваецца ўжо ні 'вертыкальнага імпульсу', ні 'сіметрычнага'. Калодкі трохпалосныя, шырокія, палатняныя, сярэдзіна белая, рытм чаргавання ўзораў 3(а-б), г.зн., пара ўзорных палос, падзеленых калодкамі, паўтараецца тройчы.
На крайнім паўднёвым усходзе, ля мяжы Сумской і Палтаўскай вобласцяў – доўгі палатняны белафонавы ручнік з вузкімі пруткамі па сярэдзіне, мае рытм узорных палос на канцах 5(а-б), прычым іншых калодак няма, узор а можна лічыць і ўзорнай калодкай – асобныя элементы паміж чырвоных пруткоў, якіх не кранаюцца (Дзягтары Срэбнянскага раёна).
Абагульненне назіранняў.
Улік 'чарнігаўскіх' кампазіцый ва ўяўленні аб архаічных імпульсах узорнага ткацтва.
Сярод ручнікоў нашага рэгіёну доследаў найболей блізкія чарнігаўскім матэрыялам – белафонавыя ручнікі з паласатымі альбо ўзорнымі калодкамі. Але як у чарнігаўскіх, так і ў беларускіх, і ў рускіх памежных традыцыях існуюць два тыпы папярочна-паласатых ручнікоў – з сіметрычнаю і асіметрычнаю кампазіцыямі ўзорнага канца. Так, як мы адзначылі вышэй, сіметрычны тып – у гомельскага дубраўскага, у чарнігаўскага гараднянскага і часткова – ва ўласна чарнігаўскага ручнікоў. Асіметрычныя – белафонавыя ручнікі медзьведскай традыцыі Краснагорскага раёна і навазыбкаўскія тканіны Бранскай вобласці. Яны найболей блізкія да тых тканін, што набытыя на ўсход ад Чарнігава, у Кулікоўскім раёне. Зразумела, што і сённяшнія, і былыя землі Чарнігаўскай губерні найбольш адчулі на сабе і ўплыў кралявецкага ткацтва.
Аднак пытанне аб сіметрыі – асіметрыі – шырэйшае за працэсы на памежжы Чарнігаўшчыны і Гомельшчыны. Тут яно мае ў складзе ўдзельнікаў дыялогу – носьбітаў паласатых і ўзорных калодак. Таксама можна ўбачыць, што асіметрычныя імпульсы зыходзяцца адзін да аднога з захаду і з усходу. Заходні тып прадстаўляе кампазіцыі 'з пацяжэннем' палос арнаменту да нізу і больш нам знаёмы як па палескіх тканінах, так і па ручніках Цэнтральнай Беларусі. Усё больш пераканаўча ён павязваецца сучаснымі даследчыкамі з 'дрыгавіцкім' імпульсам (альбо, магчыма, з яшчэ больш архаічнаю спадчынаю паўднёва-заходняй групы ўсходніх славян). Усходні тып, калі першыя назіранні акажуцца не выпадковымі, у чарнігаўскіх ручніках дае раўнамернае чаргаванне двух матываў: вузкай і шырокай палос – з паўторам іх некалькі разоў: 3(а-б), 5(а-б) і г.д. Вужэйшая паласа падобная да ўзорнай калодкі. З гэтага пункту гледжання вызываюць цікавасць падобныя чаргаванні у ручніках уздоўж Бесядзі – з напрамкам на паўночны ўсход – і некаторыя веткаўскія матэрыялы. З дадатковымі ўдзельнікамі працэсу, а менавіта з носьбітамі чырвоных калодак, падобны працэс можна назіраць і ў міжрэччы Сожа-Бесядзі (традыцыі з паўторам аднолькавых палос ды тым жа чаргаваннем).
Аднак, удасца альбо не, вылучыць 'усходні' асіметрычны імпульс (ён можа аказацца і 'падковаю' адзінага паходжання) – бачна, што паміж заходняю і ўсходняю асіметрыяй існуе пругкі сіметрычны імпульс. Ён 'заканчваецца', па сённяшніх назіраннях, ля Чарнігава і апошнюю выразную сіметрычную традыцыю на поўдні дае ў Гараднянскім раёне.
Вышэй на поўнач сіметрычны локус пашыраецца. Дубраўская традыцыя ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці мае асноўны люстрана-сіметрычны тып, але дзвюх разнавіднасцяў: n-1-nі падоўжана-сіметрычны ручнік. Падоўжана-сіметрычныя тканіны – і ў Гомельскім раёне, да таго ж тут у Раманавічах выпрацоўваецца сіметрычная кампазіцыя 2а-3а-2а. Гэта сведчыць аб тым, што ў сіметрызацыю ўцягваецца вертыкальны бескалодкавы тып ручнікоў, якія спускаюцца з поўначы ды існуюць паміж заходнімі паласатымі асіметрычнымі тканінамі і ўласна люстрана-сіметрычным тыпам n-1-n. Аднак з паўднёвага ўсходу яшчэ дзейнічае ‘другі’ асіметрычны імпульс (з паўторам а-б альбо а-а-а… ). Такія – частка рушнікоў той жа дубраўскай традыцыі.
Узняўшыся на поўнач далей, атрымаем наступны ‘гарызантальны зрэз’ сіметрычных з’яў. Паміж Дняпром і Сожам вертыкальны тып імкнецца ператварыцца ў падоўжана-сіметрычны (Буда-Кашалёўскі раён). Па Сожу ‘языком’ спускаецца ды захапляе вусце Бесядзі вертыкальная прыснянская традыцыя. Паміж Бесяддзю ды Іпуццю сіметрыя ‘працуе з трыма тыпамі старых кампазіцый, як у Дубраўцы, і ў закружскіх ручніках, хоць яны старэйшага бранага тыпу. На Іпуці – старая бабовіцкая традыцыя n-1-n.
Вышэй сіметрычны працэс захоплівае браныя і закладныя ручнікі рагачоўскага тыпу (імкненне да сіметрыі, выдзеленне цэнтра). Ад Дняпра да Сожа такія ручнікі ідуць уздоўж пратокаў і ў чачорскай закладной традыцыі і ў бабіцкай бранай – зноў сустракаюцца з ‘усходнім’ тыпам асіметрыі: неаднакратны паўтор а-б, альбо а-а-а… У Кармянскім раёне, вышэй па Сажы, традыцыя ‘бабіцкага’ тыпу і актыўнае ‘рассоўванне’ браных палос закладнымі матывамі, такія ж пругкія рыпсавыя чырвоныя ‘вольныя палоскі’. Працэс сіметрызацыі характэрны і пераможны.
На другім баку Бесядзі ў Стаўбуне – тая ж сітуацыя дае чырвоны вынік і ваганне асіметрыі-сіметрыі. Міжрэчча Бесядзі – Іпуці выразна сіметрычнае. Тут – неглюбскія, верашчацкія тканіны тыпу n-1-n у дзясятках населеных пунктаў. Тое, што адны з іх па паходжанні чырвонакалодкавыя, другія – узорнакалодкавыя, прыводзіць да высновы, што сіметрычны імпульс уздзейнічае на розных удзельнікаў старога дыялогу. Сіметрычныя – Казацкія Балсуны, хоць маюць успамін аб асіметрыі ў дадатковых поласах узору зверху альбо ўнізе. Ад Краснай Гары на Бесядзі ў напрамку на поўнач да Краснаполля, што бліжэй да Сожа – той жа працэс ўзаемадзеяння асіметрыі – сіметрыі, але больш выразны. Краснагорскія і краснапольскія тканіны – аднаго тыпу. Сіметрыя перамагае ў іх, і тады гэта казацка-балсунскія аналагі. Асіметрыя ‘не здае пазіцый’ – і мы бачым на ручніках сіметрычныя групы, пацяжэнне арнаменту да цэнтру і – ‘дадатковыя’ непаўторныя поласы, найчасцей у верхняй частцы кампазіцыі. Краснапольскія тканіны ‘мнагаслоўныя’, яны быццам імкнуца выказаць важнае для кожнай з патаемных спадчын, што пакінулі ў падсвядомасці ткачыхі папярэднія розныя ўдзельнікі даўняга дыялогу (Лабачэўская. 2002. Іл. 126 –133). Пасля знаёмства з чарнігаўскаю калекцыяй нешта важнае прасвечвае ў разуменні белафонавых узорных палос, што палюбіліся і краснапольскім тканінам. Мернае ўзнаўленне паміж чырвонымі поласамі аднаго і таго ж белафонавага матыву (Лабачэўская. 2002. Іл. 127) нагадвае ўзорныя пераборныя белафонавыя калодкі, характэрныя для часткі чарнігаўскіх і для дубраўскіх ручнікоў, а ў агульным кантэксце – і тыя больш старыя ўзорныя браныя калодкі, што захаваліся ў бабовіцкай і шэрагу іншых традыцый на ўсходняй мяжы чырвонакалодкавых традыцый. Такія браныя калодкі як рудымент сустракаюцца і ў чарнігаўскіх тканінах. Яны фіксуюць узаемадзеянне ўсходняга асіметрычнага імпульсу з сіметрычным імпульсам, што ўздымаецца на поўнач паміж заходнімі і ўсходнімі паласатымі тканінамі.
Аднак чым вышэй на поўнач, тым больш бачна, што заходнія паласатыя ручнікі, з тэндэнцыяй пацяжэння арнаменту да нізу, адціскаюцца далей на захад тым вялікім ‘языком’ вертыкальных кампазіцый, што спукаецца па Сажы да вусця Бесядзі. Ён у змененым выглядзе яшчэ пульсуе ў падоўжана-сіметрычных тканінах браных гомельскіх і добрушскіх (дубраўскіх) тканін.
Яшчэ вышэй, на заходнім баку Бярэзіны, – ужо ‘чысты’ заходні паласаты тып (асіповіцкія тканіны). На ўсход – паміж Ольсаю (левым Бярэзіны) і Друццю (правым Дняпра) – кіраўскія вертыкальныя ручнікі . Уздоўж Дняпра, на ўсход – ‘заходні’ тып узаемадзейнічае з вертыкальным і дае слаўгарадска-быхаўскія паласатыя ручнікі з вертыкальнымі матывамі на пашыраных поласах. Іншыя слаўгарадскія – вертыкальныя і адчуваюць подых люстраной сіметрыі. У Быхаўскім жа раёне зліваюцца ў вертыкальную кампазіцыю матывы ‘лапа – кручча’, што ніжэй падзяляюцца чырвонымі калодкамі ў Бабічах на левым беразе Сожа. Яшчэ на ўсход – у Крычаўскім раёне на Сажы – краснапольскі тып з удзелам чырвонафонавых і белафонавых палос у адной кампазіцыі, ён дацягваецца сюды са Слаўгарада, аднак матэрыялы нам амаль невядомыя. Лявей жа Сожа, гэта на паўднёвы ўсход, у Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Хоцімскім раёнах Магілёўскай вобласці, у міжрэччы Сожа ды Іпуці – знаёмая нам сітуацыя з удзелам ‘роўнапалосных’ ручнікоў ‘усходняга’ тыпу. Аднак калі ў чарнігаўскіх тканінах сляды ‘роўнапалоснай’ кампазіцыі захаваліся толькі ў чырвонапалосных і пераборных узорных ручніках тыпу 3-5(а-б) і толькі на усходзе(вельмі адносныя і абрывачныя звесткі першых назіранняў), то ў Магілёўскай вобласці – архаічныя браныя роўнапалосныя чыны. Такому а-а-а… мы спярша падзівіліся ў валосавіцкай традыцыі ў Чачэрскім раёне, але там – у чырвонакалодкавым атачэнні. Тут жа, на крайнім усходзе Магілёўшчыны, усе варыянты узаемадзеяння роўнапалоснага чыну з рознымі ўдзельнікамі. Гэта і ‘рассоўванне’ браных палос (і нават ператварэнне іх ва ўзорныя калодкі) вышыўкаю, закладным ткацтвам. Гэта і той жа працэс, але з удзелам чырвоных калодак, гэта і дубляванне функцый калодак – чырвонымі поласамі і вузкімі ўзорнымі паскамі паміж імі. Асіметрыя – родная для гэтых ручнікоў. І нам здаецца, што гэта – ‘усходні’ тып яе.
Каб быць паслядоўнымі ў назіраннях за тыпамі ручнікоў, уздымемся яшчэ вышэй ўздоўж Дняпра. Магілёўскія, шклоўскія, горацкія тканіны (па назвах раёнаў) – працуюць з вертыкальным тыпам кампазіцыі. Сіметрычны імпульс тут ўжо не дзейнічае. Побач Смаленская вобласць, ды і самі гэтыя тэрыторыі археалагічна – крывіцкія.
У выніку нашага стамляючага падарожжа нам удалося, здаецца, высветліць для сябе некаторыя непарыўныя ‘ізаглосы’ у бясконцай зменлівасці традыцый тканых ручнікоў.
Адказ на пытанне аб тэрытарыяльным распаўсюджванні люстрана-сіметрычнага імпульсу месціць яго ў выглядзе ‘чоўна’, арыентаванага з поўдня на поўнач. Ягоны памер – ад поўначы Чарнігаўшчыны да сярэдзіннай Магілёўшчыны. Падобна энергетычнаму полю, імпульс гэты ўбірае ў сябе самыя розныя з’явы, узаемадзейнічае па краях з іншымі імпульсамі, ператварае ў зоне свайго дзеяння як паласатыя (заходнія і ўсходнія) традыцыі, так і паўночныя вертыкальныя. Магчыма, захаванне на ягонай тэрыторыі самых архаічных чыноў – сведчанне архаічнасці і яго самаго. Гэта сярэдзінные землі радзімічаў.
‘Толькі далейшае тэрытарыяльнае пашырэнне доследаў ткацкіх традыцый дасць новыя адказы і новыя пытанні аб неверагодна захапляючай з’яве – аб істоце і адвечна ўзнаўляемым тэксце – аб ручніку ды ягоных арнаментах, што здаюцца формуламі і канстантамі нашае духоўнай культуры.