Назва выставы, нягледзячы на падабенства з песенным ці вершаваным радком, з’яўляецца плёнам фантазіі дырэктара музея Галіны Нячаевай. Але яна цалкам перадае і тэматыку, і настрой прэзентаваных сёння ў філіяле Веткаўскага музея твораў.
Адзін з творцаў, якія падарылі наведнікам часцінку ўласнага Раю, гэта 88-гадовы самадзейны мастак з вёскі Асаўцы Міхаіл Савасцьянаў. З ім у свой час пазнаёміўся супрацоўнік нашага музея Андрэй Скідан. Сам мастак прысутнічаць на адкрыцці не змог, але Андрэй Валер’евіч распавёў крыху пра яго біяграфію і ўласнае знаёмства з яго карцінамі.
- Ён узяў пэндзаль, калі ўжо пайшоў на пенсію. І за 15 гадоў вымкнуў з сябе ўсё тое, што назапашваў у сабе ўвесь час дзяцінства. І таму мы бачым такія наіўныя вобразы і колеры, дзіцячае сумяшчэнне фарбаў. Гэта спроба ўхапіць свет у яго ідэальным існаванні, у кропцы “акмэ”, - кажа Андрэй Скідан.
Наступныя творцы – Алена Кіш і Міхаіл Якунін – пакінулі свае ўяўленні пра Рай на маляваных дыванах. Творы Алены Кіш былі прывезеныя з Гісторыка-культурнага музея “Заслаўе”. А дыван Міхаіла Якуніна прывёз з Салігорскага раёна яго сваяк Дзмітрый Тарасаў. Сам жа самадзейны мастак быў родам з Чачэршчыны, і, хоць не адну вясковую хату аздобіў у свой час сваёй творчасцю, іншых маляванак Дзмітрыю адшукаць не атрымалася. Але і гэтая, адзіная, выдатна перагукваецца з інсітным жывапісам Міхаіла Савасцьянава.
Дарэчы, карцін мастака, якія супрацоўнікі музея хацелі паказаць наведнікам, апынулася столькі, што імі давялося заняць і яшчэ адну залу філіяла – ткацкую майстэрню. Тут да іх арганічна далучыўся вышываны Рай вясковых майстрых з Веткаўшчыны.
Адкрыццё выставы аздобіў сваёй музыкай калектыў “Ягорава гара”, які таксама ў сваёй творчасці натхняецца народным мастацтвам, толькі не выяўленчым, а песенным.