У 2019 г. гамяльчанка Святлана Лазарэнка зафіксавала на фота цудоўныя імгненні калядавання ў вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёна. Яе праца стала зместам выставы «Раю раіўся, Хрыстос нарадзіўся!..», падрыхтаванай супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў памяшканні Веткаўскай раённай бібліятэкі.

На адкрыцці выставы прысутныя даведаліся, чаму менавіта вёска Стаўбун стала прыцягальнай для калядоўшчыкаў, якія сувязі існавалі ды існуюць паміж яе жыхарамі і сябрамі «Талакі» — гомельскім аб'яднанні моладзі (фотаздымкі Святланы Лазарэнка захоўваюцца ў архіве аб'яднання).

Хараство зімовага вечара, людзі, паяднаныя чаканнем чагосьці незвычайнага, адчуванне тваёй далучанасці да Божай таямніцы нараджэння… — невыказнае бачыш на фотаздымках.

Пра асобныя моманты святкавання Калядаў у нашых мясцінах распавялі дырэктар музея Пятро Цалка і вядучы навуковы супрацоўнік Ларыса Раманава.

Традыцыя калядавання заўсёды была жаданай, улюбёнай для жыхароў нашага раёна.

Каляды — надзвычай даўняе свята ў гонар Сонца. Нашы продкі называлі яго Калядой, спявалі, акрамя іншага, пра тое, што Каляда прыязджае «на трох сівых коніках».

Калядныя дні прыкметна даўжэюць. Усё часцей ты бачыш на небе Сонца — самую ўлюбёную, самую галоўную зорку. Душа і сэрца напаўняюцца радасцю ад таго, што неймаверна даўно ў наш няпросты свет прыйшоў Выратавальнік, Збаўца — Ісус Хрыстос.

Дзве тысячы дваццаць гадоў таму яркая зорка з'явілася ў нябёсах, каб быць знакам аб найвялікай падзеі, у начной цемры асвятляць шлях валхвам, якія наважыліся адправіцца ў далёкае падарожжа. Валхвы хацелі пакланіцца Богу, які хутка павінны быў нарадзіцца. І яны ўбачылі Яго — Маленькае Дзіцятка, якое Маці Марыя нарадзіла і спавіла ў яслях. Аддалі свае падарункі і неймаверна былі рады таму, што адбылося.

Найвялікі цуд — Божае нараджэнне імкнуліся, імкнуцца перастварыць, занатаваць на іконах і жывапісных палотнах іканапісцы, мастакі. Майстры слова ўслаўлялі і ўслаўляюць яго ў тэкстах песень, малітваў, вершаў, замоў на працягу доўгіх дзве тысячы дваццаці гадоў. Доўгіх — гэта калі параўноўваць па чалавечых мерках. А па касмічных?.. Святло той далёкай зоркі асвятляе тваё зямное існаванне і зараз. Ты імкнешся назваць яго жыццём… укладваеш у яго часам вялікі сэнс. Імкнешся памятаць, верыць у тое, што ў кожным чалавеку жыве часцінка Бога. Бывае, яе засцілае цемра. І тады адбываецца тое, што адбываецца скрозь: барацьба дабра і зла.

Вобраз абранай зямной жанчыны з імем Марыя з моманту нараджэння Ісуса Хрыста стаў сімвалам заступніцы ўсіх жанчын, асабліва тых, хто падарыў свету сваё дзіця. Вось і абразы «Раство», якія ёсць у фондах Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, сведчаннем таму. А таксама — мноства вершаў, псальмаў, аўтары і выканаўцы якіх услаўлялі і ўслаўляюць Раство Хрыстова, яго Хрышчэнне. Асобныя з іх, а таксама некаторыя тэксты «шчадровак», традыцыйныя ўяўленні пра святкаванне, запісаныя супрацоўнікамі музея падчас навуковых экспедыцый, можна ўбачыць побач з непаўторнымі фотаздымкамі Святланы Лазарэнка.

Падсвядома хочацца расцягнуць час Калядаў, каб зрабіць усё, што належыць зрабіць, каб больш прыгожа і запамінальна пражыць гэты час, памарыць аб заўтрашнім дні.

Ты разважаеш: як сустрэць Новы год? Якія жаданні загадаць… Каго запрасіць… У царкву схадзіць… Набыць падарункі… Дом упрыгожыць… Бацькоў парадаваць…

Хочацца верыць, што ў новым годзе будуць толькі добрыя падзеі, да якіх ты сам будзеш далучаны, якія створыш разам з сябрамі, роднымі людзьмі.

Ёсць уяўленне: у дзень Раства дзверы ў рай адчыняюцца. Калядоўшчыкі — пасланцы з раю звычайна зычаць гаспадарам здароўя, багацця, ласкі Божай, шчодрасці, радасці. І, галоўнае, любові — адзін да аднаго. Менавіта таму «Раю раіўся, Хрыстос нарадзіўся ў вашэм дварэ!» гучыць зноў і зноў у тэксце шчадровай песні. Словы гучаць канкрэтна: «Хрыстос нарадзіўся ў вашэм дварэ». Адсюль: якой ты ўяўляеш сустрэчу з Ім?

Традыцыя калядавання, відаць, як ніякая іншая, здольна згуртаваць людзей, найперш — радасным сэнсам святочных падзеяў. Прыходзяць калядоўшчыкі з года ў год, са стагоддзе ў стагоддзе. Так было і ёсць у Стаўбуне, Ветцы, Гомелі…

Калядоўшчыкі на фотаздымках — гэта сябры Гомельскага моладзевага культурна-грамадскага аб'яднання «Талака», Школкі бытавога танца (г. Гомель), удзельнікі фальклорнага гурта «Стаўбунскія вячоркі», а таксама — дзеці і дарослыя, якія жывуць у вёсцы Стаўбун.

Ты хочаш ведаць крыху больш пра «Талаку»?

Некалі, у 1987-1988 гг. удзельнікі аб'яднання ездзілі ў асобныя выходныя дні ў Веткаўскі музей народнай творчасці, каб дапамагчы ў рамонце, уборцы тэрыторыі каля будынка музея. І не толькі.

«Талаку» стварылі некалькі таленавітых людзей: Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч, якія працавалі на той час журналістамі ў «Гомельскай праўдзе» і жылі ў Гомелі, Таццяна Сапач (няхай будзе светлая памяць аб ёй!), якая працавала на Гомельскім абласным тэлебачанні. Стваральнікі аб'яднання імкнуліся наблізіць той дзень, калі, вобразна кажучы, сад нашай беларускай культуры расквітнее, нібы райскі сад.

Слова «сад» мае непасрэднае дачыненне да садаводства, а таксама да земляробства і… ткацтва; у Неглюбцы кажуць: «пасадзіць» «вераб'я» (ці штосьці іншае) — гэта азначае выткаць гэты ўзор. У мове жанчын-неглюбчанак існаваў нават тэрмін: «сад чаўнакоў»(!).

Вось такая стваральная ідэя і праца, вядома, прываблівала людзей, якія мелі самыя розныя заняткі, прафессіі, узрост. Праз некаторы час да «Талакі» далучылася многа людзей.

Незабыўнымі былі панядзелкі. Роўна а 19.00 сябры «Талакі» збіраліся ў памяшканні падвала дома (г. Гомель, вул. Першамайская, 19а, цяпер — вул. Ірынінская), каб абмеркаваць розныя пытанні.

На працягу пазнейшых гадоў «талакоўцы» мянялі каардынаты свайго жыцця — з'язджалі жыць і працаваць у іншыя мясціны, а хто і заставаўся ў Гомелі. Сяброўскія сустрэчы і сумесная праца па адраджэнні беларускай культуры засталіся ў іх жыцці назаўсёды…

Яны былі кропкай адліку для стварэння не толькі карысных спраў, — у той час ствараліся характары многіх творчых асоб — Вольгі Цярэшчанка, Алеся Яўсеенкі, Алега Чыжова, Мікалая Багданава, Андрэя Скідана, Святланы Ткач, Касі Каваленка ды іншых.

У «Талаку» прыходзілі і прыходзяць новыя людзі. У канцы 1980-х гадоў аб'яднанне ўзначальваў шаноўны «Старшыня» — Алесь Яўсеенка. Былі іншыя кіраўнікі. Цяпер «Талакой» кіруе таленавіты майстра, дырэктар Веткаўскага музея Пятро Цалка. Сучасныя талакоўцы працягваюць развіццё даўніх талакоўскіх традыцый.

Чым толькі не займаліся! Выносілі кавалкі разбітай цэглы з падлогі з Кафедральнага Сабора Пятра і Паўла ў Гомелі, калі там быў рамонт (у канцы 1980-х), развучвалі беларускія народныя песні, чыталі і стваралі новыя беларускія вершы, ставілі батлеечную п'есу «Цар-Максіміліян», запрашалі творчых людзей да сябе… І, вядома, наладжвалі незабыўныя святочныя калядаванні ў Гомелі.

…Зноў і зноў ты сустракаеш Каляды, радуешся Божаму нараджэнню.

Адрасуеш усім навокал словы цудоўных калядных песень. Няхай збудзецца ўсё лепшае!

Аўтар тэксту: Раманава Ларыса Дзмітрыеўна
Аўтар фота: Кузьмянова Наталля

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика