15 студзеня наведвальнікі “Музея аўтографа” цэнтральнай гарадской бібліятэкі ім. А.І. Герцэна мелі шчасце пабываць на адкрыцці выставы карцін самадзейных мастакоў з фондаў нашага музея.

598 прадметаў асноўнага фонду і 87 дапаможнага складаюць сёння калекцыю жывапісу і графікі самадзейных мастакоў у Веткаўскім музеі. А пачыналася ўсё з некалькіх карцін Яўгенія Гаробчанка і Емяльяна Ракава ды вялікай калекцыі Фёдара Шклярава, дзе былі работы і самога заснавальніка музея, і яго сяброў-веткаўчан.

На выставе ж прадстаўлены працы Фёдара Шклярава, Сцяпана Драмука, Андрэя Прылуцкага, Генадзя Тарскіх і інш.

- Адзінае, чаго не адняць ва ўсіх гэтых аўтараў, гэта шчырая любоў да зямлі і магчымасць перадаць той няўлоўны настрой, які існуе ў пейзажы: на нашай з вамі зямлі, пад нашымі цёплымі воблакамі, - кажа дырэктар Веткаўскага музея Галіна Нячаева.

Галіна Рыгораўна прызналася, што прыхапіла з сабой аркушы з вершамі, але прачытае іх, “калі хопіць часу”, бо сапраўдная паэзія – тут, на карцінах мастакоў. Аднак часу хапіла на ўсё: на вершы Галіны Рыгораўны і паэта Васіля Бакаева, на падзякі Веткаўскаму музею ад мастакоў Сцяпана Драмука і Генадзя Тарскіх, на шчырыя словы і ўспаміны сына Фёдара Рыгоравіча Мікалая Фёдаравіча Шклярава і сябра саюзу мастакоў Святланы Георгіеўны Наздрын-Платніцкай. Ну і, канежне ж, – наўздагон калядным святам – на стварэнне атмасферы праз гукі дуды і калядныя спевы Марысі Тульжанковай (ГМКГА "Талака") і Валянціны Міронавай.

А Таццянай Савельеўнай Уласавай – дырэктарам Гомельскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы – была выказана прапанова і надалей выкарыстоўваць залу “Музея аўтографа” для іншых выставачных праектаў нашага музея.

Выстава прымеркавана да 75-годдзя Гомельскай вобласці. Доўжыцца яна будзе да 20 лютага. Уваход вольны.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика