27 верасня (пятніца) у філіяле Веткаўскага музея адбудзецца адкрыццё новай выставы "Адкуль родам знакі на нашых ручніках? Хрэсты”.
Крыж, альбо па-мясцовых усходнебеларускіх традыцыях “хрэст” – адзін з першых сімвалаў чалавецтва.
У архетыпе ягоных значэнняў – “агонь”. І з часоў здабывання агню трэннем дзвюх перакрыжаваных палачак, крыж (хрэст) застаецца святым знакам. Бо, як і здабыча агню, гэта знак-дзея змагання з цемрай і перамогі над ёю. З адпаведным пераносам значэнняў у фізічную, эмацыйную, ментальную сферы дзеяння.
“Агонь” – кажам мы, і разумеем, пра што. Корань той жа, што і ў старажытным санскрыце: “agni”. І з тымі ж пошукамі існасці агню. Не толькі ў небе альбо вогнішчы. Але і ў зямлі, водах, дрэвах, зерні і дзіцяці. У сэнсе агню жыцця супраціў безжыццёвасці, бязвогненасці нежывога і холада-цемры смерці.
А ці памятаюць пра гэтую індаеўрапейскую спадчыну нашы арнаментальныя сістэмы, і перш за ўсё, узоры ручнікоў? Так!
Больш за тое, гэтыя тканыя “тэксты” пераклікаюцца з тэкстамі моўнымі:
Разгуляўся Юр’еў конь – разбіў камень капытом!
А ў камені агню нет, а ў хлопцаў праўды нет!
Разгуляўся Юр’еў конь – разбіў гарэх капытом!
А ў гарэху ядро ёсць – а ў дзевак праўда ёсць!
Агонь, ядро-зерне, праўда – ставяцца ў адзін рад.
Давайце зададзім свае пытанні ручнікам і адзенню нашых пра-пра-бабак. Там яшчэ памяталі пра тое, што ўзоры бяруцца ад продкаў. І ў сінтаксісе арнаментальных кампазіцый пачуем голас і космас.
Праект "Адкуль родам знакі на нашых ручніках?" прадстаўляе вынік шматгадовай працы музея, які змяшчае матэрыялы экспедыцыйных і фондавых навуковых даследаванняў ткацкіх традыцый паўднёвага ўсходу Беларусі.
Выстава "Адкуль родам знакі на нашых ручніках? Хрэсты” працягне знаёміць вас з нашымі неверагоднымі напрацоўкамі, знаходкамі і адкрыццямі за ўвесь гэты час.
Гэта выстава пра нашу культуры і нашы карані.
Запрашаем на сустрэчу з традыцыяй.
Калі: 27.09.2024 у 16:00.
Дзе: г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
Уваход на адкрыццё вольны.
Тэлефон філіяла: +375 232 50-96-98