Дзень другі: чатыры "Стралы" за адзін дзень

Раніца пачалася з фіксацыі драўлянай архітэктурнай разьбы ў вёсцы Верашчакі. Дамы, нібы паненкі, красаваліся адзін перад адным сваімі ўборамі. Аканіцы, вуглы, франтоны, вільчыкі дамоў – усё было па-майстэрску аздоблена, сфарміраваўшы свой адметны стыль. Пасля пачуліся галасы жанчын. Гэта, як аказалася, каля мясцовага Дома культуры распачалі вадзіць стрэльныя карагоды. Сярод жанчын у мясцовых строях выдзялялася групка дзяўчат – гасцей з падмаскоўя. За гонар было пазнаёміцца з Савельевай Нінай Міхайлаўнай, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам кафедры гісторыі рускай музыкі Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага. Упершыню на "Стралу" Ніна Міхайлаўна папала ў далёкім 1968 годзе і з таго часу штогод прыязджае назіраць за развіццём гэтага архаічнага абраду. "Так, мяняюцца напевы, некаторыя песні замяняюцца іншымі, мянецца нават структура абраду, але галоўнае, што абрад жыве", – кораценька падсумоўвае свае назіранні спадарыня Савельева.

(Савельева Ніна Міхайлаўна)

Пасля Верашчак пабывалі мы на Страле ў вёсцы Увелле, дзе жанчыны, хоць і невялічкім гуртом, але ўсё ж такі спраўдзілі абрад. А госць з гармонікам з падмаскоўнага горада Дамадзедава падарыў бабулям сапраўднае свята: "Ета ж вы нам такі празьнік здзелалі. Мы ж так напеліся, так натанцаваліся! На год наперад, да следуюшчай "Стралы нам хопіць будзя", – дзеліцца з намі сваімі ўражаннямі адна з мясцовых жанчын падчас спеваў і танцаў пад "Страданія".

У Ялоўцы ж усё было дастаткова маштабна. Жыхары ведаюць, што святкуюць Стралу кожны год, таму загадзя збіраюцца ў цэнтры вёскі, адкуль і пачынаецца абрадавае дзейства з карагода "Драма". Далей уздоўж усёй вёскі разліваюцца песні "Стралы", прыпеўкі пад гармонік і цэлае тэатралізаванае дзейства мясцовага "старца" (жанчыны, якая пераапранаецца ў мужчыну). Дайшоўшы да поля, як і ў папярэдніх вёсках, нас палівае з нябёсаў цёплы летні дождык. Дарэчы, сутнасць абраду менавіта ў гэтым і заключаецца: вывесці з вёскі маланку ("Стралу") і выклікаць дождж на збожжавыя палеткі.

Увечары мы дабраліся да вёскі Пятрова Буда, дзе таксама мелі магчымасць паназіраць за ўсімі абрадавымі дзействамі, паслухаць спевы, парадавацца за жыццё традыцыі. Дарэчы, тут мы сустрэлі цікавыя па кампазіцыі і арнаментам ручнікі. Так што гэты край мы прыбераглі для новых адкрыццяў. Спадзяемся, што ў хуткім часе ўнікальную калекцыю традыцыйнага тэкстылю нашага музея папоўняць ручнікі і гэтай мясцовасці.

Як і сотні гадоў таму, абрад "Пахавання Стралы" адбыўся. Усе абрадавыя ўмовы былі выкананы, усё абрадавыя песні таксама спеты.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика