Абрыдла зіма пасярод сакавіка? Нехта сядзіць і чакае склаўшы рукі, але толькі не мы! 22 сакавіка, на Саракі, у філіяле Веткаўскага музея адбылося Гуканне вясны з удзелам супрацоўнікаў музея, ГМКГА “Талака”, а таксама вучняў 36-й гімназіі г. Гомеля і калектыву “Чарнабрыўцы” Маркавіцкай сярэдняй школы. Дзякуючы такой стракатасці гасцей, і само Гуканне атрымалася крыху сумбурна-хаатычным, але хочацца верыць, што сваімі дзеяннямі ўдзельнікі хоць на крок, ды наблізілі вясну.

Пачалося ўсё з невялікага майстар-класу па вырабе кветак з паперы – сімвалаў вясны, якімі ўпрыгожвалі рытуальнае веснавое дрэўца:

- Калі мы ўпрыгожваем кветкамі дрэвы, яны расцвітаюць. І надвор’е, зіма пачынаюць пужацца, - кажа загадчык філіяла Пятро Цалка, паказваючы, як рабіць кветкі.

Потым жа, як і ў мінулым годзе, вялікі натоўп дарослых і дзяцей адправіўся праз мост за раку Сож, каб упрыгожыць дрэва і нарэшце паклікаць вясну. Усё ў адпаведнасці з беларускай традыцыяй, а дакладней – яе частачкамі, сабранымі з розных рэгіёнаў Гомельшчыны ў этнаграфічных экспедыцыях. Было і вогнішча, і рытуальныя спевы з карагодамі, і традыцыйныя гульні, і гушканне чырачак-птушак з цеста на посцілцы, і спальванне пудзіла зімы. І нават абрадавая ежа, якую не змаглі сапсаваць забытыя ў філіяле алей, соль і лыжкі – смажаныя на вогнішчы яйкі з сырам. Асаблівую асалоду школьнікам даставіла падкідванне на посцілцы печаных птушак, што яны рабілі з асаблівым фанатызмам. Магчыма, ніхто не на той момант не знайшоў лепшага спосабу сагрэцца.

Песні і карагоды, якія развучыла “Талака”, перамяжоўваліся з тымі, якія прывёз з сабой калектыў “Чарнабрыўцы” з вёскі Маркавічы. У нейкі момант здарылася замінка, бо ўдзельнікі свята не маглі вырашыць, пагуляць яшчэ ў гульні ці ісці грэцца да вогнішча. І маркавіцкія “Чарнабрыўцы” нечакана завялі сваю веснавую праграму. Калектыў вырашыў забіць адразу двух зайцаў: і вясну пагукаць, і прэзентаваць сваю праграму перад метадыстам Абласнога цэнтра народнай творчасці, бо ў хуткім часе калектыў будзе змагацца за званне ўзорнага.

- На Саракі ў нас у Маркавічах не спявалі песень-вяснянак, як і ўвогуле ў рэгіёне на паграніччы з Чарнігаўшчынай, - распавядае кіраўнік “Чарнабрыўцаў” Рыгор Ціханавіч Басаў. - Варажылі, уносілі трэскі ў хату, лічылі, каб іх па пары было. Выпякаліся птушачкі, падымаліся ўгару са словамі “Гу, вясна!”. І больш нічога, бо гэта пост, і хрысціянства наклалася моцна на традыцыю ў нашым рэгіёне. А гукалі ўжо на Благавешчанне, бо гэта было паслабленне посту. Бегалі ў дуброву і ўжо там пачыналі вадзіць першы танок, каб абудзіць зямлю, спяваць вяснянкі.

Пасля каштавання яечні з сырам змерзлыя школьнікі пабрылі ў філіял піць гарбату і адагравацца. Аднак былі на нашым Гуканні і людзі, якія не належалі ні да школьнікаў, ні да “Талакі”, ні да музея. Віялета Ларычава з мужам і двума маленькімі дзецьмі не пабаялася холаду, сям’я гукала вясну разам з усімі ад самага пачатку да самага канца:

- Мы даведаліся пра вашае мерапрыемства праз інтэрнэт. Хацелі трапіць на Гуканне “Талакі”, але нас накіравалі сюды. Спадзяемся, што трапім таксама і на талакоўскае Гуканне.

Трэба адзначыць, што Гуканне вясны, якое ладзіла ГМКГА “Талака” было прызначана на 24 сакавіка і адбывалася ў яшчэ больш неспрыяльных умовах, чым нашае. Спадзяемся, пасля такіх ахвяр вясна сапраўды прыйдзе вельмі хутка.

Але галоўнае дасягненне - гэта тое, што ў дзяцей, якія прызвычаіліся да "сцэнічных" гуканняў, з'явілася магчымасць адчуць магію абраду ў натуральным асяроддзі, на прыродзе.

Гульня "Мак".

Гульня "Падаляначка".

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика