Як вядома, святкаванне Калядаў цягнулася ў нашых продкаў цэлых два тыдні. Супрацоўнікі Веткаўскага музея сёлета гэты святочны час таксама не бавілі дарэмна. Падтрымліваючы ідэю не толькі захавання спадчыны, але і яе адраджэння ды папулярызацыі, яны здзейснілі своеасаблівы калядны марафон. Пачаўся ён з паказу батлейкі, а завяршыўся вакальным конкурсам сярод вучняў школ.

5 студзеня: батлеечнае прадстаўленне “Цар Ірад”

За аснову батлеечнага прадстаўлення быў узяты адзін з варыянтаў сцэнара з Магілёўшчыны (зборнік “Народны тэатр” серыі “Беларуская народная творчасць”). Яго асаблівасць у тым, што дыялогі лялек-персанажаў аздоблены вялікай колькасцю песень. На вялікі жаль, у тэксце не фіксаваліся ноты песенных мелодый, і супрацоўнікам музея давалося замяняць іх на іншыя, запісаныя ў экспедыцыях. Балазе такіх на Гомельшчыне хапае – толькі паспявай развучваць.

Батлейка атрымалася хоць і невялікая – каля 20 хвілін – але надта душэўная. Настолькі душэўная, што многія не заўважылі, як на выбух хлапушак спрацавала сігналізацыя: шмат хто падумаў, што гэта гукі дуды.

Лялькамі кіравалі Пятро Цалка і Вераніка Хрэмлі, а спевы ды гранне на дудзе забяспечылі Наталля Дуброва, Аляксей Бялас і Валянціна Міронава.

7 студзеня: II фестываль традыцыйнай народнай каляднай песні “Эх, Каляда, Калядзіца, добрая маладзіца!”

Вось ужо другі год філіял Веткаўскага музея запрашае да сябе на фестываль калектывы з Веткаўшчыны: “Стаўбунскія вячоркі” (в. Стаўбун) і “Рэчанька” (в. Старое сяло). Не абмінулі наш музей яны і сёлета.

Усё адбывалася, як і ў мінулым годзе, на ганку філіяла. Мароз на гэты раз быў больш няшчадным. Аднак старасельскія спявачкі, не шкадуючы адмерзлых рук і ног, паказалі працяглае каляднае прадстаўленне, з мядзведзем, з Казоў і нават прыпеўкамі пад гармонік. Выступ жанчын са Стаўбуна быў больш сціслым. Аднак абодва калектывы з не меншым, чым у мінулым годзе, імпэтам пайшлі шчадраваць па тэрыторі парка.

- Ну вось, зарабілі на дарогу дадому, - жартуюць жанчыны.

Падарунак ад супрацоўнікаў музея – калядныя спевы Наталлі Дубровы, а таксама разыграная ёй і Валянцінай Міронавай сцэнка з Казой, запазычаная ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна.

15 студзеня: вакальны конкурс “Эх, Каляда, Калядзіца!”

Завяршыўся калядны марафон святочнымі дзіцячымі ўсмешкамі. 15 студзеня ў філіяле Веткаўскага музея прайшоў гарадскі вакальны конкурс сярод вучняў школ. Вынікі зменаў у падрыхтоўцы да конкурсу не прымусілі сябе доўга чакаць: кіраўнікі ўсіх выканаўцаў выкарысталі ў выступе аўтэнтычны матэрыял, прапанаваны нашымі супрацоўнікамі.

Конкурс праходзіў у два этапы. На першым адбывалася відэафіксацыя нумароў удзельнікаў. На этапе адбору давялося “адсеяць” толькі аднаго выканаўцу, бо яго песня не адпавядала асноўнаму патрабаванню – прыналежнасці песні да аўтэнтычнага рэпертуару Гомельшчыны. Усіх астатніх мы былі вельмі радыя бачыць у фінале нашага конкурсу.

Ну а яго вынікі былі наступнымі:

  1. Дыпломамі III ступені былі ўзнагароджаны калектыў “Вяснянка (СШ №24) і спеўны гурт СШ№43
  2. Дыпломы II ступені знеслі з сабой спеўны гурт СШ №13 і фальклорны калектыў “Валошкі” (СШ №66).
  3. І, нарэшце, дыпломы I ступені атрымалі “Зараначка” (СШ №26) і Кацярына Хімянкова (СШ №62).

Усе астатнія калектывы і салісты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў. Кожны ўдзельнік атрымаў у падарунак шкляную фірмовую конаўку з надпісам “Ветковский музей”, а дзеці, што занялі першае месца, яшчэ і па наборы-размалёўцы “Ветковская буквица”.

Меркаванні

Дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава, старшыня журы конкурсу “Эх, Каляда, Калядзіца!” Галіна Рыгораўна Нячаева: “Сёння ў гэтай зале – выстава пад назвай “Калі хочацца сонца… ” І вы – нібыта частка гэтай выставы, якую ажывілі сваімі галасамі. Мастак бярэ фарбы і пэндзлем стварае сонца, жанчына ўцягвае прыгожыя ніткі і іголка стварая вясну, якая калі-небудзь настане. А на Каляды дзеці пяюць і таксама ствараюць вясну сваімі спевамі. Дзкуючы вам, мы сёння ўсё гэта адчувваем. Дзякуй вам вялікі!”

Былы загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава, сябра журы Валянціна Аляксееўна Селядзеўская: “Вы пражывеце з гэтымі песнямі і будзеце багацейшыя за іншых, дзякуючы вашым кіраўнікам. Прыемна слухаць беларускую мову. Бо краіна ў нас – Беларусь, а размаўляем мы, на жаль, па-руску”.

Маршалак ГМКГА “Талака”, сябра журы Марыя Аляксандраўна Тульжанкова: “У мінулам годзе я была проста назіральнікам гэтага конкурсу. Ведаю, што ўмовы конкурсу былі больш жорсткімі ў гэтым годзе. Але цяжка выбраць, бо мне здаецца, што ўсе выступілі вельмі годна, адчулі атмасферу сапраўдных Калядак. І я як непрафесіянал, але аматар-выканаўца народных песень, цаню такую атмасфернасць, адчуванне, што самі дзеткі не некалькі секунд адчулі вось гэты самы сэнс свята”.

Аднак конкурс праводзіцца ўсяго другі год, і аргкамітэту знойдзецца, над чым папрацаваць у будучым. Так, напрыклад, паводле меркавання завуча СШ №43, неабачлівым было ўносіць у палажэнне конкурсу ўзроставае абмежаванне, а пазней прысуджаць высокія месцы дзецям, якія выходзілі спяваць разам са сваімі кіраўнікамі. Мяркуем, у будучым супрацоўнікамі музея будзе зладжаны цыкл семінараў для педагогаў, на якіх супольна можна будзе абмеркаваць гэтае і шматлікія іншыя пытанні.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика