Праз Готыку, Барока, Рэнесанс… Рукапісны шэдэўр з фондаў Веткаўскага музея

Выстава дзейнічае з 25.09.20 у філіяле Веткаўскага музея

Ці часта мы сустракаем манускрыпты з узростам у 400 год? Прычым, нават не ў музейных альбо манастырскіх скляпеннях, а ў звычайнай сялянскай хаце? Такое неверагодна, аднак магчыма «на Ветцы» — асабліва калі вёска звалася слабадою, а ў хаце жылі носьбіты стараабрадніцкай традыцыі. Так, імі, быў выратаваны ад спальвання і зруйнавання і гэты беларускі рукапіс, Евангелле пачатку XVII ст. Кніга з трапяткімі папяровымі лістамі, нібыта птушка-анёл, мінавала час: і пажары, і патопы адбіваліся на яе старонках. Даляцела да XXI ст. і трапіла ў Веткаўскі музей. Вось і зараз, па ветхіх лістах з вадзяным знакам рыбы (бумага 1630-х г., ВКЛ), старажытным паўуставам, нібыта воіны, рухаюцца да нас з іх вялікага паходу літары і словы, а вядуць іх загалоўныя літары — ініціялы… В’юцца па ветры плюмажы-завіткі, сцелюцца пад капыты парасткі і стрэлы… Кожная застаўка — нібыта рашотка-герса, прыўзнятая над старонкай. І канцоўка — два драконы з лускаватай скурай, што паглынаюць рыб, але самі прарастаюць райскаю квеценню. Гатычныя, рэнесансныя, барочныя рысы спляліся ў вольным дэкоры гэтага рукапісу — і шлях краіны адазваўся ў сэрцы мастака. Яно ж, як вядома, б’ецца і праз стагоддзі — у ягоных жывых творах — таму і адчуваем мы адчай і захапленне ў размове з майстрам.

А наогул, адкуль пайшлі драконы (мінем брэндавую гісторыю пра цмокаў) — якімі шляхамі прабраліся яны на беларускую старонку, якую зберагаюць зубамі і кіпцюрамі? Аж да крылатых «зміяў» на каронах веткаўскіх ліштваў-аканіц. Прасачыць гэты працэс запрашае чарговая выстава Веткаўскага музея. Як заўсёды, яна абяцае адкрыцці ва ўласнай культуры: ад варажскіх зміяў і раманскіх звяроў на капітэлях чарнігаўскіх храмаў — да барсаў у стылі маньерызму на бронзавым падсвечніку таго ж XVII ст. — такая вось «беларуская готыка»!


Фотасправаздача з адкрыцця 25 верасня 2020:

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика