15 снежня ў новай выставачнай зале Веткаўскага музея (у Ветцы) адбудзецца адкрыццё выставы карцін Уладзіміра Пракапцова «Пад знакам бясконцасці».
Уладзімір Іванавіч Пракапоцоў - мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, на працягу 25 год займаў пасаду дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея. Яго жывапісныя творы знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Беларусі, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Дома-музея Міцкевіча ў Навагрудку, Добрушскага і Лепельскага раённых краязнаўчых музеяў, Нацыянальнага мастацкага музея Кітая ў Пекіне, Нацыянальнага мастацкага музея г. Чунцын (Кітай), а таксама ў прыватных калекцыях.
На выставе «Пад знакам бясконцасці» будзе прадстаўлена больш за 20 карцін розных жанраў: пейзажы, нацюрморты, партрэты, эпічныя палотны, а таксама працы, напісаныя падчас пленэраў. Гэта карціны, створаныя ў розны час - з 1980-х гадоў і па сёння.
Акрамя карцін, на выставе можна будзе пабачыць кнігі спадара Уладзіміра, прысвечаныя славутым мастакам Беларусі - Станіславу Жукоўскаму, Вітольду Бялыніцкаму-Біруле, Фердынаду Рушчыцу і іншым.
На адкрыцці будзе прысутнічаць сам Уладзімір Іванавіч, а таксама Глеб Анатольевіч Отчык, мастак, старшыня Беларускага саюза мастакоў.
Выстава жывапісу Уладзіміра Пракапцова "Пад знакам бясконцасці" будзе працаваць да 30 студзеня 2023 года.
Запрашаем на адкрыццё!
15.12 (пятніца) у 15:00.
г. Ветка, Красная плошча, 13
Уваход вольны!
Тэлефон музея: +375 (2330) 4-27-49