9 мая ў 13:45 у адміністрацыйным будынку Веткаўскага музея адбудзецца прэзентацыя выставы "Як нашы дзяды ваявалі…"
Куратар выставы Галіна Нячаева:
"Кожны раз, кажучы пра подзвіг, пра самаахвяраванні герояў вайны, мы вяртаемся да вытокаў выхавання патрыятызму. Да старажытных традыцый мужнасці і абароны.
Штораз мы прыходзім да гісторыі ўласнай сям'і. Менавіта там мы чуем сведчанні сапраўднасці мужнасці, шчырасці высокіх паняццяў абавязку і гонару.
Народная традыцыя стварыла сотні малітоўных вобразаў Перамогі над злом. У кожны дом уваходзіў вобраз святога воіна, узор паводзін, які вызначае лёс. Простыя іконы былі сродкам духоўнай сувязі воінаў – і іх маці, жонак, дзяцей. Простыя лісты з вайны - сведчанні прыгажосці духу простых салдат. Простыя прадметы вайны - у кожным праўда памяці. Праз стагоддзі праходзяць і іншыя тэксты: зводкі з франтоў, дароўныя надпісы, нават прыпеўкі…
Узгадваючы вайну, дзеці, якія выраслі, пакідаюць непаўторныя сведчанні: у жывапісе, скульптуры, рэканструкцыях…
Усё гэта мы змясцілі на восі нашай памяці. На адзінай духоўнай восі".
Калі: Адкрыццё ў 13:45
Дзе: Ветка, Красная плошча 13
Уваход вольны!