… І тут мы ўбачылі яго… Нешта вялікае, доўгае, шыза-цёмнае, гладкае, выпуклае, завостранае па абодвух канцах, ляжала на траве паўз плот.

Так, гэта быў ён, стары човен. Яго чакала спальванне ў топцы кацельні ў якасці паліва (разам з рэшткамі старых вясковых разбураных хат). Відавочна, там, дзе стаялі гэтыя хаты, зараз роўная, як гліняны ток, зямля; праўда, не глеба, а пясок, вырыты бульдозерамі з тоўшчы зямлі. Такое цяпер часта бачыш.

— У нас такія драўляныя чоўны доўбанкамі называюць. І гэты — доўбанка. Толькі ж ён — рэдкі, бачыце — двайны, спараны, — расказвае адзін з выратавальнікаў чоўна, жыхар Чачэрскага раёна, Дзмітрый Канавалаў. Човен знайшлі ў Рудні-Нісімкавіцкай. З асіны зроблены. Стаяў, прыхілены да сцяны. Добра было на ім плаваць, — устойлівы, не перакуліцца. Плавалі на ім па рацэ, па Покаці…

Па словах жыхара в. Покаць, Івана Ціханавіча Пісьменнікава, на такім чоўне ён плаваў па Покаці ў 1960-70-я гг. У в. Покаць такі човен называлі «бычкамі»: сваёй формай ён нагадвае двух бычкоў-валоў, на якіх калісьці аралі зямлю. Звычайна іх запрагалі ўпару, вешалі на шыю ярмо.

Стаю каля чоўна. Такое адчуванне, што стаіш каля вялізнай, выкінутай хвалямі на бераг рыбіны (ці ёсць у нетрах нашых рэках самы даўжынёй 3, 5 метры?) або … неспазнанага касмічнага аб'екта. Разглядвала сёлета метэарыты рознай вагі і формы ў адным з музеяў Вены — такога адчування не было.

Жыццё гэтага чоўна было напоўнена рухам і амаль пастаянным сутыкненнем з таямнічым падводным іншасветам. Рэкі пракладваюць і вядуць свой шлях у вечнасць, і рух гэтага чоўна пакінуў свой адбітак на тле часу. 

Цяжка сказаць, колькі дзесяткаў гадоў плаваў човен па рацэ Покаць, спраўна нёс службу ў мясцовых рыбакоў у цёплую пару года, гойдаўся на пяшчотных хвалях, прымушаў шаптаць высокі густы рачны чарот, які расце па берагах, і, разам з тым, палохаў вадзяное птаства — шэрых чапляў, качак, кулікоў, зімародкаў ды іншых цікавых насельнікаў — жабак, выхухаляў, вужоў, шчупакоў… А зімой ці ў познюю восень, калі Покаць стаяла закутая ільдом, човен ціхенька драмаў каля людзской сядзібы, пад саламянай страхой, схаваны ад празмерных промняў сонца.

Човен, цудоўным чынам уратаваны з нябыту, яшчэ распавядзе многае пра нас, людзей.

Човен — толькі адзін з тысяч прыкладаў, калі прадметы забытыя і пакінутыя на волю лёсу знаходзілі ў нашым музейным зборы сваё выратаванне. Вы — ратуеце, музей — захоўвае!

Аўтар тэксту: Ларыса Раманава
Аўтар фота: Аляксандр Нікіцін

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика