А ці верыце вы ў русалак? Ёсць на Беларусі вёсачкі, дзе старыя людзі памятаюць, як іх у дзяцінстве пужалі: “Не хадзі ў жыта, не тапчы яго, бо там русалкі жывуць!” Мабыць, таму і захаваўся дагэтуль у такіх мясцінах архаічны абрад пад назвай “Русалле”.

На адным з такіх абрадаў пабывалі супрацоўнікі Веткаўскага музея. Праводзіўся ён у памежнай з Украінай вёсцы Усохская Буда, што ў Добрушскім раёне.

Спрадвеку Русалку вадзілі напрыканцы Гранога тыдня – тыдня пасля Троіцы. Жыхары Усохскай Буды ўбіралі маладую пару – хлопца і дзяўчыну, што мусілі ў хуткім часе пабрацца шлюбам – у бярозавыя ды альховыя галінкі. А потым вялі іх з адмысловымі спевамі з аднаго канца вёскі ў другі. Там іх “распраналі” – здымалі з іх галінкі, якія забіралі з сабой, каб потым прынесці дадому і кінуць на градкі: паводле слоў тутэйшых жанчын, менавіта вольха і бяроза абараняюць ураджай ад “усякай нечысці”.

Дарэчы, калі Русалка не паспявала хутка развязаць паяс, якім прымацоўвалася голле, то яе валілі на зямлю і тым самым голлем лупцавалі.

Быў таксама звычай “тапіць” Русалак – акунаць іх у ваду. А пасля ўсіх абрадавых дзеянняў, як кажуць мясцовыя жыхары, “ноч – песні, танцы… ”

Мясцовыя ж і прызнаюцца: сёння засталася “толькі пятая частка ад таго, што раней было”. Сапраўды, у вёсцы больш не шукаюць хлопца і дзеўку, а апранаюць дзвюх дзяўчын шлюбнага ўзросту. Не вядуць больш Русалак “тапіць”, а даводзяць да клуба, дзе спяваюць у асноўным фольк-стылізацыю, распаўсюджаную на беларускай эстрадзе. Няма ўжо месца і колішнім песням-танцам ноч напралёт: даўно ўжо не той узрост маюць тыя, хто водзіць Русалку. Да таго ж, было відавочным, што ніхто нават не апрануў бы строі, каб не прыехалі госці з Гомеля.

- На дадзены момант існуе тэндэнцыя да адраджэння свят такога кшталту, - дзеліцца ўражаннямі ад пабачанага супрацоўнік Веткаўскага музея Пятро Цалка. – Але ж мы зараз знаходзімся на раздарожжы: захаваць аўтэнтычнае свята з яго сакральным сэнсам ці зрабіць нешта відовішчнае. Ад таго, на які бок схіляцца вагі, і будзе залежаць лёс нашай культуры. Пакуль яшчэ жывыя носьбіты традыцыі, ёсць спадзяванне і на захаванне сапраўднай традыцыі. Але ж, на жаль, яе пераемнікі пераходзяць на бок відовшчнасці, што і засведчылі мы, калі маладыя жанчыны хацелі пачаць спяваць пазаабрадавыя песні пад гармонік не дачакаўшыся завяршэння абрадавых дзеянняў.

Нягледзячы на “пятую частку”, што засталася ад абраду, ён усё адно жыве. І калі вы раптам праз тыдзень пасля Троіцы апынецеся ва ўсоха-будскіх мясцінах – завітайце на Русалле. Вы не толькі атрымаеце задавальненне ад сузірання гэткай архаікі, але і парадуеце мясцовых жыхароў: ім вельмі прыемна бачыць, што гэта патрэбна не толькі ім.

- Русалле ў Будзе Усохскай можна смела ставіць у адзін шэрах з найстаражытнейшымі беларускімі святамі ("Пахаванне стрялы", "Купалле", "Цярэшка", "Гуканне вясны"), што захаваліся да нашага часу, - распавядае Пятро Цалка. – Сабраўшы разам ўсе запісаныя намі падчас абраду звесткі, у выніку мы маем самае тыповае язычніцкае свята, якімі поўнілася беларуская зямля да пачатку 20 стагоддзя.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика