Апублікавана ў часопісе «Беларускі музей».
Кастрычнік, 2019
Галіна Рыгораўна Нячаева,
намеснік дырэктара Веткаўскага музея стараабрадніцтва
і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава
Выява Багародзіцы з палымяным пунсовым абліччам, у чырвоным мафорыі лічыцца адной з таямніц веткаўскай іканаграфіі. Некалі была выказана думка аб «ажыўленні стараабрадцамі маці». Потым — аб вальнадумстве і нават недазволенай адвольнасці небывалага жывапіснага рашэння. Цяпер, калі адносіны да мастацкай актыўнасці старавераў і іх спадчыны зноў робяцца больш асэнсаванымі, меркаванне пра старажытнасць паходжання вобраза вяртаецца. Аднак стараабрадчым мастакам зноў адводзіцца пасіўная роля недасканалага капіявання. Дзе, як не «на Ветцы», паставіць пытанне аб жывым напаўненні вобраза Марыі з вогненным лікам? Нездарма гэтае духоўнае полымя прысутнічае і ў лёсе цэнтра стараабрадніцтва: двойчы ў XVIII ст. Ветку выпальвалі ўшчэнт за вальнадумства і актыўнасць… Выстава, прысвечаная «Агнявіднай» і падрыхтаваная Веткаўскім музеем, абяцае быць яскравай з’явай. Для разумення вобраза яна сабрала яркія, сапраўды «палымяныя» помнікі (толькі арыгінальных твораў — да 20). Экспазіцыя працуе ў філіяле нашага музея ў Гомелі да кастрычніка.
Шмат гадоў Веткаўскі музей даследаваў сюжэт «Агнявіднай». Мы мелі магчымасць разглядаць іканаграфію ў кантэксце магутнай веткаўскай культуры былога стараабрадчага цэнтра, які квітнеў на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага і дасягнуў вяршыні развіцця ў XVIII ст. Так, вобраз Марыі з палаючым тварам — толькі частка мясцовых твораў з вогненнаю семантыкай: «Сафія Прамудрасць Божая», «Спас Добрае маўчанне», «Архангел Міхаіл-ваявода» ды іншыя «бясплотныя сілы», сімвалы Евангелістаў… Усе яны бываюць з вогненнымі лікамі. «Сабор архангела Міхаіла», «Страшны суд», «Неапалімая Купіна», «Успенне», «Вогненнае ўзыходжанне Іллі-прарока» напоўнены вобразамі агню. «Спас Нерукатворны» на чырвоным фоне абруса, «Божая Маці Аўсяпетая» ў пунсовым мафорыі з залатымі аблокамі… Гэта сведчыць аб цэласнай іканаграфічнай праграме на Ветцы. Апошні датаваны помнік веткаўскай школы — ікона 1929 г. работы Рыгора Рагаткіна «Іаан Багаслоў у маўчанні». І гэты позні помнік мае дачыненне да «агнявіднай» тэмы: у апостала на плячы сядзіць анёл «Сафія Прамудрасць» (часам ён мае пунсовае палымянае аблічча).
Палымяныя Марыі
У зборы нашага музея — больш за дзясятак ікон «Вогнегаловай» (яшчэ адна народная назва «Агнявіднай»). У экспедыцыйных запісах — дзясяткі фіксацый легенд, запісаных ад жыхароў стараабрадчых слабод да іх адсялення ў 1987-1991 гг. З цягам часу да нашых уласных матэрыялаў далучыліся літаратурныя звесткі па «вогненных Марыях» у заходніх і паўднёвых славянскіх народаў. Сумесная праца з Гомельскім музеем таксама вызначыла цудоўныя ўзоры гэтай веткаўскай іканаграфіі. Кодавае слова «Агнявідная» прагучала ў навуковых працах і апісаннях музейных калекцый маскоўскіх, бранскіх, адэскіх, вінніцкіх, кіеўскіх, уральскіх-неўянскіх, новасібірскіх даследчыкаў. Гэты сюжэт ёсць і ў Румыніі, у стараабрадцаў, якія памятаюць аб тым, што яны з Веткі. Малдова нават выпусціла паштовую марку як адзнаку незвычайнай іканаграфіі на яе землях. На Далёкім Усходзе, куды шляхі веткаўцаў таксама вялі, паблізу ад Уладзівастока, ёсць скіт у гонар гэтага абраза.
Звернемся да семантычнай структуры вобраза, даступнай у нашым рэгіёне, па звестках жывой культуры шанавання іконы і ў шырокай парадыгме варыянтаў жывапісу. У чым варыянты лаканічнага аплечнага вобраза Марыі з вогненным лікам? Напрыклад, у разнастайных прыёмах пластыкі. У розных адценнях псіхалагізму вобраза, бо ў кожным — «увасобленая малітва» і ўяўленні аб зменлівым абліччы ідэала. У розных тэхніках выканання і аздаблення абраза: у разьбе па дрэве, ляпным ляўкасе, у гравіроўцы па ляўкасе, у жывапісе, шыцці, чаканцы. Альбо ў статыстыцы імён святых, якія змяшчаліся на палях ікон «Агнявіднай», — яны склалі цэлую парадыгму гаючых і, як бы сказалі цяпер, псіхааналітычных функцый уласна самой палымянай Багародзіцы. Неабыякавымі аказаліся да «Агнявіднай» адбор і спалучэнні розных сюжэтаў у так званых «шматчасткавых» іконах. Матэрыялы сведчаць аб веткаўскім «інфармацыйным пульсары». Але калі ён фармаваўся і быў найбольш актыўны? Ад заснавання Веткі ў 1682 г. тут ствараўся духоўны цэнтр і назапашваўся іконаграфічны «банк дадзеных», шукаліся шляхі новага мастацкага ўвасаблення былых непарушных ісцін. Тут іконнае мысленне з яго зваротнай перспектывай сустракалася з прасторавым пачуццём барочнага і ракайльнага «кругагляду». Тут багаслоўскі вобраз пагружаўся ў канцэнтрат традыцыйнага народнага светаадчування…
Падчас барацьбы з іконашанаваннем гэты абраз, які хавалі за люстэркам, кінуў у агонь імператар-іканаборац Феафіл. Ікона не згарэла, а толькі спяклася, ад чаго лік Божае Маці зрабіўся чырвоным, вогнепадобным. Менавіта гэты абраз быў вядомы стараабраднікам як «высакагрэчаскі» ўзор, вобраз і міфалагема для вогненнай Маці Божай.
Акафіст Новага часу
Пачатак XVIII ст. Рукапіс «Солнце пресветлое» (1715-1716) прысвечаны абароне іконашанавання. Новы час паставіў пытанне іканаборства нанава: пратэстантызм адмовіўся ад іконы, жывапіснага ўвасаблення Бога наогул; артадаксальны свет абараняў з’яву, але і сам пераходзіў да «жывападобнай» выявы святых, да рэлігійнага жывапісу. Стараабраднікі веткаўскага толку ведалі цуд традыцыйнага іканапісу і стараліся з’яднаць стылістыку Канона і рыторыку стыляў Новага часу — барока, нават ракако, якія панавалі і ў ВКЛ. У гэтых абставінах і сама візантыйская легенда аб вогнеаблічнай Багародзіцы «Кафрэпціс» набірала новай моцы. Значыць, аб ёй ведалі.
Рукапіс «Сонца» стварае вартаўнік Маскоўскага крамля Сімяон Махавікоў, пісьменнік і тайны стараабраднік. Тэкст суправаджаюць 87 гравюр. Яны збольшага належаць маскоўскаму «грыйдару» Рыгору Цепчагорскаму.
Цяпер аб месцы знаходкі і яе культурным кантэксце. Упершыню рукапіс знаходзіць маскоўская экспедыцыя МДУ ў пачатку 1970-х, праз 250 гадоў пасля стварэння зборніка. Гэта адбываецца на стараабрадчым Старадуб’і ў Клінцах (зараз памежны з Веткаўскім раён Бранскай вобласці). Старадуб’е павязанае з веткаўцамі гісторыяй агульнай Веткаўскай царквы, духоўнымі, мастацкімі, прамысловымі, купецкімі, шлюбнымі і міграцыйнымі сувязямі і рухамі. Гэты «стараабрадчы Іерусалім», у якім лік манахаў і паслушнікаў ішоў на тысячы чалавек, быў адзіны ў разгляданы час «ува ўсім праваслаўным свеце».
Рысы і рыскі
У рукапісе Махавікова няма жывапіснай выявы «Агнявіднай», а нават калі і ёсць іканаграфічныя схемы іншых ікон, дык яны не малюнкі ў фарбах, а лінейныя, гравюрныя, чорна-белыя, графічныя рысы і рыскі. І для іканапісцаў узнік нанава архетыпічны прэцэдэнт іконатварэння: гравюры — быццам тыя ж лінейныя прорысы, што здымаліся з абразоў сотнямі гадоў. Жывапісная структура ўзораў у гравюры скасаваная. Увасобіць жывапіс трэба і магчыма ў іканапіснай манеры. І далейшае развіццё іканаграфіі «Агнявіднай» на Ветцы вызваліла моцны патэнцыял творчай энергіі палымянага жывапісу. Да таго ж так праявілася і багацце індывідуальных почыркаў мастакоў.
Наступная дата, калі з’яўляецца назва «Агнявідная», — 1815 г. Гэта ўжо друкаванае выданне Пачаеўскай Лаўры — «Святцы». Пачаеўская Лаўра на той час — уніяцкі манастыр. І Святцы заказваюць стараабраднікі (стараабрадніцкія заказы ўніяцкім друкарням — асобная гісторыя). Верагодна, заказчыкі — кола духоўных лідараў Пакроўскага манастыра (у 1764 г. быў перавезены з Веткі ў Старадуб’е, з 1765-га — найбуйнейшы цэнтр стараабрадніцтва) і Клінцоўскай друкарні.
Грамнічны след
Некаторыя даследчыкі лічаць, што іканаграфія Божай Маці Агнявіднай звязаная са святам Стрэчання. Польскае і беларускае Свята Грамніц, антынавальнічая моц грамнічных свечак, вобраз «Вогненнай Марыі»… Развіццё веткаўскага іканапісу ў ВКЛ робіць гэтую лінію рэзанансу вобраза слушнай. Тым больш што ёсць і твор каталіцкага характару аздаблення. Па датах праваслаўнага календара, 10 лютага (23 н.ст.) — якраз дзень аддання свята Стрэчання. Трэба адзначыць, што «Вогненная Марыя» і «Вогненная Марына-Марыя» як каляндарныя і міфалагізаваныя вобразы (але без выразнай іканаграфіі) вядомыя і польскай народнай культуры, і паўднёвым славянам. У балгараў і сербаў Во- гненная Марыя лічылася сястрой Іллі-прарока. Дарэчы, аб архетыпічнасці традыцыйнай памяці. Міфалагема «сям’і Грамоўніка» сягае ў глыбіні часоў Асноўнага Міфа. Да таго ж міфалагічнага часу ўзыходзіць і міфалагема «багародскай травы» — чабору. Згодна з паданнямі, яна магла не толькі вылечыць чалавека ад ліхаманкі і запалення, але і ажывіць. Пах чабору ўздымаўся над хвярнымі вогнішчамі, а ў абрадах і каляндарных святах багародская трава дайшла да XXI ст.
Архетып вобраза
У Веткаўскім музеі (на падставе аналізу васьмідзесяці абразоў з розных крыніц) зрабілі звод святых, якія змяшчаюцца побач з асноўным «Агнявідным» вобразам. Як на палях ікон, так і ў ліку прадстаячых, па акафістным чыне. Нагадаем, што на палях ікон у традыцыі Веткі святыя абіраюцца альбо патранальныя, тэзаіменітыя сям’і заказчыка, альбо прафесійныя і гаспадарчыя апекуны, альбо святыя-«цалебнікі». У замоўных тэкстах дзеўкі-ліхаманкі маюць імёны і пазначэнні хвароб, якія прыносяць. Сярод іх — Агнявіца, Агнея.
Разам са св. Сісініем у замовах звычайна дзейнічаюць архангелы Міхаіл і апакрыфічны Сіхаіл. Апошняга на веткаўскіх іконах «Агнявіднай» мы пакуль не знайшлі. Тут разам з Міхаілам найчасцей Рафаіл (4 ужыв.) і анёл-«храніцель» (13 ужыв.). Сярод іх функцый, паводле літаратурных доследаў, таксама і барацьба з ліхаманкамі. Абарона дзіцяці ад злых духаў мае дахрысціянскую гісторыю. Таму зразумелыя і такія святыя персанажы, якіх сустракаем на іншых «Агнявідных». Іх функцыі пазначаны і ў іконах-«цэлебніках», і ў жывой культуры Веткі. Напрыклад, Кірык і Уліта (экспед. запісы: «бывают же духи, домовые чужие — так прогоняют»). Ніфант: «О прогнании лукавых духов от человеков и скотов». Кіпрыян: «О охранении от злаго очарования». Старажытнарускі персанаж Мікіта-бесагон: «Об избавлении младенцев от родимца». У рэчышчы той жа традыцыі — «збавенне ад раптоўнай смерці», вельмі важнае для выпадкаў захворвання ў дарозе, альбо, у той жа архаічнай традыцыі, для захавання жыцця немаўля і маці: Харлампій, Паісій, Варвара — 10, 5, 4 ужыванняў, што маркіруе невыпадковасць выбару.
Ад чаго ж яшчэ згарае чалавек? Грэх п’янства — і на палях «Агнявідных» узнікае Ваніфанцій (3).
«Блудная страсць» распаляе душу і плоць — ад гэтага зберагаюць Еўдакія і Фамаіда (8 і 6).
Побач з «Агнявіднай» часта ставілі «Неапалімую Купіну»: абедзве — з вобразамі агню, абедзве — у акафісце Благавешчанню, абедзве — «ад пажару».
P.S. Дзень свята нашай іконы — 23 лютага па новым стылі. І падобна да Іллі, вогненнага патрона ВДВ, яе палымяны абраз абралі салдаты. Тым больш што агню ў нашым XXI ст. хапае…
1. ВМСБТ. Ікона 1-й паловы XIX ст. з 6 святымі на палях. У чаканным акладзе 1844 г. пецярбургскага майстра.
2. ВМСБТ. Ікона канца XVIII — пачатку XIX ст. у акладзе (рызе), шытым бісерам. Шытво ў веткаўскім стылі.
3. ВМСБТ. Двухрадная ікона ў бісернай рызе веткаўскага стылю шыцця мяжы XVIII-XIX стст. Святыя Марой і Васілій Новы прадстаяць іконе Божай Маці Агнявіднай. У ніжнім раду 7 святых. Сярод іх Фаціння.
4. ВМСБТ. Разьбяная ікона XVIII ст. з в. Тарасаўка. Наўгародскія традыцыі Веткі.
5. Ікона XVIII ст. Месцазнаходжанне — Рэспубліка Комі.
6. Ікона мяжы XVIII-XIX стст. Аўкцыён.
7. ВМСБТ. Ікона XVIII ст. Ветка. Традыцыі царскіх майстроў. Да рэстаўрацыі.
8. Багародзіца з прамяністым німбам. Міграцыі і сувязі Веткі. Стаўропальскі край. Есентукі.
9. ВМСБТ Фрагмент іконы «Неувядаемый цвет».
10. ВМСБТ. Ікона канца XVIII — пачатку XIX ст. у акладзе (рызе), шытым бісерам. Шытво ў веткаўскім стылі. Без аклада.
11. Ікона мяжы XVIII-XIX стст. Ветка, ул. збор. Прамяністы німб, чаканка па залачоным ляўкасе, раслінный арнамент. Палеаграфічныя прыкметы XVIII ст.
12. Ікона ў вянцы каталіцкага тыпу. Мяжа XVIII-XIX стст. Аўкцыён.
13. ВМСБТ. Прорыс іконы «Агнявідная». XIX ст.
14. Карта ўдзелу веткаўчан у міграцыях стараабрадніцтва. Шляхі распаўсюджвання вобраза «Агнявіднай».
15. ВМСБТ. Ікона-цалебнік сярэдзіны XIX ст. «Неўвядальная кветка прасвятой Багародзіцы» ў 12 клеймах абраных вобразаў. Сярод сюжэтаў — «Агнявідная». Паўночныя сувязі Веткі з Выгам.