Шмат людзей, кветак, падарункаў і віншаванняў… Гэтае адкрыццё выставы - незвычайнае. У гэты дзень - 28 лістапада, але 35 год таму - было прынята рашэнне аб стварэнні нашага музея. І гэтай выставай ўшанавана не толькі цудоўная дата, але ў першую чаргу - памяць заснавальніка і першага дырэктара Фёдара Рыгоравіча Шклярава.
Вось маляўнічыя пейзажы Фёдара Рыгоравіча. А вось графіка - партрэты веткаўчан: знаёмых і сваякоў першага дырэктара. А вось стамескі, якімі ён рэзаў па дрэве, і як плён гэтай працы - кавалачак былых музейных парэнчаў (на адкрыцці яшчэ не раз узгадаюць, як Фёдар Шкляраў прымушаў рэзаць па дрэве іншых супрацоўнікаў, вынік чаго - не толькі парэнчы, але і цудоўная разная брама, што дагэтуль упрыгожвае ўваход музея ў Ветцы).

А гэта - аркушы паперы, дзе ён сваёй рукой пералічваў назвы прафесій, у якіх паспрабаваў сябе за жыццё: сталяр, цясляр, каменшчык, тынкоўшчык, маляр, чаканшчык, рэзчык па дрэве і іншыя.
Але нават у самай вялікай зале філіяла не змесціць усё тое, што ўбірала ў сябе асоба Фёдара Шклярава. Не хапіла б часу і распавесці аб усім гэтым на акдрыцці выставы. Тым больш што шмат хто хацеў узяць слова, каб узгадаць нешта пра першага дырэктара, павіншаваць музей з юбілеем, зрабіць камплімент і падзякаваць тым, хто на той час ішоў поруч і дагэтуль годна працягвае справу.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі і сваяк Фёдара Шклярава Роберт Ландарскі узгадвае:
- Мы сядзелі за фуршэтам: Рыгор Нячаеў, Фёдар і я. І Фёдар кажа: "Ты ведаеш, ёсць вельмі цікавыя дзяўчынкі. Мая суседка Галя і яе сяброўка Света. Выдатна вучацца. Думаю ўзяць іх да сябе на працу.
Вось так усё і пачыналася. Шмат было падводных камянёў, шмат было выпітай тагачаснымі уладамі крыві, але музей быў заснаваны нягледзячы ні на што. І сёння можна сказаць, што галоўная заслуга тут належыць гэтай тройцы: Фёдару Шкляраву, Галіне Нячаевай і Святлане Лявонцьевай.
Святлана Іванаўна ў сваіх аповедах параўноўвае музей з цёплым утульным домам. Некалькі разоў было адзначана, што наш музей і Гомельскі палацава-паркавы ансамбль - гэта дзве жамчужыны вобласці, якія абавякова мусіць пабачыць той, хто сюды прыязджае. А яшчэ вельмі часта гучыць слова "апантанасць" - найлепшае вызначэнне для тых, хто стаяў ля вытокаў музея.
Не мог Веткаўскі музей не пахваліцца новымі набытымі экспанатамі: каштоўныя іконы і аклады былі прывезены на адкрыццё і прадэманстраваны супольна з самымі рэчамі, якія з'явіліся ў фондах і якім прысвечана тэма адной з вітрын выставы. Першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Вольга Антоненка нагадала, што апошнія набыткі Веткаўскаму музею дапамог прыдбаць аблвыканкам у якасці падарунка на ўгодкі, а напрыканцы сваёй прамовы дадала цудоўнае пажаданне:
- Жывіце, красуйцеся і свавольнічайце!
Гэтым, зрэшты, музей і займаецца ўжо 35 год.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика