"Соль зямлі. Царкоўная гісторыя Гомельшчыны ХХ ст. Асобы, дакументы, артэфакты" - выставачны праект музея, які праводзіцца сумесна з Гомельскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы і з’яўляецца першай спробай аб’яднаць намаганні музейных супрацоўнікаў і царкоўных гісторыкаў у асэнсаванні драматычнага вопыту мінулай эпохі. Храналагічныя рамкі выставы абмяжоўваюцца 1920 – 1970-мі гадамі, прадстаўляючы перыяд ганенняў, калі царква ў СССР была, па-сутнасці, на мяжы вынішчэння. Зачыненыя і апаганеныя храмы, занядбаныя святыні, дзясяткі тысяч загубленых і замардаваных людзей, якія не адцураліся сваёй веры – гэта ў поўнай меры можна было сказаць і пра наш край, і пра яго жыхароў: простых, чэсных і шчырых людзей. Але не помста і горыч засталася ў іхніх сэрцах. Перад намі людзі, якія жывілі радасцю і дарылі надзею, поўнілі сэрцы агнём веры тых, хто абуджаўся ад хімераў «светлае будучыні» і імкнуўся ўбачыць святло веры, што ззяла праз канкрэтных людзей.

«Соллю зямлі» называе Хрыстос апосталаў, а праз іх – і кожнага са Сваіх вучняў, незалежна ад таго, калі яны нарадзіліся, дзе яны жылі. Вонкава яны нічым ад нас не адрозніваліся. Прападобная Манефа (Скопічава), манахіня Магдаліна (Еўмяненка), настаяцель св. Мікалаеўскай (Палескай) царквы айцец Ігар Базылевіч, спаведніца веры Улляна Іванаўна Нятылькіна – яны як жывы масток паміж эпохамі. Яны не дажылі да царкоўнага адраджэння 90-х, але тое, што адбылося зусім нядаўна – вынік іхняга ахвярнага жыцця. Таму выстаўка не драматызуе эпоху, яна яе прадстаўляе згодна таго ўнутранага духаноснага імпульсу, які быў уласцівы гэтым людзям. А гэта і радасць, і мір, і спакой, і смеласць, неўласцівая слабым, нямоглым людзям. «Соль» іхняга хрысціянства непакоіла адных і натхняла іншых, але такім і павінна быць жыццё хрысціяніна. Па словах прападобнамучаніцы Марыі (Скабцовай), хрысціянства альбо агонь, альбо яго няма.

На выстаўцы прадстаўленыя прадметы культу, асабістыя рэчы, фотаздымкі, пісьмы, копіі архіўных дакументаў, звязаныя з жыццём новамучанікаў, спаведнікаў, праведнікаў нашага краю, ўжо кананізаваных, чакаючых сваёй кананізацыі, тых, чыя памяць жыве ў сэрцах удзячных нашчадкаў.

Адкрыццё выставы адбудзецца 24 студзеня (чацвер) а 16-й гадзіне ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4).

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика