Дзе: філіял Веткаўскага музея ў Гомелі

Калі: 30 чэрвеня (субота) 2018 года - 17:00

Кошт удзелу: 2 р. 00 к., для дзяцей - вольны ўваход

Адрас: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, за саборам Пятра і Паўла)

Тэлефон: 8 (0232) 75-88-86

На прэзентацыі можна набыць дыск па спецыяльным кошце!

У межах праекта "Традыцыя" выйшаў унікальны СD мужчынскіх песень. На ім - запіcы аўтэнтычных ансамблевых і сольных спеваў, пераважна з палескіх вёсак, сабраныя вядомымі этнамузыколагамі ў 70-80-х гг. ХХ ст.

30 чэрвеня ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі адбудзецца прэзентацыя першага дыска з серыі "Мужчынская традыцыя спеву".

Выданне зроблена ў выглядзе маленькай кніжкі ў цвёрдай вокладцы з дыскам у капэрце. Кніжка ўтрымлівае тэксты і ноты песень, фотаздымкі, інфармацыю пра спевакоў і гурты. Усе апісанні і звесткі пра выканаўцаў перакладзены на англійскую мову. Падбор запісаў рабіла Таццяна Песнякевіч, лічбаваў Аляксей Глушко. Укладала і расшыфроўвала тэксты Ірына Мазюк. Дызайн вокладкі зрабіла Васіліса Паланіна. Мастэрынг Арцёма Петрашкевіча.

Праект "Традыцыя", заснаваны музыкам і этнографам Сержуком Доўгушавым, накіраваны на развіццё і папулярызацыю беларускай традыцыйнай музыкі. Акрамя выпуску дыскаў у межах праекта ладзяцца канцэрты аўтэнтычных гуртоў, майстар-класы, спеўныя сходы і этнаграфiчныя экспедыцыі.

Мужчынская спеўная традыцыя - адна з найцікавейшых з’яў беларускай культуры. Гістарычна склалася, што мы аб ёй ведаем вельмі мала. Выдадзена шмат кніжак з тэкстамі песень, але яны "маўчаць", а мастацкая сіла, моц, прыгажосць традыцыі - у суладным шматгалосым гучанні, майстэрскім валоданні галасамі, у тэмбравым суладдзі і гармоніі старажытных мелодый. На дыску прадстаўлена невялічкая кропля таго масіву, які можна было б пры спрыяльных для нашай культуры ўмовах захаваць для нашчадкаў. Бадай, у кожнай вёсцы былі свае "карыфеі" спеву. Песня гучала ў святочныя дні, калі збіралася радзіна, на вяселлях, выправах, на пашы, у лесе, на возе ў далёкай паездцы… У той час, калі жанчыны ў асноўным спявалі каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя песні, у мужчын быў адмысловы рэпертуар: маладзецкія, касарскія, бяседныя, лірычныя, вайсковыя, сацыяльныя, жартоўныя. Спявалі не для слухача, а дзеля ўласнага выражэння духу, уцехі для душы.

Дыск адкрывае мужчынскі спеўны гурт вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна ў запісах этнамузыколага Зінаіды Мажэйкі 1968 і 1977 гадоў. На плытцы гучаць песні вёскі Тонеж таго ж раёна, запісаныя Зінаідай Мажэйкай у 1979 годзе. Яна "адкрыла" слухачам палескага самародка Сцяпана Дубейку. У збор увайшлі таксама песні мужчынскіх ансамбляў вёсак Гаўрыльчыцы Салігорскага і Мохаў Лоеўскага раёнаў.

Спецыяльны госць імпрэзы - гурт "Рада" (г. Мінск) - пераемнік традыцыйных спеваў, пачутых падчас экспедыцый па беларускіх вёсках. Гэта суполка людзей, не звязаных з этнаграфіяй і культуралогіяй прафэсійна, але аб’яднаных глыбокай цікаўнасцю да беларускай традыцыі.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика