Яслі-сады №1, №3, №4 г. Веткі, дашкольны Цэнтр развіцця дзіцяці яслі-сад №5 г. Веткі і Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава — даўнія сябры і калегі. Больш за дваццаць гадоў выхаванцы дзіцячых дашкольных устаноў наведваюць музейна-педагагічныя заняткі Школы старажытнай і сучаснай народнай культуры «Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!», якая дзейнічае пры музеі, знаёмяцца з мясцовай духоўнай і матэрыяльнай культурай.

Самае найлепшае месца правядзення — гэта, вядома, музейныя экспазіцыі. С.І. Лявонцьева, Г.І. Лапацін, В.В. Афанасьева, І.А. Юдзіна, Л.А. Новікава, Раманава Л.Д., расказваючы пра тую ці іншую з'яву культуры, карыстаюцца багаццем фондаў Веткаўскага музея — дзеці маюць магчымасць убачыць і тыя экспанаты, якія рэдка выстаўляюцца.

Заняткі ў форме лекцый праводзяцца таксама ў памяшканнях дашкольных устаноў.

Вынікам сумеснай адукацыйна-выхаваўчай працы музея і ясляў-садоў г. Веткі стала перамога (Дыплом II ступені Пераможцы) ў Міжнародным конкурсе аўтарскіх метадычных распрацовак у галіне дашкольнай педагогікі, які адбыўся 7 кастрычніка 2016 г. у Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэце ў межах ХI Фестываля навукі ў Маскве.

Вучні Веткаўскай гімназіі кранаюць рукмі каласкі жыта

Новы інтэрактыўны праект для дзяцей «Спазнаю гісторыю рукамі» — шыкоўны падарунак Веткаўскага музея выхаванцам дзіцячых ясляў-садоў, вучням СШ №1 г. Веткі імя А. А. Грамыкі, Гімназіі г. Веткі, жыхарам і гасцям горада — усім тым, хто любіць нашу зямлю і цікавіцца яе далёкім і блізкім мінулым. Так, у гэтай экспазіцыі можна убачыць амаль поўнасцю захаваны, вельмі прыгожы гліняны збан, знойдзены на ўзбярэжжы Сожа (каля самой Веткі), які датуецца XVII ст., і костку маманта — асцюкаваты пазванок, знойдзены таксама ў Сожы. Яму налічваецца аж 20-24 тыс. г. Прыкладна 24 тыс. г. — першабытнай стаянцы, Бердыжу (урочышча знаходзіцца ў суседнім, Чачэрскім раёне). Гэтыя рэчы трапілі ў музей у 2018 г., як і гліняныя гаршкі (некаторым з іх — 2-3 тыс. г. да н.э.), знойдзеныя падчас беларуска-расійскіх археалагічных раскопак каля вёскі Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Раскопкі праводзяцца на працягу апошніх пяці гадоў. У экспазіцыі можна ўбачыць копіі гліняных гаршкоў, знойдзеных на тэрыторыі Веткаўскага раёна, якія датуюцца, зноў жа, часам эпохі бронзы. І, вядома ж, прадстаўлены сучасныя неглюбскія (і не толькі) ручнікі, узоры на якіх — амаль тыя ж, што і на гаршках, узростам у некалькі тысяч гадоў…

Ларыса Раманава распавадае вучням пра гліняныя знаходкі

Экспазіцыя дапамагае зразумець, якім чынам з развіццём аграрнай культуры развівалася і арнаментацыя керамікі, прасачыць на прыкладзе артэфактаў аднаго рэгіёна ні многа, ні мала — гісторыю развіцця земляробчай індаеўрапейскай культуры, убачыць, як на працягу тысячагоддзяў мяняліся спосабы атрымання мукі, спасцігнуць сэнс асобных мясцовых абрадаў, уяўленняў, звязаных з сяўбой і жнівом…

Ларыса Раманава паказвае вучням жыта

Вучні спрабуюць дакрануцца да мукі

Самае цікавае, што тысячагадовыя ўзоры, сімвалы, знакі, якімі нашы продкі ўпрыгожвалі, надавалі ахоўныя якасці посуду, адзенню і тканінам, захаваліся і жывуць у нашым часе. Варта згадаць багатую, знакамітую неглюбскую традыцыю ткацтва, якая, нягледзячы ні на што, жывая сёння (болей чым 200 назваў узораў — на адных толькі тканых ручніках).

Знаёмства з экспазіцыяй «Спазнаю гісторыю рукамі» распачалося з верасня 2018 г. Для выхаванцаў дзіцячых садоў уваход — бясплатны, для школьнікаў кошт наведання — 1 р. 50 к.

Вучні малююць гліняныя горшчыкі

Вучні спрабуюць намаляваць арнаменты

… Перад намі, акрамя ўсяго іншага, — дажынкавы вянок і «хрэст», зроблены з жытніх каласоў і чырвоных нітак, ступа, жорны, мука і зерне, верацёны, лён і воўна, птушка, зробленая з саломы…

Хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з назвамі старажытных прылад працы, з іх прызначэннем. Асвойваюць дзеі-прыёмы старажытных заняткаў-прафесій: ганчара, мастака, млынара, пекара, сейбіта, і адну з самых «маладых» — археолага. Дакранаюцца рукамі да гліны, (услухоўваюцца, як яна «шэпча», калі яе замешваюць у вадзе), да воўны, лёну, тканіны, паперы, пяску, мукі і зерня, коласа, алоўка. Углядваюцца, як прарослае зернятка карэньчыкам ўрастае ў мокрую гліну, а растком, сцяблінкай узрастае ўверх. Птушыным пяром, рыбінай костачкай, пруцікам, каласком, ды іншымі прадметамі (і спосабамі) наносяць узоры на гліну (як гэта было ў даўніну), малююць з натуры гаршкі, збаны, аздабляючы іх крыжыкамі, ромбамі, іншымі знакамі.

Вучні пером малююць арнаменты на гліне

Нездарма дзяцей называюць маленькімі філосафамі. На адным малюнку — гаршчок, на ім — мноства авалаў. «А што — гэта?» — пытаюся ў сямігадовага аўтара. — «Бульба варыцца»! Праз некалькі хвілін над гаршком хлопчык малюе хвалістыя вертыкальныя лініі. «Гэта — што?» — «Пар над бульбай!»

Вучні падлічваюць колькасць зярняткаў у каласке

Дапамога каласка пры нанясенні ўзора на гліну

Аўтар: Л.Д. Раманава
Аўтар фота: А.В. Пічуха

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика