«Пра што звініць і шэпча гліна?»

У Дзень ведаў разам з класным кіраўніком Наталляй Іванаўнай Паўловіч у Веткаўскі музей завіталі вучні 4 «В» класа СШ №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі. Інтэрактыўны праект для дзяцей «Спазнаю гісторыю рукамі», які ажыццяўляецца ў этнаграфічна-археалагічнай экспазіцыі музея, закліканы пашыраць веды дзяцей пра мясцовыя ўнікальныя артэфакты, якімі так багаты наш рэгіён. Пры гэтым ёсць магчымасць спазнаць гісторыю сваімі рукамі: напрыклад, самому зрабіць саламяны мат (для ўцяплення пчол на зіму, як гэта пчаляры рабілі даўней) у часе заняткаў «Пчала ў традыцыйнай беларускай культуры», або — сплесці вузенькі паясочык, або — паспрабаваць нанесці ўзоры на вільготную гліну старажытнымі спосабамі падчас заняткаў «Гліняныя метамарфозы: пра што звініць і шэпча гліна?».

Дзеці даведаліся пра многае: услухоўваліся, як шэпча сухая гліна, калі напаўняецца вадой, углядваліся ў прарослае ў гліне і чарназёме зерне (маленькія сцяблінкі-парасткі ўзрастаюць адначасова зялёнага і цёмна-чырвонага колеру), слухалі, як звініць маленькі гліняны званочык, і як спяваюць розныя гліняныя птушкі-свістулькі…

Размаўлялі пра тое, што гліна на працягу многіх тысячагоддзяў была і застаецца неабходным матэрыялам для жыцця людзей: з гліны робяць посуд, будуюць дамы, гліну выкарыстоўваюць у якасці лекаў, ды інш.

Мой аповед пачаўся словамі: «Мы з вамі маем рэдкую магчымасць — прыйсці ў Веткаўскі музей і ўбачыць гаршкі, якія зрабілі нашы продкі 2-3 тысячы гадоў да н.э., якімі яны карысталіся. У нас ёсць знакамітыя ўрочышчы: Стрэліца (непадалёк ад вёскі Рудня-Шлягіна), Серыкава гара (каля пасёлка Чамярня), у якіх знаходзяцца знакамітыя археалагічныя помнікі. У Веткаўскім раёне ёсць шмат, не менш цікавых, археалагічных помнікаў».

Гаршкі, якія мы бачым у экспазіцыі, былі знойдзены археолагамі ў нашай мясцовасці падчас раскопак, і не толькі. Вось гэты гаршчок (захаваўся не поўнасцю) быў знойдзены на дне Сожа каля выратавальнай станцыі (Спасалкі) у Ветцы. Быў зроблены ў бронзавым веку. Як ён трапіў у ваду?

Тут ёсць гаршкі, якімі карысталіся ў Ветцы і нашых вёсках гадоў дзесяць-дваццаць таму назад.

Побач з гаршкамі — тканыя чырвона-белыя ручнікі. Узоры на ручніках і гаршках перагукваюцца ўжо некалькі тысяч гадоў. Мы бачым, што яны — даволі падобныя. Дзеці старанна малявалі гаршкі з натуры: варэйкі, глякі, макатры, жбаны, махоткі, куўшыны, аздабляючы іх ромбамі, хвалістымі лініямі, крыжыкамі — старажытнымі сімваламі зямлі, вады, сонца… А то — і кветкамі, жытнёвымі каласамі. Усе малюнкі гаршкоў атрымаліся рознымі па форме і колеры.

А пазней дзеці паспрабавалі на вільготнай гліне крэсліць узоры старажытнымі спосабамі: з дапамогай пруціка са шнурам, птушынага пяра, косткі рыбы, завостранай палачкай, грабеньчыкам, жытнім коласам. Прыемны занятак!

Аўтар тэкста: Л.Д. Раманава
Аўтар фота: А.С. Нікіцін

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика