15 студзеня а 16.00 ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.І. Герцэна да 75-годдзя Гомельскай вобласці, у межах праекта “Жывы аўтограф” адбудзецца адкрыццё выставы “Зямля пад воблакамі” з фондаў ДУК “Веткаўскі музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава”.
На выставе прадстаўлена 22 работы мастакоў Гомельскай вобласці.
Гомельшчына – гэта ўнікальны і дзівосны куток беларускай зямлі, які любяць і гісторыяй якога ганарацца нашыя жыхары.
У сваіх працах мастакі перадаюць прыгажосць і багацце прыроды гомельскай зямлі. Кожная з работ літаральна пранізана несхаванай любоўю да малой радзімы. Любоў у кожнага з мастакоў мае свае адценні, увасобленыя ў адценні фарбаў.
Многія з жывапісных прыц прысвечаны “запаветным” мясцінам Веткаўшчыны. Некаторыя з іх – Паважбор, Старыя і Новыя грамыкі, урочышча Градкі і Арэхаўка, Высокі Бор – у выніку аварыі на ЧАЭС сталі недаступнымі для чалавека. Работы веткаўскіх мастакоў – гэта “як успамін аб роднай зямлі, напамін пра яе”, у першую чаргу гэта тычыцца работ Фёдара Шклярава і Андрэя Прылуцкага.
Сёння калекцыя жывапісу і графікі самадзейных мастакоў у фондах Веткаўскага музея складае 598 прадметаў асноўнага фонду і 87 – дапаможнага. Пачатак гэтаму музейнаму збору паклалі некалькі партрэтаў і пейзажаў Яўгенія Гаробчанка і загінуўшага падчас Вялікай Айчыннай вайны Емяльяна Ракава, перададзеныя ў дар музею сваякамі мастакоў, а таксама вялікая калекцыя Фёдара шклярава, у склад якой уваходзілі работы як самога аўтара, так і веткаўскія пейзажы яго сяброў, цяпер вядомых у Беларусі мастакоў.
На цяперашняй выставе, акрамя работ Фёдара Шклярава і Андрэя Прылуцкага, прадстаўлены працы Сцяпана Драмука, Генадзя Тарскіх, Паўла Шалюта, Аляксея Буранкова, Пятра Пыцеля і інш.
Мастацкую экспазіцыю дапаўняе кніжная выстава з фондаў цэнтральнай гарадской бібліятэкі ім. А.І. Герцэна.
На Гомельшчыне ў розныя часы нарадзіліся і тварылі выбітныя асобы з сусветнмі імёнамі. Сярод іх вядомыя гістарычныя асобы – Румянцавы, Паскевічы, дзеячы навукі і культуры – Павел Сухі, Леў Выгоцкі, Іван Мележ, Іван Шамякін і шматлікія іншыя. Пра дасягненні Гомельскай вобласці і яе выбітных ураджэнцах распавядае кніжная экспазіцыя.
Выстава будзе доўжыцца да 20 лютага. Уваход вольны.