Г.І. Лапацін

Рэпертуар любоўных замоў у зборы Веткаўскага музея народнай творчасьці традыцыйны для тэкстаў падобнага жанра, прынамсі: “Гукаць жаніха”, “Любша”, “Любоўная”, “Прылюбка”, “Загавор на любовь”, “Присуха”, “Отсуха”, “Хлопца прываражыць”, “От тоски”, “Ад нуды”, “Калі ухажор кінуў”, “На мир у доме”, “На любоў у доме”. У шэрагу выпадкаў замовы называюць па аб’ектах, да якіх зьвяртаюцца выканаўцы, прынамсі: “Да зор”, “Да ракі”, “Заговор солнцем”, “Да маладога месячка”. Адзначым адразу, што толькі адна з іх выконваецца ад імя мужчыны. Колькасна ж у агульным зборы музея яны займаюць даволі сьціплае месца. Гэта зразумела. Носьбіты традыцыі дзеляцца імі меньш ахвотна, чым замовамі лекавымі, зьмеяборчымі льбо гаспадарчымі.

Стаўленьне да любоўных замоў у жыхароў нашых вёсак далёка не адназначнае. Іх перапісваюць і захоўваюць у сшытках, за іх хапаюцца як за апошні паратунак, і іх жа супрацьстаўляюць сапраўднаму каханьню: “Любшы” нет. Есьлі нет чувства ў душэ, ніякая “Любша” не паможа, пакуль не загарыцца свой агонь”.[1] Выкарыстаньне падобных тэкстаў і спадзяваньне на іх лічыцца грахом. У гэтым плане падаецца цікавым успамін адной вясковай жанчыны пра сваю стрыечную сястру: ““Любшу” шопчаць, штоб любілі, прывароты… Но яна гаворя, што ета плахоя дзела: “Я етым не займаюсь”. Знаць яна знала, но гаворя, што ета гряшно: “Гряшно ета дзелаць. Любоў даўжна прыходзіць ад душы, а не ад злога. Любіць доўжын чылавек душэўна, а не ад злога, што ета злога нада вызываць. Нада, — гаворя, — нячыстаю сілу вызываць. Не паложана етага дзелаць. Гряшно”. Яна ўсё-усё ета знала, што сушчаствуя і ета калдоўства, но яна етым не займалась, яна дзелала толькі добрыя дзяла, рятавала людзей”. [2] Чалавек у адносінах да якога прымянялі “Любшу”, пачынаў хварэць, мучацца, нудзіцца, сыходзіць з розуму: “Када, ні дай, Бог, з вамі… Ужэ пачуствавалі… Ходзіця… А якая ўжэ, можа, ўлюбілась у вас… І дзелаюць. Такоя дзелаюць, што людзей ума лішаюць”. [3] Менавіта гэтага і намагаецца выканаўца замовы: “Уподи, моя тоска тоскучая, сухота сухучая, прямо рабо божему в серца, у печёнку, у лёгкия, штоб он жил не заживал, спал не засыпал, думал не задумывался, а всё горевал и тосковал о рабо божей”. [4]

І сапраўды, большай часткай любоўныя замовы звычайна адносяць да рэпертуару ведзьмакоў (калдуноў). У нашай ранейшай публікацыі, прысьвечанай непасрэдна ведзьмакам, мы ўзгадвалі пра іхнія здольнасьці разлучаць і зводзіць людзей, прынамсі: “… а ты, ведзьма, улюблённа, а ты ведзьма — разлучніца… ” [5] Адсюль узьнікаюць “Прысушкі” і “Адсушкі”. Адсюль і наступнае: “Яна багата знала, і пробывала, вот гуляюць-гуляюць, дзеўка хоча, а он іё ні хоча браць, так прыдуць, вады нагавора, а ана тады, то ў боршч каплю вады, і туды-сюды — пажэняцца. Любшы знала і атвароту”. [6] Апісаны ў гэтым аповедзе рытуал рэалізуецца ў тэксьце наступнай замовы: “Добрае утра, зоры, зараніцы, вы – месяцевы памашніцы, вы далека відзіце. Еслі відзілі майго любімага, то паляціце ў мора, пакладзіце маю пячаль у ваду. Нараджоны, хрышчоны будзя піць, будзя мяня, нараджонаю, хрышчонаю, любіць”. [7]

Не хрысьціянская прырода падобных тэкстаў падкрэсьліваецца і ўмовамі, у якіх яны выконваюцца, па вызначэнні саміх інфармантаў: “Не хрысьцяцца, не моляць і перад іконамі не чытаюць, а ў двары, у калідоры” [8]. Адсюль і адсутнасьць напачатку замоўых тэкстаў традыцыйных для большасьці замоў просьбаў аб дапамозе, зьвернутых да Ісуса Хрыста і Багародзіцы. Адсюль і тое, што падзеі некаторых любоўных замоў адбываюцца ў лазьні, якая, як нежылое памяшканьне, вызначаецца “адсутнасьцю такіх адзнакаў чалавечай прасторы, такіх як абразы, сьвечкі і падобныя ім атрыбуты” [9, 269]: “Выду я рана-раненька. Пайду у баню. У бані даска. Пад даской таска. Даску ўзарвіце. Таску вазьміце. Нясіце ўручыце… ” [10]. Адсюль і тое, што выканаўца рытуалу, што адбываецца ў падобнай замове, выходзіць праз “вароты няцёсаныя”. З падобнымі дзеяньнямі ведзьмакоў, якія выходзілі “задамі”, мы сутыкаемся ў былічках пра ведзьмакоў.

Аднак нехрысьціянская прырода гэтых тэкстаў — зусім не абавязкова антыхрысьціянская. У шэрагу памочнікаў у замовах выступаюць не толькі відавочна антыхрысьціянскія сілы, такія як чэрці, сатана ды інш., але і самадастаткова выступаюць сілы дахрысьцінскія: сонейка, зоры, месяц, а таксама печка у самых розных яе праявах і ўвасабленьнях, прынамсі: загнет, комін, агонь, дым. Апошняе зразумела, калі ўлічваць тое, што печка з’яўляецца ўвасабленьнем хатняга агменя, які для язычніка выконваў ролю алтара. У гэтым плане цікавым падаецца замова, запісаная намі пад назвай “Гукаць жаніха”: Затапіць камін, печку, развясці агонь і гаварыць: “Дым, дымочак, ляці ў камяночак. Ляці, вяртайся, а ты (імя) ка мне ў дом прывятайся”.[11] Калі ўлічваць, што агмень у аглядаемую для этнаграфічных даследаваньняў эпоху з’яўляўся сімвалам сям’і, то тут відавочная з боку дзяўчыны спроба ўвесьці абранніка ў кола сям’і. Акрамя ўсяго іншага, гэта падкрэсьлівае тое, што любоўныя замовы — адны з самых старажытных.

На наш погляд, такое стаўленьне да любоўных замоў проста як да магічнага тэкста, з дапомогай якого можна “адсушыць” альбо прысушыць”. Любоўныя замовы — гэта не проста намаганьні прабудзіць да сябе цікавасьць з боку асобы супрацьлеглага полу. Любоўныя замовы максімальна ахопліваюць і ў вышэйшай ступені этнаграфічна адлюстроўваюць ўсе адносіны, усе пачуцьці, што ўзьнікаюць паміж мужчынам і жанчынай на працягу ўсяго жыцьця. Зафіксаваныя намі тэксты любоўных замоў дазваляюць рэканструіраваць увесь жыцьцёвы шлях дзяўчыны ад дашлюбнага перыяду з дзявоцкімі варожбамі, прынамсі, на тэму “парнае – няпарнае”(“З кім мне век векаваць, прыдзі мой трыпутнік шчытаць, за табой штоб мне бываць” [12]) да сватаньня ў доме жаніха з пераходам пад свалком (маціцай): “Столь надо мной, усе за мной и ты, сволок, мне в помочь”. [13] Згодна народных традыцый, да пэўнага моманту сваты за маціцу не заходзілі. [14]

Дзяўчына марыць аб вялікім каханьні з боку будучага мужа: “… штоб руки-ноги мне мыл и руду мою пил, и до смерти меня любил”[15]. Яна прэтэндуе на месца ў цэнтры сусьвету: “Штоб яму раба /імя/ была любшэ краснай дзявіцы, любшэ роднай сястрыцы, любшэ чужой маладзіцы”. [16]

І, разам з тым, за межамі замоў не застаюцца і палавыя адносіны, якія заўсёды існуюць паміж жанчынай і мужчынам: “Щёб на мине П. старчком, а на другую ляжком, щёб на Н. из серцем, а на другую з перцем”.[17]

У апошнім прыкладзе празрыста ўзьнікае і тэма любоўнага трохкутніка, такая самая, як і ў наступным: “Шатнися, шатнися, шатница, по чужим жизням и по домам, як под деревом отрубайся, як под землёй откапайся и у маю жизнь другая не мешайся”. [18]

Дзяўчына добра разумее, што яна павінна быць прынята ўсімі сямейнікамі новай сям’і, новага калектыву, адсюль у замовах узьнікае наступнае: “Так як у хаце печь, щёб усюдах была мая речь. Як у хаце свящённая паска, так щёб ад усих у хаце была от П. ко мне ласка”.[19] “… чтоб раба божья (имя) была мила, люба и прыгожа и старым, и малым, и всему настоятельству” [20].

Безумоўна, у большасьці любоўных замоў, там дзе захоўваецца чысьціня жанра, нібыта падкрэсьліваючы іх нехрысьціянскую прыроду, адсутнічаюць традыцыйныя Ісус Хрыстос, Багародзіца, сьвятыя пакутнікі і ўгоднікі. Аднак, трэба адзначыць, што разам з традыцыйнымі для гэтага накірунку “Адсушкамі” і “Прысушкамі”, існуюць замовы наступнага кшталту: “Ад нуды”, “На мир у доме”, “На любоў у доме”, “Снять ненависть мужа”, у якіх хрысьціянскія матывы, а гэта — Ісус Хрыстос, Багародзіца, вялікія сьвяты, сьвячоная вада, сьвячоная вярба займаюць трывалае месца. Мэты падобных замоў дыктуюцца надзённымі жаночымі клопатамі і вызначаюцца і канкрэтызуюцца самім тэкстамі: “… помоги, Господи, и мне у маей жизни, у здаровью, у хозяину и у детях”. [21] Альбо як гэта адбываецца ў замове з відавочна вызначанай назвай “Да вярбы”: “Пока этой вербе за иконой стоять, в моём доме покою всё время бывать”. [22]

У пэўнай ступені гэтыя тэксты можна суаднесьці з тэкстамі зьмеяборчымі. У прасторы гэтых тэкстаў выканаўцу замоў прыходзіцца змагацца за раўнавагу ў сямейных адносінах, парушаную недабразычліўцамі і зайздросьнікамі. У гэтым плане паказальны наступны тэкст: “Госпади, спасай и верни жизнь у день пад ясным сонцам, а у ночы пад ясным месяцам, пад дробными звездами, городи каменную сцяну от небо и до земли и загаваруй своими хормами губы и зубы рабо божаму П. на Н. щёб рабо божы П. и Н. не разяуляли рта и зуб не выскаляли, щёб рабо божы П. и Н. здавалися у поли диким каменем, а у леси зяленым яварам”.[23] Аналогія з адмысловымі зьмеяборчымі замовымі відавочная. Тым больш, што ў ролі памочніка выступае “самы галоўны” зьмеяборца сьв. Юрый: “Ишла прасвятая Мати Богородица сребряным мостом, попиралася сребряным поцапам. Сустрэў яе святы Юрай Ягорай и пытае у яе: “Куды, Прасвятая Мати Богородица, идзеш?” –— “Иду к рабо божаму П. у дом”. – “А ты куды идзеш, расвяты Юрай Ягорай?” — “Иду к рабо божаму П. у дом жизнь наладить.[24] І зусім прамая аналогія са зьмеяборчымі замовамі ўзьнікае ў наступным тэксьце “Ад нуды”: “Ты ж, Мацерь Гасподняя, хадзіла, гуляла па чыстых палях, па цёмных лясах, па шчырых барах, па вішнёвых садах, хадзіла, гуляла, дзьвенаццаць ключоў брала, зьмею-чарадзейніку і зьмяе-чарадзейніцы губы, зубы замыкала, пад купава дзерава клала, на хрысьціянскі народ свой Дух пускала і рабу Божжаму Івану ад нуды, таскі, скукі, мукі, ненавіьсьці, нарядкі, іспугу помачы давала… ” [25]

Такім чынам, любоўныя замовы, зьведзеныя разам, ствараюць суцэльную, з усёй паўнатой адценьняў карціну жыцьця жанчыны як дзяўчыны, нявесты, жонкі, маці, хатняй гаспадыні.

Крыніцы:

1. Ад п-кі з в. Старае Закружжа Веткаўскага р. Кужэльнай Праскоўі Сяргееўны, 1934 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2011 г. у Ветцы. Сш. 121. Ар. 38.

2. Ад ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Герасіменка Ганны Іванаўны, 1931 г. н. зап. Лапацін Г.І. у 2011 г. Сш. 131. Ар. 18.

3. Ад ж-кі в. Шарсьцін Веткаўскага р. Фелькінай Валянціны Іванаўны, 1950 г. н. зап. Лапацін Г.І у 2011 г. Сш. 126. ар. 25.

4. Са сшытка, які належыць ж-цы в. Дубраўка Добрушскага р. Церашковай Галіне Якаўлеўне, 1939 г. н., скапірваў Лапацін Г. І., у 2002 г. Церашкова Галіна Якалеўна запісала ад Пузікавай Надзеі Васільлеўны (1924-2001), Сш. 76. Ар. 76.

5. Лапацін, Г.І., Ведзьмакі. З назіраньняў над тэкстамі замоў з матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый Веткаўскага музея народнай творчасьці. // Г.І.Лапацін / Материалы международной научно-практической конференции “Российско-Белорусско-Украинское пограничье: аспекты взаимодействия в контексте единого социально-культурного пространства”. Материалы международной научно-практической конференции. г. Новозыбков Брянской обл. 21-22 октября 2010 г. /Ред. кол. В. Н. Пустовойтов, С. Н. Стародубец, А. В. Шлома. — Брянск: РИО БГУ, 2010. — С.222 — 226.

6. Ад пер-а з п. Осава Веткаўскага р. Мяжэннага Паўла Емяльянавіча, 1926 г. н. зап. Лапацін Г.І. у 2005 г. у Ветцы. Сш. 8. Ар. 16.

7. Са сшытка, які належыць ж-цы Веткі Цішковай Алене Анатольлеўне, 1964 г. н., пер. Лапацін Г. І. у 2001 г. Тэкст паходзіць ад Нікіцінай Веры Васільеўны (1920-1990) — ж-кі в. Старае Сяло Веткаўскага р. Сш. 101. Ар. 7.

8. Ад ж-кі в. Барталамееўка Веткаўскага р. Еціпнёвай Матроны Цітаўны, 1919 г. н., зап. Лапацін г. І. у 1993 г., Сш. 52. Ар. 56.

9. Валодзіна, Т. Лазня // Т. Валодзіна // Міфалогія беларусаў. Энцыкл. слоўн. / Склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка. — Мн.: Беларусь. — 2011. — 607 с.

10. Ад п-кі з в. Старае Закружжа Веткаўскага р. Ксянзовай Соф’і Кірылаўны, 1914 г. н., зап. Лапацін Г. І. у Ветцы, у 1993 г., сш. 54, л. 28

11. Са сшытка, які належыць ж-цы Веткі Цішковай Алене Анатольлеўне, 1964 г. н., скапіраваў Лапацін Г. І. у 2001 г. Тэкст паходзіць ад Нікіцінай Веры Васільлеўны (1920-1990) — ж-кі в. Старае Сяло Сш. 101. Ар. 1.

12. Ад ж-кі в. Нясвоеўка (Хутарок) Навазыбкаўскага р. Лямцавай Марыі Радвівонаўны, 1928 г. н., зап. Новікава Л. А. у 2002 г. Сш. 11. Ар. 23.

13. Са сшытка, які належыць ж-цы в. Дубраўка Добрушскага р. Церашковай Галіне Якаўлеўне, 1939 г. н., пер. Лапацін Г. І., у 2002 г. Церашкова Галіна Якалеўна запісала ад Пузікавай Надзеі Васільлеўны (1924-2001), Сш. 76. Ар. 76.

14. Байбурин, А.К. Жилище в обрядахи представлениях восточных славян/ А.К. Байбурин. — Ленинград: Наука. 1983.— 191 с.

15. Ад ж-кі в. Малыя Нямкі Веткаўскага р. Марыі Мікалаеўны Жураўлёвай, 1947 г. н. , зап. Лабацкая Г. А. у 1996 г. Сш. 59. Ар. 8.

16. Ад ж-кі в. Барталамееўка Веткаўскага р. Еціпнёвай Матроны Цітаўны, 1919 г. н., зап. Лапацін г. І. у 1993 г., Сш. 52. Ар. 56.

17. Са сшытка, які належыць ж-цы в. Дубраўка Добрушскага р. Церашковай Галіне Якаўлеўне, 1939 г. н., скапіраваў. Лапацін Г. І., у 2002 г. Церашкова Галіна Якалеўна запісала ад Пузікавай Надзеі Васільлеўны (1924-2001). Сш. 76. Ар. 75.

18. Таксама.

19. Таксама.

20. З лістокў, якія належаць ж-цы в. Казацкія Баўсуны Максіменка ВользеЦімафееўне, 1929 г. н., пер. Лапацін Г. І. у 2006 г. Сш. 99. Ар. 92.

21. Са сшытка, які належыць ж-цы в. Дубраўка Добрушскага р. Церашковай Галіне Якаўлеўне, 1939 г. н., скапіраваў Лапацін Г. І., у 2002 г. Церашкова Галіна Якаўлеўна запісала ад Пузікавай Надзеі Васільлеўны (1924-2001), Сш. 76. Ар. 76.

22. Са сшыткаў, што належаць ж-цы в. Данілавічы Чуяшковай Екацярыны Еўдакімаўны, 1931 г. н., скапіраваў Лапацін Г. І. 2008 г. Сш. 127. Ар. 37.

23. Са сшытка, які належыць ж-цы в. Дубраўка Добрушскага р. Церашковай Галіне Якаўлеўне, 1939 г. н., скапіраваў Лапацін Г. І., у 2002 г. Церашкова Галіна Якаўлеўна запісала ад Пузікавай Надзеі Васільлеўны (1924-2001), Сш. 76. Ар. 76.

24. Таксама.

25. Ад ж-кі в. Казацкія Балсуны Веткаўскага р. Максіменка Вольгі Цімафееўны, 1929 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2003 г. Сш. 99. Ар. 61.

Генадзь Ісакавіч Лапацін,
вядучы навуковы супрауоўнік Веткаўскагя музея
стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава.

Апублікавана: Материалы ХIV Международной научно-практической конференции “Традиционная культура на территории Российско-Белорусского пограничья: историко-этнографический и лингвокультурологический аспекты”(г. Новозыбков, Брянская область, 14-15 ноября 2012 г. ) / Под ред. С.Н. Стародубец и др. — Брянск: РИО БГУ, 2012 . — 473 с. С. 256 — 262.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика