Велікодныя пісанкі сваімі рукамі. У філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці прайшоў майстар-клас па пісанках.

Сучасныя людзі страшэнна абленаваліся… Велікодныя кулічы цяпер не выпякаюць, а набываюць у краме. Яйкі фарбуюць ва ўсе колеры вясёлкі – дарма што хімічных фарбавальнікаў хапае – ды лепяць на іх безгустоўныя налепкі. Дакрануцца да архаікі і паспытаць, што ж гэта такое – рабіць пісанкі ўласнымі рукамі – прапанаваў напярэдадні Вялікадня філіял Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава.

Але напачатку супрацоўнік музея Пятро Цалка звяртаецца да сімволікі яйка ў міфалогіі і фальклоры.

Нашыя продкі лічылі, што з яйка нарадзіўся свет. Ёсць, дарэчы, пэўнае размежаванне паміж крашанкамі (проста пафарбаванымі яйкамі) і пісанкамі. Паводле самых распаўсюджаных звестак, чырвоны колер крашанкі – гэта кроў Хрыста, якую ён праліў за грахі людзей, а пісанка ўтварылася, калі Маці Божа плакала над Хрыстом і яе слёзы трапілі на фарбаванае яйка. Воск, пры дапамозе якога мы будзем рабіць пісанкі, сапраўды падобны на слёзы, якія капаюць на яйка і ствараюць малюнак.

Далей Пятро распавядае яшчэ некалькі легенд, звязаных з паходжаннем велікоднага яйка. Так, напрыклад, адна сцвярджае, што чырвонае яйка прынеслі ў дар нованароджанаму Ісусу Хрысту. Другая распавядае аб тым, што Маці Божая сама рабіла цацкі-пісанкі, каб Ісус з імі гуляўся. А вось яшчэ адно меркаванне: калі чалавек, які нёс яйкі, паведаміў габрэям вестку пра ўваскрашэнне Хрыста, тыя адказалі: “Ды хутчэй твае яйкі пачырванеюць, чым ён уваскрэсне!”. І ў гэты момант яйкі пачырванелі.

Гэткіх легенд і іх варыянтаў – вялікае мноства.

Не застаецца па-за ўвагай і колішняе язычніцкае ўспрыманне яйка як сімвала жыцця: на Гуканне вясны, на Яраванне з ім былі звязаны пэўныя рытуальныя дзеянні, якія мусілі прадуцыраваць новую сілу. Спрыяла яйка і абароне хаты, а таксама здароўю хатняй жывёлы: калі першы раз выганялі карову, клалі яйка на ганак, і жывёліна мусіла яго пераступіць.

Гэта звязана з формай яйка: яно круглае і гладкае. Лічылася, што карова павінна быць сытай і такой жа круглай і гладкай, - распавядае Пятро Цалка.

Але ж яйка выкарыстоўвалася і ў чорнай магіі:

Замоўленае яйка падкідвалі да чалавека, якому хацелі зрабіць нешта дрэннае.
І, нарэшце, надыходзіць час, каб узяць у рукі алоўкі і пачаць вымалёўваць на яйку ўзоры. Нехта карыстаецца малюнкамі, прапанаванымі Пятром, а нехта – сваёй ўласнай фантазіяй. Справа гэта марудная і вельмі руплівая: трэба не толькі намаляваць на шкарлупіне ўзор, але і, наносячы маленькія кропелькі расплаўленага воску, абвесці яго, затым пафарбаваць яйка. І толькі тады, трымаючы над агнём, сцерці анучкай васкавы малюнак.

Атрымліваюцца прыгожыя чырвоныя яйкі з белым малюнкам: кветачкамі, сонейкамі, птушачкамі… Моладзь “вычвараецца” на ўсе лады: нехта зрабіў пісанку з выявай кардыяграмы.

Ідучы сюды, я чакала добрай кампаніі, добрага настрою, як ад усіх майстар-класаў. Чаканні спраўдзліся, - дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца Марына. – Даведалася шмат новага. Па-першае, я пазнаёмілася з тэхналогіяй вырабу пісанак. Па-другое, я не ведала раней, што існуе столькі меркаванняў, адкуль узяліся пісанкі. Цікава было даведацца, што ўсё гэта звязана яшчэ з язычніцкай традыцыяй.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика