У зале "Чалавек традыцыі" філіяла Веткаўскага музея вобраз Святога Міколы саступіў новай выставе "Ад поля да Покуці" (сімволіка жыцця і ўраджаю).

“Перагані, Божа, хмарку, ды на чужую старонку…” – даносіцца голас жняі з-за вітрыны ў экспазіцыйнай зале філіяла. Ілюстрацыя да выставы сёння – прысвечаны жніву ўрывак з фільма Зінаіды Мажэйкі. А пасля – жывы голас Наталлі Дубровы:

- Да пайду я дарогаю, гэй!

Да пайду я дарогаю,

Пушчу голас дуброваю…

“Пусціўшы голас”, Наталля пасярод зімы, але ў атачэнні чароўнай жытнёвай залацістасці стварае непаўторную атмасферу жніва.

Далей жа слова бяруць супрацоўнікі музея, якія працавалі над новай выставай. Шмат цікавай інфармацыі, здабытай у экспедыцыях, распавядае Ларыса Раманава. А таксама чытае верш, натхнёны красаваннем жыта ў полі:

- Мая душа каля тваёй цвіце:

так ветрык раскалыхвае красу на жыце,

ганяе хвалямі дзівосны перазвон.

Мілей за ўсё на свеце ён.

Дырэктар Веткаўскага музея Галіна Рыгораўна Нячаева “прачытвае” для прысутных ручнікі як тэксты, як малітвы, выкарыстоўваючы навуковыя здабыткі вывучэння семантыкі арнамента. Натхненне Галіну Рыгораўну не пакідае і пасля больш чым трох дзясяткаў год працы:

- А гэты ручнік я сёння ўпершыню прачытала з такой падрабязнасцю, з велізарным задавальненнем паспрабавала ўсё запісаць, і калі каму-небудзь будзе цікава, можна будзе падысці і паглядзець, - кажа дырэктар музея, “прымаючыся” за адзін з неглюбскіх ручнікоў.

Далей загадчык філіяла Пятро Цалка, адзначаючы важнасць погляду звонку, перадае слова галоўнаму спецыялісту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны гомельскага Упраўлення культуры Сяргею Васільевічу Разанаву:

- Хачу сказаць адзінае: Веткаўскі музей яшчэ раз мяне здзівіў. Гэта надзвычайны музей: ад маленькага зернейка і крыжыка можа дайсці да касмічных глыбінь і сімвалаў. Музей і яго калектыў заўсёды ідуць на крок наперадзе. Тое, чым яны займаліся ўчора – актуальна сёння. А тое, што яны робяць зараз, будзе, мяркую, актуальна і заўтра.

Галіна Рыгораўна раптам прыгадвае, што працуе ў музеі ўжо 33 гады, і жартуе:

- Гэта падобна на казку Пушкіна, памятаеце? “Жил старик со старухой тридцать лет и три года…” І вось я сябе адчуваю адначасова тым, у каго і разбітае карыта, і залатая рыбка.

Пачаўшыся з песні, адкрыццё выставы ёй жа і скончылася: Наталля Дуброва зацягвае дзяўчат у жніўны карагод.

Нібы шкадуючы, што так мала было распаведзена, Галіна Рыгораўна Нячаева згадвае пра месца ікон на выставе, пра розныя віды заплеценых дажыначных “бародаў”, зробленых рукамі Ларысы Дзмітрыеўны Раманавай, але… са шкадаваннем падсумоўвае: усяго не распавядзеш.

- Вельмі спадабалася. Усё для мяне было новым, бо я пачала далучацца да культуры Беларусі зусім нядаўна. Зацікавілі сімвалы, узоры і іх трактоўка, - дзеліцца ўражаннямі студэнтка філалагічнага факультэта Хрысціна.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика