«Сплывуць усе воды, сплывуць у Ірай» — шматзначны надпіс, вышыты чырвонымі ніткамі на ўзорным канцы ручніка (з калекцыі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава) з'ядноўвае ў адно цэлае мінулае, цяперашні час, будучыню. Звязвае як лёс асобнага чалавека, так і лёс усяго чалавецтва дзякуючы аднаму, галоўнаму слову — «воды».

Неглюбскія ткачыхі нярэдка ткалі на ўзорных канцах ручнікоў «маленькую» ці «вялікую крывулю» — хвалістую лінію, увасабленне воднай стыхіі, якая ёсць пачатак жыцця. «Павілёначкай» называлі бабіцкія ткачыхі невялікую хвалістую лінію.

У прасторы выставы «Усе Каляды святыя… », наладжанай Веткаўскім музеем і Веткаўскай раённай цэнтральнай бібліятэкай, прадстаўлены асобныя экспанаты музея (з музейных калекцый: ткацтва і народнага адзення, іканапісу, жывапісу, побыту). Пераважна — гэта ручнікі, вытканыя ў в. Неглюбка Веткаўскага раёна і в. Бабічы Чачэрскага раёна. Прадстаўлены некаторыя традыцыі калядавання ў гэтых вёсках.

На Крышчэнне мы літаральна дакранаемся да вечнай плыні часу, калі п'ем «пасвячоную» — асвечаную сонцам, святлом, крыжам ваду.

Вада даволі часта выкарыстоўваецца ў варожбах, у тым ліку — калядных.

У аповедах вясковых людзей можна ўбачыць жыццёвыя, рэальныя адносіны да вады як да жывой істоты і нават — як да сябе падобнага. Таму й казалі: «Вада як чалавек» (Паводле Ніны Данілаўны Шахоўскай, в. Фёдараўка Веткаўскага раёна).

На Крышчэнне даўней і ў наш час вяскоўцы вешаюць ручнікі на зрубы студняў (калодзежаў): любая крыніца, калодзеж, рака ў носьбітаў традыцыйнай культуры з'яўляецца сакральным месцам. Таму ў Бабічах і Неглюбцы ды некаторых іншых вёсках кідалі ў глыбокія студні невялікія драўляныя крыжыкі вечарам, 18 студзеня. Хто прыходзіў першы па ваду, стараўся злавіць крыжык у вядро і выцягнуць наверх. Такім чынам, вада на Крышчэнне асвячалася не толькі святарамі.

Час Калядаў — час гадавога звароту сонца — час святы, прыгожы, але й небяспечны для чалавека. Нездарма калядныя студзеньскія (у праваслаўнай традыцыі) вечары называюць Крывымі вечарамі. Парушыш забарону — будуць чакаць непрыемнасці: «У Каляды галоўні вадой не залей — кураняты не будуць весціся» — казалі ў Неглюбцы.» «… Злей німа Куцці, як Крашчэнне. Тады падходзіш к варотам ціхонька, штоб сусед не паймаў, і гаворыш так: «Вашы вароты трасуцца, мае куры нясуцца. Твае куры — мае яйца». Тры разы так гавораць. Тады ў тога чалавека не нясуцца куры. А ў таго, хто пакалаціў, дак кожэн дзень будуць несца» (В. Старое Закружжа).

Каляды — самы магічны і вясёлы час усяго года: у гэтыя дні словамі калядных песень можна спраектаваць будучыню, паспрабаваць заглянуць у яе з дапамогай варожбаў. Не ўсе дзяўчаты адважваліся варажыць — толькі самыя смелыя. У кожнай вёсцы — свае варожбы. Варажылі і варожаць у Ветцы.

  1. Калодзеж з пруцікаў ці з запалак выкладвалі на стакане з вадой, ставілі пад ложак; ноччу павінны быў прысніцца той, «з кім век векаваць».
  2. Расплаўлялі кавалак воска ў лыжцы і вылівалі яго ў місу з вадой. Разглядвалі форму зацвярдзелага воску, стараліся па ёй прадбачыць падзеі ў будучыні.
  3. Кожная з дзяўчат насыпала невялікую кучку проса. Да проса пускалі пеўня. Чыю кучку певень клюне — тая дзяўчына замуж хутчэй выйдзе.
  4. «Палалі» начоўкі з паясамі: чый пояс раней выпадзе з начовак, тая дзяўчына раней замуж выйдзе…

Даволі часта варожбы збываліся.

На Каляды, як і на Вялікдзень, гаспадыня вешала на Покуці самы прыгожы ручнік. Адзін або некалькі. Святочны ручнік на Куце, напэўна, у такой жа ступені з'яўляецца часткай каляднага абраду, як і наступныя дзеянні: «На ту Коляду … сена клалі, за то, што Хрыстос нарадзіўся ў сене».

Тры куцці, якія старанна гатуе гаспадыня ў час Калядаў — на Раство, на Васілле і на Крышчэнне — нібы тройчы паўтораная малітва, адрасаваная Усявышняму: «Хлеб наш надзённы дай нам сёння … »

На Багатую куццю (на Васілле) — багата весялосці, танцаў, песняў. У Бабічах, бліжэйшых вёсках і пасёлках — на Макаў'і, Карме, Старым і Новым Мікольсках, у Прытуллі, на Нінелі моладзь спраўляла вечарынкі. У Неглюбцы, Лядзе, Канавалаве ды іншых пасёлках Неглюбскага сельсавета былі знакамітыя ігрышчы. Паўсюль былі свае калядныя зоркі, свае шчадроўкі, свае калядныя маскі. Радасць — адна на ўсіх. «Каза» зычыла — шчасця, здароўя, ураджаю, як і ўсё калядоўшчыкі — пасланцы з раю.

 

А было і так: «У нас, у Вялікіх Нямках, расказвалі. Пасля вайны дужа цяжка было, у сорак шостым, сорак сёмым гадах. Не было чаго есць. І так палучылась, што ніхто ў адзін з етых гадоў не пайшоў шчадраваць — ні большыя, ні меншыя… А тады, вясной, пачалі прападаць каровы. Адна, другая, трэццяя… І што? Сабраліся старыя і пастанавілі: нада абрад здзелаць — ніхай дзеці ў шчодры ідуць. І пайшлі дзеці вясной шчадраваць. Ну, болей, пасля таго, каровы не прападалі» (в. Вялікія Нямкі). «А хто калядоўшчыкаў не адорвае, дак той і жыве: абы як» (Ветка).

Абраз «Раство Хрыстова» (XIX ст.), які паходзіць з в. Бабічы Чачэрскага раёна, нясе вялікую радасць ад усведамлення вялікай падзеі — Божага нараджэння. Абрадавы комплекс: тры васковыя свечкі, злучаныя разам у адно цэлае, «адзенне» (спаднічка з фартушком), свечкі, грошы, хустачкі (унізе, каля «свячы») — абавязковыя атрыбуты святкавання праваслаўнай іконы «Свячы». Каля аброчных ікон-«свечаў» людзі звычайна абракаюцца: моляцца, просяць дапамогі звыш, кладуць свае дары-аброкі. Пра тое, як «спраўлялі» і цяпер спраўляюць (святкуюць) свячу на Гомельшчыне, чытаем кнігу Генадзя Лапаціна «Ікона звалась Свячой».

Цудоўныя зімовыя пейзажы, якія паўстаюць на карцінах мясцовых самадзейных мастакоў Гомельшчыны — А.А. Прылуцкага, Т.І. Карлова, Ф.Р. Шклярава, Б.І. Тарасенкі, А.А. Буранкова, А.Г. Савянка — сведчанні прыгажосці нашай зямлі, любові да яе.

Аўтар тэкста: Л.Д. Раманава
Аўтар фота: А.С. Нікіцін

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика