Веткаўшчына – адзін з самых багатых на "традыцыйныя цуды" рэгіён Беларусі: неглюбскія ручнікі ды народнае адзенне, драўляная архітэктурная разьба, іканапіс, чаканка, разныя залачоныя ківоты, шыццё бісерам ды жэмчугам, старажытныя рукапісы, архаічныя абрады і спевы… На шчасце, гэты рад можна працягваць да бясконцасці. Асаблівую ўвагу сярод абрадавай культуры рэгіёна прыцягвае да сябе традыцыя святкавання "Стралы", або, дакладней, "Ваджэння і пахавання Стралы".

Як сцвярджаюць навукоўцы, у свой час "стрэльныя" спевы ды карагоды былі неад’емнай часткай абрадавага жыцця ўсяго Усходняга Палесся. На дадзены ж момант менавіта на Веткаўшчыне і ў суседніх вёсках Браншчыны можна сустрэць гэты абрад у жывым бытаванні. Але за агульнасцю назвы – "Пахаванне Стралы" – хаваецца вялікая разнастайнасць варыянтаў песень і абрадавых дзеянняў, што выконваюцца падчас яго правядзення. Напрыклад, асаблівасцю "Сралы" ў Неглюбцы можна лічыць "старцаў", якіх "выганяюць" з вёскі, у Шарсціне – "елку", што "завіваюць" у полі, у Прысно – "коліка", якога "топяць" у рацэ, у Пералёўцы – "ляльку", якую "хаваюць" у жытнім полі, у Стаўбуне – "каласкі", што заплятаюць у косы маладыя незамужнія дзяўчаты. І ўсё ж, пры наяўнасці адрозных складовых частак, мэта абраду ўсюды агульная – абараніць вёску ад нябеснага агню (маланкі) і "папрасіць" дажджу на новы ўраджай.

Кожны год госці з усяго свету прыязджаюць паназіраць за "Стралой". Як паказвае практыка і матэрыялы ў інтэрнэце, адна з самых улюбёных "этнатурыстамі" вёсак – гэта Стаўбун. І ў гэтым годзе стаўбунцы не здрадзілі сваёй традыцыі. Як і заўжды, апоўдні жанчыны сабраліся выйсці і спраўдзіць усе абрадавыя дзеянні, што вядуцца тут "с праку веку". Падтрымліваюць жа векавыя традыцыі тут удзельнікі гурта "Стаўбунскія вячоркі", якіх не напужалі ні моцны вецер, ні праліўны дождж, што разгуляліся ў гэты дзень. Як і сотні гадоў таму, на Ушэсце над Стаўбуном разліваліся "стрэльныя" матывы: "Ой, ідзі, Страла…", "Ой, ты саду…", "Песенька мая харошая…", "Вы павейце, ветры буйныя…". Прайшоўшы па вуліцах і скрыжаваннях вёскі, жанчыны вышлі да жытняга поля, дзе ў апошні раз у гэтым годзе завялі "стрэльныя" карагоды (па традыцыі, "стрэльныя" карагоды выконваліся ад Вялікадня да Ушэсця). Пасля наступіў дастаткова важны момант: закапаць-пахаваць "Стралу", каб яна не шкодзіла нікому, і загадаць сваё самае запаветнае жаданне. Таму ўдзельнікі абраду разышліся па жытнёвым полі, каб кожны змог "пахаваць" прынесены з сабой прадмет (шпільку, гузік, стужачку, каласок).

З поля дадому жанчыны ўжо вярталіся з вясёлымі спевамі ды прыпеўкамі. Да таго ж, "гаспадары" свята, гурт "Стаўбунскія вячоркі" пад кіраўніцтвам Святланы Іванаўны Парашчанкі, у чарговы раз прадэманстравалі сваю гасціннасць і шчырасць, пачаставаўшы ўсіх удзельнікаў найсмачнейшымі мясцовымі стравамі.

Нізкі паклон вам, захавальнікі традыцыйнай культуры – спрадвечнай народнай мудрасці.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика