“Калі хочацца сонца… ” – сумесны выставачны праект Веткаўскага музея стараабраніцтва і беларускіх традыцый ім Ф.Р. Шклярава і гомельскага мастака Івана Саладоўніка. Што агульнага ў сучаснага мастака, які працуе ў стылістыцы “сімвалічнага пуантылізму” (альбо “пуантыкалору”) ды народнага ткацтва і вышыўкі? Веткаўскі музей, які вядомы як цэнтр па вывучэнні якраз народнай культуры, не абмяжоўваецца рэтраспектыўным прадстаўленнем традыцыйных відаў мастацтва, але актыўна шукае агульнае менавіта з мастацтвам сучасным. У музеі не цураюцца спалучэння рознажанравых рэчаў, болей таго – феноменаў, якія знаходзяцца ў розных культурных кантэкстах. І гэтая розніца толькі на першы погляд істотная. Нашмат болей агульнага. Узяць хоць бы тэхніку. У канцы ХІХ ст. рэвалюцыйны “пуантылізм”, альбо “дывізіянізм”, як найменавалі яго сучаснікі, за аснову свайго выяўленчага метаду ўзяў каляровую кропку – “пуант”. Карціны мастакоў гэтага напрамку ўяўлялі сабой мазаічнае палатно, створанае з тысячаў асобных каляровых мазкоў. Падобна таму ігла вышывальшчыцы з асобных “крыжыкаў” стварае свой выяўленчы вобраз, і ў ткацкім “кроку” ніці мы назіраем, як з каляровых “цаглінак” нараджаюцца карункі посцілак і дываноў.

Са шматлікіх работ аўтара, аб’яднаных у тэматычна-каларыстычныя цыклы, мы выбралі тыя з іх, якія найбольш адпавядаюць летняй настроенасці: сонечнасці, цеплыні, бесклапотнасці, бо ў гэтыя марозныя зімовыя дні, сапраўды, так хочацца сонца. І заўважце: народная культура таксама падтрымлівае сімвалічную скіраванасць да жыцця ў такім выразным яго праяўленні – буянні квецені, багацці плёну, яркасці фарбаў.

На выставе прадстаўлена 17 работ Івана Саладоўніка, які вызнае сваю непаўторную выяўленчую манеру і спрабуе праз жывапіс данесці да нас уласныя пачуцці і перажыванні.

Адкрыццё выставы адбудзецца 28 снежня (пятніца) а 16-й гадзіне ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4)

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика