У філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Шклярава адбылося адкрыццё адразу дзвюх выстаў. Іх назвы – “Веткаўская буквіца” і “Белая птушка – нявеста”.

Як вырошчваць буквіцу ў кнізе-садзе

- Уявіце, што вы дрэва, што ў вас ёсць ствол. І што вы хочаце вырасціць з сябе… напрыклад, літару “Г”. Паспрабуйце выцягнуць адну руку ўбок. Адчуваеце, куды зацягвае вас гравітацыя?.. – з дапамогай гэткага перфомансу дырэктар Веткаўскага музея Галіна Рыгораўна Нячаева тлумачыць прысутным, як праходзіла праца музейных работнікаў з вучнямі мастацкай школы.

Справа ў тым, што праекту “Веткаўская буквіца” ўжо больш за 20 год. Сёння ён выйшаў на новы віток: музей пачаў працаваць з вучнямі дзіцячай мастацкай школы г.Гомеля. Супрацоўнікі музея правялі ў школе некалькі майстар-класаў, і сёння вынікі гэтага навукова-творчага саюзу вы можаце пабачыць на ўласныя вочы ў экпазіцыйнай зале філіяла.

Веткаўская рукапісная кніга – унікальная з’ява. Унікальнасць яе не толькі ў асаблівасцях спалучэння колераў, у самім арнаменце, але і ў тым, што на Ветцы яна стваралася пачынаючы з канца XVII стагоддзя і да 1930-х гадоў – у час, калі рукапісная кніга ўжо памірала. Спецыяліст па веткаўскай кніжнай культуры Святлана Іванаўна Лявонцьева звяртае ўвагу на кнігі з абсалютна нечытэльнымі сімваламі – крукамі, або знамёнамі. Гэта пеўчыя кнігі, яны былі найбольш запатрабаванымі і нават па сённяшні дзень выкарыстоўваюцца для спеваў у стараверскіх цэрквах.

Што ж такое веткаўскі кніжны арнамент? Гэта райскі сад, населены райскімі птушкамі: сірынамі, алканостамі, паўлінамі… Гэта таксама пэўная свабода выяўлення творцы-майстра, злучэнне рэалістычных элементаў з мудрагеліста-фантастычнымі, што паспрабавалі перадаць у сваіх работах і вучні мастацкай школы. Аднак ёсць тут і дзіцячыя працы, у якіх відавочна перайманне традыцыі: яе колеравай гамы, элементаў расліннага арнаменту, спецыфічных прыёмаў.

Святлана Іванаўна вядзе прысутных па сцяжынках гісторыі рукапіснай веткаўскай кнігі, адкрываючы таямніцы стварэння веткаўскай буквіцы. Напрыканцы адкрыцця прыхаджанін стараверскай царквы Андрэй Несцяровіч даказвае, што на старонках вышэйзгаданых пеўчых кніг – не проста незразумелыя іерогліфы, а знакі і ноты, па якіх можна спяваць. Ён дэманструе запіс царкоўных спеваў маскоўскага хора Андронікавага манастыра пад кіраўніцтвам. Б. П. Кутузава. Была ў прысутных і ўнікальная магчымасць пачуць жывыя песнапенні: Андрэй праспяваў на ўласны голас урывак з аднаго з пеўчых рукапісаў.

- На першы погляд гэта падобна на кітайскія іерогліфы. А на самой справе гэта старажытнейшыя знамёны, якія прыйшлі на Русь з Візантыі разам з прыняццем хрысціянства. Пазней словы былі перакладзены на рускую мову, але самі мелодыі захаваліся, - распавядае Андрэй.

Такім чынам, у зале філіяла выдатна пасябравалі старажытная буквіца, створаная веткаўскімі майстрамі, і буквіца сучасная, вырашчаная юнымі мастакамі. Дзеці мелі магчымасць адчуць сябе вучнямі колішніх майстроў, спасціглі сутнасць традыцыі, здолелі праявіць уласную творчую свабоду і фантазію. Настаўнікі мастацкай школы сведчаць: вучням самім было цікава падачыняцца з унікальнай традыцыяй. Напрыклад, самым маленькім пяцігадовым дзецям было дадзена заданне аздобіць першую літару ўласнага імя, і яны ў сваіх працах імкнуліся да адлюстравання сябе, свайго ўнутранага свету.

Кожны наведвальнік выставы можа пакінуць у адмысловай кнізе водгук на лепшую працу вучняў мастацкай школы. Бліжэй да закрыцця выставы будзе зладжаны конкурс з вялікай колькасцю намінацый, дзе будуць адзначаны лепшыя дзіцячыя работы.

Адзін прадмет аднаго ўбору, аднаго абраду, адной традыцыі і адной вёскі

Размова ідзе пра неглюбскую вясельную кашулю. Менавіта ёй прысвечана выстава “Белая птушка – нявеста”. На першы погляд, нічога асаблівага ў кашулі няма, аднак пераконваешся ў адваротным, зірнуўшы на павялічаны фатаздымак яе фрагмента: кожны сантыметр паверхні поўны прыгажосці, працы, гармоніі і геаметрыі старажытных знакаў.

І па сённяшні дзень нявеста ў першы дзень вяселля апранае белую вясельную сукенку, а на другі мяняе яе на каляровую. Але мала хто ведае пра карані гэтай традыцыі.

- На першы дзень нявеста апранае белую кашулю, на другі – чырвоную. Белая кашуля – не толькі сімвал чысціні нявесты. Яна памірала ў сваёй ранейшай якасці. Яна развітвалася са сваімі сяброўкамі, з якімі раней пляла вянкі і вадзіла карагоды ў гаі, развітвалася са сваімі бацькамі… Белы колер – сімвал прыналежнасці нявесты да замагільнага свету, - тлумачыць сутнасць традыцыі Галіна Рыгораўна Нячаева.

Вось так дзяўчына ператвараецца ў белую птушку. Такое параўнанне – не выпадковае. Атаясамленне нявесты з птушкай разам з матывам гібелі і новага нараджэння ўласціва і вясельным песням, запісаным у вёсцы Неглюбка.

Звяртаецца ўвага і на незвычайную тэхніку выканання, уласцівую прадмету вясельнага ўбору. Экспанаты-кашулі аздоблены павялічанымі фрагментамі, на якіх добра відаць асаблівасці гэтай тэхнікі. Семантыка старажытных сімвалаў і арнаментаў таксама не застаецца па-за ўвагай.

Асаблівай акцэнту заслугоўваюць рукавы. Яны ў вясельнай кашулі прымацоўваюцца своеасаблівым швом, адрозным ад кашулі штодзённай. Тэхніку, што пры гэтым выкарыстоўваецца, Галіна Рыгораўна параўноўвае з вырабам сеткі. З яе дапамогай будучая нявеста нібы спрабуе злавіць дабро, ўплятаючы туды пэўныя сімвалы.

Стаяць і слухаюць, нібы зачараваныя і злоўленыя ў сетку, наведвальнікі, сягаючы пад кіраўніцтвам спадарыні Нячаевай у сівую старажытнасць, адбітую на кашулі неглюбскай нявесты.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика