Калі вы будзеце няспешна гуляць каля філіяла Веткаўскага музея, што ў гомельскім парку, раім зазіраць у нашы вокны! Праз некаторыя вы пабачыце як наведвальнікі разглядаюць унутраныя экспазіцыі, а на частцы іншых заўважыце фотаздымкі. Гэта мы спецыяльна для вас ладзім тэматычныя фотавыставы на вокнах! І кожныя месяц-два іх мяняем.
Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць свята Стрэчання Гасподняе. І да гэтага дня мы прымеркавалі фотавыставу пад назвай "Ікона звалась свячой...".
Шмат гадоў супрацоўнікі Веткаўскага музея ў экспедыцыйных вандроўках даследуюць унікальны абрад "Свяча", што шырока бытуе ў памежных раёнах Гомельшчыны, Магілёўшчыны і Браншчыны.
Абрад "Свяча" ці "Перанос Свячы" быў распаўсюджаны ў ХІХ - пачатку ХХ стст., і жыве зараз.
У нас за багата год назбіраўся вялікі экспедыцыйны фотаархіў з гэтага абраду. А па матэрыялах даследванняў супрацоўнік музея Генадзь Лапацін выдаў кнігу “Ікона звалась свячой…”.
На сённяшняй прэзентацыі выставы спадар Генадзь крыху расказаў пра сваю кнігу і, канешне, пра ўнікальную традыцыю "Пераноса Свячы".
Дарэчы, свята Стрэчання ў беларускім народным календары носіць назву Грамніцы і не абыходзіцца без ушанавання вобраза агню і свечкі. У гэты дзень прынята асвячаць васковыя свечкі, якія называюць грамнічнымі і лічаць сімвалам Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам.
З гэтай нагоды пасля размовы пра абрад і традыцыю мы зладзілі майстар-клас па вырабу сапраўднай васковай свечкі. Кожны прысутны забраў з сабой уласна зробленую святочную свечку!
Першыя некалькі фотаздымкаў - фота, якія прадстаўлены на выставе (з в. Сапрыкі 2021 год, в. Рагі 2019 год, в. Асаўцы 2009 год, в. Бабічы 2009 год).