У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, з 20 студзеня па 27 лютага 2014 г.

Выстава "Бог сялянскі, хрысціянскі. Бабіцкая ікона" ўяўляе сабой вынік сумеснага праекта двух музеяў Гомельшчыны: Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава і Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Мэтай супрацоўніцтва сталі вывучэнне і дэманстрацыя для шырокага кола аматараў мастацтва ўнікальнай з'явы нацыянальнай культуры - Бабіцкага народнага іканапісу. Менавіта ў вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці жылі і тварылі яшчэ ў канцы ХIХ - пачатку XX стагоддзяў апошнія майстры вядомай сялянскай дынастыі іканапісцаў - Уладзімір і Гаўрыіл Гераковы. Яны пісалі абразы для мясцовых храмаў і сельскіх жыхароў, якія верылі ў заступніцтва святых. Захаваліся абразы, якімі благаслаўлялі маладых, ёсць "лекавыя" святыя і заступнікі хатніх жывёл, пчол.

Згадка пра трох сялян-іканапісцаў "в деревне Бабичи Покотской волости Рогачевского повета" сустракаецца ў "Апісанні Магілёўскай губерніі" ў 1884 годзе. Мастацтва іканапісу перадавалася вучням, пра што сведчыць подпіс на іконе "Троіца навазапаветная" 1894 года, а наяўнасць вучняў - прыкмета існавання мастацкай школы. Аднак сярод помнікаў гэтай школы - цяпер адкрытыя і адрэстаўраваныя ў Веткаўскім музеі творы XVIII стагоддзя. Самы ранні датаваны абраз Архангела Міхаіла (1779) паходзіць з в. Рудня Нісімкавіцкая (цяпер Чачэрскі раён). На выставе прадстаўлены 38 твораў на самыя разнастайныя сюжэты. "Каранаванне Маці Божай" - вобраз, які ўзыходзіць да "Песні песняў", "Псалтыра" і "Апакаліпсіса". У сакральным жывапісу сюжэт вядомы з XII стагоддзя, ён дасягае свайго росквіту ў культуры італьянскага рэнесансу з яго імкненнем да самавызначэння асобы. Многія заходнееўрапейскія майстры - ад Джота да Веласкеса - звярталіся да гэтай тэмы. Творчасць іх аказала вялікі ўплыў на каталіцкі і ўніяцкі жывапіс Рэчы Паспалітай, у складзе якой знаходзілася і Чачэрскае староства. Арганічна гэта спадчына увайшла і ў праваслаўную традыцыю. Рэнесанснае дыханне захавалі "Прыабражэнне" з Ухава, "Пакроў" з Барталамееўкі, "Спас" з Сябровіч. У "Цуды Георгія аб зміі", у вобразах Міхала Архангела, Варвары прасочваюцца рысы іншага буйнога стылю - барока. Лічаць, што ўзорамі для мясцовых мастакоў служылі гравюры з еўрапейскіх шэдэўраў, а таксама творы італьянскіх майстроў, запрошаных графам З.Г. Чарнышовым, уладальнікам Чачэрска ў ХVІІІ стагоддзі, для ўпрыгожвання заснаваных ім храмаў. Аднак і тут крыніцы натхнення далёка не адназначныя і выяўляюць бесперапыннасць папярэдняй традыцыі.

У Бабіцкай іконе арганічна спалучаюцца заходнія ўплывы і глыбінная архаіка земляробчага ладу. Важную ролю выканалі ў гэтым узаемным ўзбагачэнні культур народныя майстры-іканапісцы Гомельшчыны. Унікальная рэгіянальная з'ява Гомельшчыны ХIХ - ХХ стагоддзяў - "Бабіцкая народная ікона" - стала ўжо здабыткам беларускай гісторыі мастацтваў, своеасаблівым мастацкім "брэндам" Гомельшчыны.

Выстава будзе доўжыцца з 20.01.2014 па 27.02.2014

Адрас: г. Мінск, вул. Леніна, 20 (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), тэл.: +375 17 327-45-62

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика