Па традыцыі ў маі Веткаўскі музей зладзіў акцыю “Ноч музеяў”. На гэты раз мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Міжнароднага дня музеяў, прайшло не ў гомельскім філіяле, а ў самой Ветцы.
Уваход у музей у дзень правядзення акцыі быў бясплатны, а вось выхад каштаваў 5 000 рублёў, за якія кожны наведнік мог атрымаць падарункі. А да пачатку праграмы, якая адбывалася на вуліцы, можна было трапіць і на бясплатныя экскурсіі ад нашых навуковых супрацоўнікаў і дырэктара Галіны Нячаевай. Акрамя таго, на другім паверсе праходзіў мастацкі пленэр "Музей, які натхняе… ", а з музеямі свету госці маглі пазнаёміцца дзякуючы 250 сучасным выданням, якія падрыхтавалі для экспанавання Веткаўскі музей і Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна.
Вулічную праграму распачаў калектыў “Стаўбунскія вячоркі” (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н). Яны паказалі частку абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы”. Ужо хутка – 21 мая – “хаваць стралу” жанчыны будуць у самім Стаўбуне.
Далей працягнулі моладзевыя гурты. Сярод іх – як тыя, з кім мы ўжо не першы раз сустракаемся на нашых акцыях (гомельскія калектывы “Біфолк”, “Ягорава Гара”, “Млын Сонца”), так і тыя, хто падтрымаў нашу “Ноч музеяў” упершыню (“Літы талер”, г. Мінск). Сярэднявечная музыка, якую выконвалі гурты “Млын Сонца” і “Літы талер”, не магла абысціся без заўсёднікаў-танцораў – клуба гістарычнага танца “Бельфіорэ”.
Завяршыў праграму, як і ў мінулым годзе, тэатр агню Atesh.
На жаль, сёлета нам вельмі не пашанцавала з надвор’ем: холад , моцны вецер і нават дождж. Ад таго не былі рэалізаваныя некаторыя задумы.
- Планаваліся актыўныя пляцоўкі для моладзі з выкарыстаннем музейных адукацыйных напрацовак, майстар-класы, мастацкі пленэр, кніжныя выставы, што раскрывалі тэматыку музеяў і музеязнаўства… - падзяліўся нерэалізаванымі планамі загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка.
Але пачатак правядзенню “Ночы музеяў” у Ветцы быў пакладзены і, магчыма, падрыхтаваныя напрацоўкі можна будзе скарыстаць у будучым.
Дапамаглі ў правядзенні акцыі ЧСУП “Линия сноса” і аператар вонкавай рэкламы “ДиМедиа”.
Глядзіце фота з “Ночы музеяў-2015” у Ветцы.