Дзіцячая Школка традыцыйнага ткацтва "тКачаняты", што дзейнічае пры Філіяле Веткаўскага музея, распачала новы навучальны сезон.

У той час, як у сферы адукацыі самы разгар летніх канікулаў, залы Філіяла Веткаўскага музея збіраюць аматараў аднаго з самых старажытных рамёстваў на Беларусі - ткацтва. Ужо не адзін год Веткаўскі музей выконвае не толькі сваё асноўнае прызначэнне - збіранне і захаванне артэфактаў культуры, але і вядзе шырокую культурна-адукацыйную дзейнасць. Так, напрыклад, у музея існуе свая адукацыйная праграма "Аз, букі, ведзі - Глаголь дабро", зацверджаная Міністэрствам адукацыі. Ёсць там і заняткі, прысвечаныя традыцыйнаму ткацтву. Але трэба рухацца далей! З 2015 года супрацоўнікамі музея, дзякуючы сабранай падчас экспедыцый навуковай базе, вядзецца стварэнне новай праграмы "Школка традыцыйнага ткацтва "тКачаняты".

Паразмаўляем пра Школку з яе аўтарамі: Пятром Цалкам, загадчыкам Філіяла музея, і Вінаградавай Вольгай, навуковым супрацоўнікам музея.

Чаму такая назва?

"Па-першае, "школка", а не "школа", бо мы не ставім мэты наладзіць "масавую вытворчасць" майстроў па ткацтве. Гэта працэс дастаткова "сімвалічны" для кожнага, хто ведае або спрабуе спасцігнуць традыцыйнае ткацтва знутры. Падчас правядзення заняткаў, шчыра кажучы, галоўнай становіцца не тэхналогія, а працэсы і вобразы, якія стварае пры гэтым дзіцячая падсвядомасць. Як паказвае практыка, менавіта дзеці малодшага школьнага ўзросту здольныя яшчэ думаць і разважаць "знакамі-сімваламі", - пачынае тлумачэнне загадчык Філіяла Пятро Цалка.

"У назве "тКачаняты", як і ва ўсім, чым мы займаемся на занятках, закладваецца адразу некалькі накірункаў. Тут уплецены адразу дзве назвы: "ткач" (той, хто займаецца ткацтвам) і "качаняты" (дзеткі вадаплаўнай птушкі). Ткач - тое, што становіцца прадметам нашых даследаванняў падчас заняткаў. "Качаняты", па-першае, гэта дзеткі качкі, як і нашы вучні для кагосьці з'яўляюцца дзеткамі. І менавіта з качкі (вуткі), згодна легенд і паданняў, пачынаецца Свет. І ў кроснах ёсць утОк і ёсць чаўнок, які мы закідваем ва ўтОк і які плыве з "беряжка на беряжок" (так калісь казалі знакамітыя Неглюбскія ткачыхі)", - тлумачыць навуковы супрацоўнік музея Вольга Вінаградава.

Адкуль бярэцца інфармацыя для заняткаў?

Пятро Цалка: "Канешне ж, вопыт! Але адным вопытам не абысціся. Музей мае дастаткова цікавую і грунтоўную па тэме сваіх даследаванняў уласную бібліятэку, у тым ліку і электронную. Але асноўная база - гэта экспедыцыйныя даследаванні. Ужо болей трыццаці пяці гадоў супрацоўнікі нашага музея не перарываюць весці палявыя даследаванні. І асноўны ўхіл, які заўжды быў важным для музея, гэта рэгіянальнасць. Мы маем добрую базу па сваім рэгіёне, таго, чаго няма ў астатніх, і можам смела апеляваць гэтай інфармацыяй".

Якім чынам будуюцца заняткі?

Вольга Вінаградава: "Усе заняткі класічна дзеляцца на тэарэтычную частку і практычную. Так, напрыклад, калі тэма заняткаў "Прадзенне. Прасніцы з тысячагадовай гісторыяй, то мы разглядаем спачатку вобраз і сімволіку прадзення. Тут мы з дзеткамі разглядаем і легенды пра міфічную Параскеву-Пятніцу, запісаныя супрацоўнікамі нашага музея, да прыкладу прыводзім міфы Старажытнай Грэцыі. Вельмі цікава, наколькі ўсё пераплятаецца ў культурах. Чым глыбей "капаеш" - тым болей агульнага. Прапаноўваецца самы шырокі рад ілюстратыўнай інфармацыі: ад прыкладаў прасніц эпохі бронзы і неаліту з іх цікавымі варыянтамі арнаментацыі - да сярэднявечных гравюр і нашых Веткаўскіх ікон, дзе Багародзіца таксама прадзе. Затым пераходзім да самай вясёлай часткі, дзе ўсё робім сваімі рукамі: лепім з гліны, збіраем зёлкі, намотваем ніткі, вяжам вузельчыкі, малюем арнаменты і, канешне ж, тчэм".

Якія планы на будучыню?

Вольга Вінаградава: "Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца! Мы пакуль практыкуем толькі пяць заняткаў, а ў планах не меней дваццаці. Таму ёсць, над чым працаваць. У мінулым годзе, калі пачыналі, заняткі доўжыліся па тры-чатыры гадзіны, канешне, з перапынкамі. Але за адзін дзень такі блок інфармацыі аказаўся вельмі цяжкім і для дзетак, і для нас, выкладчыкаў. Таму ў гэтым годзе вярнуліся да класічнага часу ў адну гадзіну на занятак."

Пятро Цалка: "Пашыраем кола зацікаўленых асоб. Многія нават і не ведаюць, што традыцыйнаму ткацтву можна навуцыцца ў нас. Таму падчас шматлікіх імпрэз у музеі і ўдзелу на рамесніцкіх інтэрактыўных пляцоўкахгорада распаўсюджваем інфармацыю пра нашу Школку. На гэта лета плануем правесці адразу тры наборы навучэнцаў. Першы ўжо прайшоў навучанне".

А нам застаецца толькі напісаць: "У добры шлях!". І няхай усё задуманае спраўдзіцца. Нездарма ж Веткаўскі музей для сваёй працы абраў дэвіз "СПАДЧЫНА ДЗЕЛЯ БУДУЧЫНІ".

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика