Веткаўскі музей прадставіць сваю выставу ў Мірскім замку!
У сераду 22 мая адбудзецца адкрыццё нашай выставы "Міколіна трава" ў Замкавым комплексе "Мір".
Пад міфа-паэтычнай назвай "Міколіна трава" мы прадставім тэму шматгадовай навукова-даследчыцкай працы Веткаўскага музея, а менавіта вобраз святога Міколы ў традыцыйнай культуры.
Мы ўзялі сугучны народнаму календару аспект вясновага ўшанавання св. Міколы і некалькі «гаспадарчых функцый», якія асабліва апекаваліся святым. Гэта першы выган жывёлы "на Міколіну траву" і звычай выганяць у начное "коней вараных".
Ядром выставы стануць іконы з вобразам свяціцеля Мікалая, які жыў у ІІІ-IV ст. у рымскай правінцыі Лікіі. Творы майстроў стараабрадніцкай Веткі, народныя беларускія абразы і рэдкія прыклады акадэмічнага мастацтва красамоўна праілюструюць развіццё і бытаванне сакральнага жывапісу на тэрыторыі Пасожжа-Падняпроўя.
Асобны раздзел выставы будзе прысвечаны распаўсюджанай у нашым рэгіёне практыцы шанавання грамадавай іконы, якую называюць "Свячой". Бо самая вялікая колькасць ікон-свечаў прысвячаецца менавіта св. Міколе.
Зварот да духоўнага, абрадавага, фальклорнага кантэксту адкрые наведвальнікам гэтай выставы інфармацыю даўно забытую і страчаную.
Запрашаем на адкрыццё нашай выставы! Будзем рады сустрэчы з вамі!
Калі: 22.05.2024 у 12:00.
Дзе: Музей «Замкавы комплекс «Мір» - Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір, вул. Чырвонаармейская, д. 2