Збор друкаваных і рукапісных помнікаў XVI - пачатку XX стст. Веткаўскага музея налічвае сёння больш за 500 адзінак захоўвання.
Пры выглядзе старадрукаваных і рукапісных кніг заўсёды ўзнікаюць шматлікія пытанні. Якімі шляхамі даўжынёю ў 300 - 400 і больш гадоў ішлі яны да нас? Чые лёсы і жыццё падзялялі? Хто трымаў іх у руках, чытаў, захоўваў, аберагаў?
Заўсёды здаецца, што таямніцы стагоддзяў, якія захоўваюцца за іх тоўстымі драўлянымі вокладкамі, абцягнутымі скурай, паўстануць перад намі, варта толькі адкрыць кнігу. Несумненна, лёс кожнай кнігі больш чым дзіўны, спасцігнуць які, на жаль, нам не дадзена. Але мы можам хаця б часткова прасачыць яго, дзякуючы шматлікім запісам на старонках кніг. Дзясяткі, сотні дароўных, укладных, купчых, ўладальніцкіх запісаў, пакінутых у розныя стагоддзі дапамагаюць хаця б часткова атрымаць адказы на нашыя пытанні.
Выстава "Дарога даўжынёю ў 400 гадоў" прысвечана, перш за ўсё, старадрукаваным і рукапісным кнігам XVII - XIX стст. з гэтымі унікальнымі запісамі.
Аналіз каля 1000 запісаў у 590 старадрукаваных і рукапісных кнігах XVI - пачатку XX стст. дазволіў атрымаць каласальны і найцікавы матэрыял. Гэта назвы гарадоў, пасадаў, слабод, у якіх кнігі калісьці знаходзіліся; цэркваў, манастыроў. Гэта імёны і прозвішчы: ад вядомых гістарычных царскіх, баярскіх (Міхаіл Фёдаравіч, першы цар Раманаўскай дынастыі, Аляксей Міхайлавіч, князь В.С. Урусаў; В.С. Халявы-Кутузаў (продак М.І. Кутузава) да мясцовых сялянскіх. Гэта кошт кніг і г.д.
Па назвах гарадоў складзена карта-схема "Шляхі кніг на Ветку", якая адлюстроўвае шырокую геаграфію: ад Архангельска да Майкопа, ад Заблудава да Краснаслабодскага, што на Волзе.
Сярод шэрагу ўнікальных кніг, прадстаўленых на выставе - вельмі рэдкі асобнік "Статута", надрукаванага Анісімам Радзішэўскім у 1611 г. Гэта першая кніга, якая на Русі была схільная масаваму знішчэнню. Наш асобнік захаваўся толькі таму, што ў XVII ст. знаходзіўся на тэрыторыі ВКЛ (быў падораны рускім царом Аляксеем Міхайлавічам наястаяцелю аднаго з беларускіх манастыроў "Грыгорыю Карскаму").
Дзіўны лёс раскошнага Евангелля 1637 г. У XVII ст. кніга была ўкладзена ў маскоўскі крамлёўскі храм Ушэсця гасподняга (у ім, дарэчы, вянчаўся А.С. Пушкін). З ХVІІІ стагоддзя Евангелле ўжо знаходзілася на Веткаўскай зямлі ва Успенскім храме слабады Раманавай.
Адкрыццё выставы адбудзецца ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі: г. Гомель, пл. Леніна, 4 (тэрыторыя Гомельскага палацава-паркавага ансамбля).
Час: 11 красавіка (пятніца) 2014 года, 16:00
УВАГА! Разам з адкрыццём выставы адбудзецца прэзентацыя выдання "Кніжная культура. Ветка" (Аўтары - Г.Р. Нячаева Г.Р., С.І. Лявонцьева).