У памяшканні Веткаўскай раённай бібліятэкі 5 сакавіка адкрыліся дзве выставы, наладжаныя супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў якасці падарунка нашым шаноўным веткаўчанам. На адкрыццё выстаў завіталі вучні 4 «А» і 4 «Б» СШ №1 імя А.А. Грамыкі, настаўнікі гэтай школы, а таксама — жыхары Веткі. Наведванне працягнецца да канца сакавіка.

Першая выстава, «Любоўныя гісторыі», узнаўляе ў душы кожнага наведвальніка згадку пра светлае пачуццё, імя якога — Каханне: літаральна на ўсіх карцінах самадзейнага мастака Міхаіла Савасцьянава — Ён і Яна, або — Яна і Ён. Побач з імі — лебедзі, сімвал вернасці, лілеі — сімвал пяшчоты, прыгожыя краявіды. А вось — сустрэча каля берага ракі: дзяўчаты мыюць ручнікі. Побач — хлопец на кані.

Другая выстава, пад назвай «Бярозавы подых тканіны», прысвечана такой, здавалася б, малапрыкметнай рэчы, як прас.

Прас — той прадмет, якім карыстаюцца найбольш жанчыны. Ён, у некаторай ступені, сімвал дамашняга агменю (заўважым: прас, калі ён чыгунны, прымае цяпло ад вугалькоў). Менавіта Жанчына заўсёды клапоціцца пра свой знешні выгляд, пра тое, як выглядае яе Каханы, і, вядома, Дзеці ў іх сям'і.

А ці можна абыйсціся без праса? Што рабіць, каб тканіна (і, вядома, адзенне) выглядалі найпрыгажэй?

Цяжка ўявіць сабе жыццё без праса.

Археолагі сцвярджаюць: самы даўні продак праса — цяжкі плоскі камень. На наскальных малюнках ацтэкаў адлюстраваны працэс прасавання: на роўнай паверхні каменя раскладвалі вільготнае адзенне, зверху накрывалі другім каменем і пакідалі прасыхаць.

Пераважная колькасць людзей, асабліва тых, хто жыў у нашай мясцовасці ў вёсках, даўней карысталася прасамі, зробленымі з дрэва. Такі прас называлі рублём (ад слова «рубец», якіх было мноства на рыфлёнай дошцы). Слова «утюг» у рускай мове з'явілася не пазней ХVII ст. Яно бярэ пачатак з цюркскай мовы, паходзіць ад дзеяслова «коўзацца», «гладзіць», літаральна — тое, з дапамогай чаго прасуюць.

Нашы бабулі і прабабулі карысталіся драўлянымі прасамі да 1950-60 гг., хто-ніхто — аж да 1980-х. На скалку (валёк) наматвалі тканіну і пракатвалі яго па сталу з дапамогай рыфлёнага рубля. Яго даўжыня была прыкладна 60 см., шырыня — каля 20 см. У іншых мясцінах рубель называлі: пральнік, качалка, раскатка, рэбрах, гранчак. Майстры ўпрыгожвалі рублі прыгожымі ўзорамі, часта гэта было сонейка, кветкі, расліны. Рубель выгнутай формы нагадвае казачны мост. Так яно і было: працэс прасавання быў апошні сярод мноства іншых, папярэдніх, якія «пераводзілі», далучалі тканіну ў культурную прастору чалавека.

Дрэва «трымае» ў сабе цяпло рук тых, хто да яго дакранаўся, прасуючы. У нашых вёсках, у Ветцы часам можна ўбачыць драўляныя прасы і чыгунныя з драўлянымі ручкамі. Сучаснікі зберагаюць іх як памяць аб родных, як сведчанне даўніны.

Прасы збіраюць калекцыянеры. Калекцыі прасаў ёсць у музеях. Болей таго, у розных краінах свету існуюць музеі, прысвечаныя гісторыі прасаў. У Беларусі музей праса ёсць у Гродна (з'явіўся ў 2016 г. дзякуючы калекцыянерам Алегу Яршу і Аляксандру Шпакоўскаму). Адна з найбольшых калекцый прасаў у Беларусі знаходзіцца ў Слуцку: 479 прасаў сабраў мясцовы жыхар, настаўнік геаграфіі Леанід Вечар. У яго калекцыі знаходзіцца некалькі прасаў, на задняй сценцы якіх размешчана партрэтная выява рускага пісьменніка Л.М. Талстога. Такія прасы на мяжы ХIХ-ХХ стст. майстры выраблялі ў г. Верэі (Нара-Фамінскі раён, Падмаскоўе). Гэткім чынам майстры далучаліся да барацьбы з «талстоўствам». Як вядома, за актыўную крытыку ўлады і царквы Л.М. Талстой быў адлучаны ад праваслаўнай царквы.

У калекцыі Леаніда Вечара ёсць рэдкі вадзяны прас, які «нёс сваю службу» на англійскім ваенным караблі (на судне забаранялася карыстацца вугальным прасам: мог здарыцца пажар).

Музей праса ёсць у горадзе Пераяслаўль-Залескі (Расія, Яраслаўская вобласць). Найбольш вядомыя, знакамітыя музеі прасаў знаходзяцца ў Францыі, у гарадах Лонгві, Рубе.

Вугальныя прасы — па некалькі тысяч штук кожны год у наш час выпускаюць у Польшчы. Эканомячы электрычнасць і газ, палякі са задавальненнем выкарыстоўваюць прасы з прэсаваным вуглём.

У даваенны і пасляваенны час ільняное адзенне, посцілкі, скацеркі, падзоры, прасціны, ручнікі адбельвалі, жлукцілі з дапамогай «лугу» — попелу, які збіралі ў печцы ці грубцы.

У нашых мясцінах яшчэ ў 1970-80 гг. вясковыя жанчыны неслі паласкаць адзенне на рэчку, калі яна была блізка. У сонечны дзень (летам, увосень, вясной, здаралася — і зімой, «у трыццаціградусны мароз», як успаміналі ў Неглюбцы) адпраўляліся ў невялікае падарожжа. Бралі з сабой драўляны пранік, у нейкай пасудзіне — тканіны, адзенне. Падыходзілі да ракі, на беразе якой ляжала невялікая драўляная кладка — дошка. На яе клалі складзеную роўна кашулю ці нешта іншае, разоў дзесяць ці болей білі па ёй пранікам, паласкалі ў вадзе. Вядома, гэтак рабілі летам: гадзіну, а мо і дзве, жанчына стаяла ў вадзе. Пасля таго рассцілала адзенне, ручнікі на траву, непадалёк ад берага, каб яны высахлі.

Цяжкі, але такі прыемны занятак! Ён апісваецца ў песні «Ручнікі» на словы Веры Вярбы, якой у бібліятэцы распачалася прэзентацыя выстаў. Музыку да тэкста стварыў Мікалай Пятрэнка. Песня была ў рэпертуары славутых «Песняроў»:

У суботу Янка ехаў ля ракі,
пад вярбой Алена мыла ручнікі.
«Пакажы, Алена, броды земляку:
дзе тут пераехаць на кані раку?
Адчапіся, хлопец, едзь абы-куды,
не муці мне толькі чыстае вады!..» і г.д.

Пасля таго, як тканыя рэчы высахнуць, гаспадыня ў хаце распачынала цудадзействы з прасам.

Драўляным прасам асабліва добра разгладжваць ільняную тканіну, яшчэ крыху вільготную. У такім разе няма страху праз тое, што тканіну можна незнарок прапаліць. Такое часам здаралася, калі карысталіся чыгунным прасам, на дно якога звычайна сыпалі бярозавыя вугалькі. Даўно заўважана: згараючы, бярозавыя дровы амаль не даюць сажы і копаці. Бярозавыя вугалькі перагараюць даволі доўга, пры тым — без полымя і дыму. Дрэва, паміраючы дарэшты, перадавала сваё цяпло, свой апошні подых тканіне, чалавеку.

У чыгунным прасе вуглі размяшчалі ўнутры корпуса (тулава) і закрывалі накрыўкай. Зверху, для лепшай цягі, іншы раз рабілі трубу. Для таго, каб вугалькі даўжэй і лепш гарэлі, рабілі спецыяльныя адтуліны па баках. У іх дзьмухалі, каб зноў распаліць вуглі, якія астылі, або размахвалі прасам з боку ў бок. Такі прас награваўся на працягу трыццаці хвілін, прыкладна столькі ж захоўвалася цяпло.

Шыкоўна выглядаюць народныя жаночыя строі адзення нашай мясцовасці. Асабліва, калі ў іх склад уваходзіць гафрыраваны андарак. Яго шылі з тонкага ўзорнага сукна ці з паўсукна. Тканіну акуратна складвалі «у гармонік», атпарвалі, кладучы на яго загорнуты ў ручнік гарачы хлеб. Пасля гэтага — прэсавалі. Былая жыхарка Веткі, Феня Рыгораўна Валчкова, 1921 г.н. (нарадзілася ў в. Покаць Чачэрскага раёна), расказвала так: «Ой, у Марачкі быў красівы андрак! У дамашніх условіях можна было дзелаць пад прэс. Пяклі хлеб. Складывалі мацерыю — як плісіроўка… Складуць у гармоньку, засцеляць палаценца наверх. А тады — хлеб гарачы клалі на палаценца. Чатыры круглыя булкі якраз умяшчаліся на ўсю дліну. Ляжаў хлеб, пакуль не астыня. У Покаці насілі камлёты. І андракі тожа насілі. Камлёты былі чорна-красныя. Кофтачкі былі з краснага саціну… насілі іх пад напуск. Бацінкі празнічныя былі. Цэркаў да вайны у Фёдараўцы была (Веткаўскі раён — Л.Д. Раманава). Баба мая брала ў цэркаў смяротную адзежу, штоб грахі ачышчаліся. Брала ў вузялочку. Сама спавядалася, і адзежу асвячала».

Паравыя вугальныя прасы з'явіліся ў ХVII ст.

У ХVIII ст. у Расіі была наладжана прамысловая вытворчасць прасаў. Іх выраблялі Дзямідаўскія ды іншыя ліцейныя заводы. Першы ўспамін пра вугальны прас ёсць у кнізе запісаў царыцы Еўдакіі — жонкі Міхаіла Фёдаравіча Раманава ў 1636 г.: «Генваря в 31 дня, кузнецу Иванке Трофимову 5 алтын, а он за те деньги сделал в царицыну палату утюг железный».

Ёсць звесткі пра тое, што ў ХIХ ст. чыгунны прас каштаваў даволі дорага — адзін рубель. Яго існаванне ў сям'і сведчыла пра заможнасць, багацце гаспадароў. Некаторыя прасы вырабляліся як сапраўдныя творы мастацтва. Іх упрыгожвалі: некаторыя часткі рабілі ў выглядзе галавы змяі, ці самой змяі (пэўна таму, што яе шыпенне атаясамлівалася з «шыпеннем» вады, пры дапамозе якой вызначалі, ці добра нагрэўся прас). Ёсць прасы, упрыгожаныя рознымі завіткамі, геаметрычным арнаментам, галавой льва. Асобныя зроблены ў выглядзе дэльфіна, карабля.

Простыя прасы рабілі з чыгуна, больш дарагія — з бронзы, якую інкруставалі срэбрам ці меддзю.

Існавалі прасы: чыгунныя наплітныя (для таго, каб разагрэць, іх ставілі на спецыяльную печку), духавыя (у іх засыпалі гарачыя вугалькі), газавыя, спіртавыя, прасы з устаўкамі (з душой), спецыяльныя прасы для пальчатак, для манжэтаў, для прасавання шынеляў. Былі прасы, зробленыя спецыяльна для ляўшэй… Мноства прасаў рознага віду набывалі для сябе краўцы: без іх немагчыма было пашыць добрую рэч.

І хоць 6 чэрвеня 1882 г. амерыканец Генры Сілі запатэнтаваў электрычны прас, драўляныя ды чыгунныя прасы яшчэ доўга карысталіся вялікім попытам у насельніцтва.

Іншы раз унутры корпуса чыгуннага праса можна ўбачыць пячатку, на якой даюцца звесткі: месца, час яго вырабу. Напрыклад: «Раённы прамкамбінат. Г. Мінск. БССР». Вытворчасць прасаў у гэтым прамкамбінаце была наладжана на працягу 1946-1955 гг. Або: «Лідсельмаш» Тут прасы выраблялі ў 1950-60 гг. Вельмі распаўсюджаны прасы з пячаткай, на якой пазначаны г. Касімаў (Расія, Разанская вобласць). Тут працаваў прасава-механічны завод (з сярэдзіны 1950-х да сярэдзіны 1960-х).

У Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў калекцыі побыту захоўваецца даволі вялікая колькасць чыгунных і драўляных прасаў, знойдзеных падчас навуковых экспедыцый у вёсках Веткаўскага, Добрушскага раёнаў. Ёсць прасы з пячаткамі, пра якія вялася размова вышэй, ёсць прас з выявай галавы мужчыны (на задняй сценцы); партрэтная выява Л.М. Талстога? На выставе экспануецца прас з трубой, які быў падараваны музею Леанідам Лявонавічам Галафаевым, знакамітым веткаўскім рэзчыкам па дрэве, былым супрацоўнікам музея. Некалі прас належыў брату дзядулі Л.Л. Галафаева, Даніілу Трафімавічу Галафаеву (1862-1946) і яго жонцы, Марыі Трафімаўне Галафаевай (1864-1965). У асобнай вітрыне — драўляны прас, які належыў Полаўцавай Куліне Іванаўне, якая нарадзілася ў Ветцы, жыла на вуліцы Д. Кавалёва. У бацькі яе мужа, Івана, на вуліцы Кавалёва, быў невялікі, самадзельны цагляны завод. «Мая мама помніла, што ўсё дзецтва гліну нагамі мясілі. Дзеці дажа памагалі і абжыгалі той кірпіч. Помню, увесь гарод быў закіданы кірпічом… » — згадвае веткаўчанка Любоў Сямёнаўна Яўмененка.

Кожны з прасаў — маўклівы сведка жыцця той ці іншай сям'і ці асобнага чалавека. Можа, і да іх у пераносным сэнсе можна адрасаваць словы: «Некаторыя людзі не чуюць, што ты ім кажаш, а некаторыя чуюць, пра што ты думаеш» (Анарэ дэ Бальзак). Чыгунныя а таксама й драўляныя прасы «выслухоўвалі» думкі не аднаго пакалення жанчын, якія бралі іх у рукі.

Алена Аляксееўна Яськова, якая жыве ў Ветцы, распавяла пра тое, што й сёння даволі часта карыстаецца качалкай, якую ёй маці, Таццяна Мікалаеўна Калеснік, па мясцовай традыцыі, падарыла на вяселле: у кожнай гаспадыні павінен быць свой прас. Таццяна Мікалаеўна, па словах дачкі, болей пяцідзесяці гадоў прасуе бялізну толькі драўлянай качалкай, якую, у свой час, ёй падарыла на вяселлі яе маці, Феня Пятроўна Мяцельская (1919-1993). Яна нарадзілася і жыла ў вёсцы Міцькі Мазырскага раёна.

І хоць у наш час ёсць многа тканін, якія не патрабуюць асаблівага догляду, прас застаецца неабходным, верным і надзейным памочнікам чалавека.

Аўтар тэкста: Ларыса Раманава
Аўтар фота: Ларыса Раманава, Ганна Кадолава

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика