Афіша фотавыставы «Гомель. 1929» у філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі

Фотапары (двайныя фотаздымкі для стэрэапрагляду) з прыватнай калекцыі Яўгена Раманавіча Малікава

Выстава будзе дзейнічаць з 18.10.19 па 09.02.20 у філіяле Веткаўскага музея.

«Гомель. 1929» — сумесны праект Веткаўскага музея і гомельскага гісторыка, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Раманавіча Малікава.

Два гады таму Яўген Раманавіч набыў вялікую падборку фотапараў (двайных фотаздымкаў для стэрэапрагляду), зробленых у нашым горадзе ў 1929 г. Калекцыя паступіла з горада Санкт-Пецярбурга і складаецца з 37 фотапар на шкле і 8 фотапар на паперы. Фактычна гэта два наборы, якія адлюстроўваюць моманты жыцця простых гомельскіх сем'яў, а таксама віды нашага горада і яго бліжэйшых наваколляў. Але ўсе яны датаваны першымі ўладальнікамі, адным годам і горадам — Гомель. 1929 год. І сёлета атрымліваецца круглая дата — роўна 90 год з часу іх вырабу. Нажаль, імёны папярэдніх уладальнікаў, як і зафіксаваных на выявах людзей, засталіся невядомымі.

Выраб такіх стэрэапар быў вельмі папулярнай з'явай у 1920-я гг. Яны рабіліся адначасова на двух фотаапаратах і ў далейшым прадугледжваліся для прагляду. Мінімальныя адрозненні ў кампазіцыі абодвух кадраў забяспечвалі стэрэаэфект асабістай прысутнасці гледача. Выявы на кардоне разлічваліся на індывідуальны прагляд праз адпаведны стэрэаапарат, выявы на шкле — для сумеснага сямейнага прагляду на экране.

На стэрэаздымках з калекцыі Яўгена Раманавіча зафіксавана больш за чатыры дзясяткі выяваў з жыцця гараджан перыяду позняга НЭПу: сямейныя будні, святы і адпачынак — побыт традыцыйнай гомельскай сям'і. На фотаздымках адлюстраваны таксама знаёмыя і сённяшнім гамяльчанам месцы прыгараднага турызму — Мельнікаў луг, Бярозкі, Плёсы, Навабеліцкі лес. Цікавай асаблівасцю калекцыі з'яўляюцца гарадскія віды — парк, палац, сабор і капліца, набярэжная ды інш. Выява каменнай Валатаўской царквы — унікальная, гэта адзіны вядомы на сёння здымак храма, зроблены ў даваенны перыяд.

Не менш цікавымі з'яўляюцца выявы інтэр'ераў сярэднезаможнага гомельскага дома 90-гадовай даўніны. У адрозненне ад знешняга выгляду будынкаў, іх інтэр'ер з'яўляецца сферай асабістага жыцця сям'і, ён рэдка трапляў на фотаздымкі, а на прыкладах Гомеля — увогуле невядомы. За выключэннем асобных прадметаў, інтэр’ер гомельскага жылля п. п. ХХ ст. — тэма абсалютна не даследаваная.

Фотавыставу дапаўняюць рэальныя аўтэнтычныя прадметы таго часу, захаваныя ў фондах музеяў — яны сталіся тым нябачным метафізічным мастаком, які духоўна звязвае нас, сучасных, з тымі людзьмі і падзеямі, якія 90 год таму былі зафіксаваны на прадстаўленых фотаздымках.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика