Філіял Веткаўскага музея зноў сабраў сяброў на Саракі, каб пагукаць вясну на левым беразе ракі Сож. Сярод удзельнікаў – супрацоўнікі філіяла, сябры ГМКГА “Талака”, калектыў “Стаўбунскія вячоркі” (в. Стаўбун), гарманіст Віктар Шыпкоў ды іншыя цікаўныя людзі з Гомеля і Жлобіна.

Вогнішча было разведзена па прыходзе на месца вельмі хутка: драўніна была падрыхтавана загадзя. Таму ва ўсіх, хто змерз па дарозе ў страшэнную завіруху з мокрым снегам, што спусцілася на горад, была магчымасць сагрэцца. Дынамічна прайшлі і іншыя этапы падрыхтоўкі да абраду: хлопцы павесілі арэлі, дзяўчыны і жанчыны ўпрыгожылі стужкамі дрэўца і зрабілі пудзіла зімы.

Вясна змяніла сабой зіму проста на вачах. Гэта адбылося падчас магічных веснавых спеваў, якія распачалі ўдзельніцы “Стаўбунскіх вячорак”: з-за аблокаў пачало выглядваць сонца, а пра ранішнюю завіруху засталіся толькі ўспаміны.

Акрамя традыцыйных спеваў і карагодаў, удзельнікі актыўна далучаліся да гульняў. Прычым не меншы за маладых – а то і большы – імпэт праяўлялі і стаўбунскія жанчыны. Не дарэмна дзякавалі, ад’язджаючы з Гомеля:

- Дзякуй, што запрасілі! Мы побач з вамі маладзеем.

Адной з адметнасцяў Гукання вясны-2015 стала тое, што да нас нарэшце дабраўся музыка і атрымалася крыху патанчыць пад гармонік народныя танцы. У астатнім жа рэгламент абраду мала чым адрозніваўся ад мінулагодняга. І прыдумалі яго не мы самі, а беларускі народ.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика