Нездарма кажуць людзі: як пасееш – так і пажнеш. Жніво станавілася своеасаблівым “момантам ісціны”, калі правяраліся ўсе тыя абрадавыя, рытуальныя і практычныя намаганні папярэдняга каляндарнага перыяду, якія павінны былі садзейнічаць плёну будучага ўраджаю. Але ўкладаючы ў ніву ўсю сваю сілу, нашыя продкі спадзяваліся не на руплівасць рук, але заўжды лічылі хлеб, які мы ядзім, “божжым” хлебам.Таму жніво багатае сваім песенным рэпертуарам, абрадавымі дзеяннямі, рытуальнымі аб’ектамі, сакральнымі вераваннямі. Таму сімволіка ўраджаю ды ўраджайнасці прысутнічала ў абрадах народнага календара, суправаджала жыццё традыцыйнай сям’і.
На выставе прадстаўленая народная праваслаўная ікона – вобразы святаў і святых, каляндарна супадаючыя з перыядам жніва і збору ўраджаю, прадметы сялянскага побыту, народнае адзенне і прыклады ўнікальных ручнікоў нашага рэгіёну з сімволікай зерня, коласа і ўраджаю. Але, бадай, аноўным экспанатам выставы застаецца жыта: ў снапах, перавяслах, вянках, “бародах” і “крэшчыках”, збожжам засыпанае ў застаронкі. Экспанаты суправаджаюцца аўтэнтычнымі тэкстамі, сабранымі ў этнаграфічных экспедыцыях супрацоўнікамі музея. Выстава аб’яднана абрадавымі комплексамі і рытуальнымі аб’ектамі: “першы зажон”, “барада”, “Спас”, “дажынкі”, “спарыш” ды інш.
Адкрыццё выставы адбудзецца 11 снежня 2012 (аўторак) а 16-й гадзіне ў філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4)