Сёння ў межах Веткаўскага музея распачалася дзейнасць творчай пляцоўкі "ART-Ветка".
Мы прапанавалі сабрацца цікаўным і неабыякавым да гарадской прасторы Веткі людзям, каб абмеркаваць яе ўнікальнасць.
Мэта творчай пляцоўкі - развіваць існуючыя цікавыя ініцыятывы і ствараць новыя прываблівыя лакацыі і актыўнасці ў Ветцы.
У першай сустрэчы прынялі ўдзел супрацоўнікі мясцовых устаноў культуры, адукацыі, а таксама зацікаўленыя жыхары. Было прыемна пабачыць, што гэтыя людзі ведаюць мясцовую традыцыю і хочуць зрабіць ухіл на лакальнае.
Напрыклад, абмеркавалі ідэю стварыць сімвалам Веткі птушку з веткаўскіх рукапісаў: там птушкі заўсёды намаляваныя ці на галінцы (ветцы), ці з галінкай у дзюбе. Вельмі сімвалічна будзе, праўда?
А яшчэ вырашылі напоўніць актыўнасцю востраў закаханых на Стаўку - як пацяплее пачнем там праводзіць майстар-класы па вырабу традыцыйных лялек і ладзіць адмысловыя выставы.
Мы плануем праводзіць такія сустрэчы штомесяц. Таму можаце далучацца да нашых абмеркаванняў. Папярэдне абавязкова будзем анансаваць дату і час. Ці пішыце вашыя ідэі і прапановы па паляпшэнні гарадской прасторы ў Ветцы ў каментарах пад гэтым пастом ці ў прыватныя паведамленні.
Дарэчы, цяпер каля Веткаўскага музея вы зможаце пабачыць апрануты ў “лапікавую” кашулю каштан. Маем намер так упрыгожыць не адно дрэўца каля музея.