У майстэрні Філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі прэзентавалі міні-выставу майстра разьбы па дрэве Барыса Васількова.

Ужо не першы раз Веткаўскі музей гатовы радавацца і дзяліцца радасцю супрацоўніцтва з гэтым самабытным майстрам. Барыс Міхайлавіч стварае сапраўдныя народныя шэдэўры з кавалка дрэва. Сам ідзе ў лес, выбірае тое, што даспадобы, і адразу ж на месцы пачынае працу. Дома толькі даводзіць будучыя творы мастацтва да гатоўнасці. У мінулыя гады музей экспанаваў "Казку ў дрэве" і "Добрая лыжка да абеду" Барыса Міхайлавіча, і кожны раз як дзеці, так і дарослыя зачароўваліся яго "драўляным народам". У гэты раз тэма выставы была падказана ўжо самім Годам, а дакладней - яго сімвалам. Так, мартышка - сімвал 2016 года паводле ўсходняга календара. Якіх толькі прадстаўніц гэтага звярынага роду не знойдзеш сярод прац Барыса Васількова! Гэта і свавольныя мартышкі, што звісаюць з дрэваў, гэта і "разумныя", якія прымяраюць акуляры, і мартышкі-кавалі… Тут і цытаваць байкі часам можна: "Нечего на зеркало пенять, коли рожа крива". Многія прадстаўніцы з "мартышкінага царства" не проста ўпрыгожванні дэкору ці сувенір, а дастаткова ўтылітарная і прыгодная для выкарыстання рэч: лыжкі, салонкі, цукарніцы, скрынкі для аловачкаў.

Добрым дадаткам да "звярынага царстава мартышак" з’яўляецца фотагісторыя, знятая Валянцінай Міронавай падчас "палявання" Барыса Міхайлавіча за сыравінай для сваіх "драўляных герояў". Праз фотаздымкі сапраўды адчуваецца еднасць чалавека і прыроды. Відаць, нездарма ж гэты цуда-майстар можа "ажывіць" любы кавалак дрэва.

"У жыцці, акрамя асноўнай працы, патрэбна яшчэ чымсьці займацца, каб не сумна было, каб не марнаваць час, што ў нас ёсць. Вельмі важна яшчэ і дзяліцца з людзьмі сваёй радасцю і сваім майстэрствам, таму і выстава - як размова з кожным, хто прыйдзе паглядзець на маё рамяство", - выказвае сваю думку 87-гадовы Барыс Міхайлавіч Васількоў.

Разам з выставай "Мартышкіна шчасце" можна наведаць і іншыя экспазіцыі Філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі: "Евангелле. Кніга на ўсе часы" (старадрукі і рукапісы ХVI - XXI ст.), "Душа по радужному мосту" (веткаўскае бісернае шыццё і іканапіс), "Голоса ушедших деревень" (да 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС), "Жывое рамяство" (інтэрактыўная выстава ткацтва).

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика