Гомельская архітэктура: стваральнікі, тэхналогіі, вобразы

Выстава дзейнічае з 21.08.20 у філіяле Веткаўскага музея.

Веткаўскі музей напрацягу доўгіх гадоў свайго існавання займаецца даследаваннем традыцыйнай прасторы, у тым ліку і прасторы архітэктуры. Ідэя ж дадзенай выставы нарадзілася пасля таго, як супрацоўнікам музея Андрэем Скіданам супольна з іншымі краязнаўцамі і гісторыкамі Гомельшчыны была праведзена грунтоўная праца ў архівах Масквы і Вільні. Вынік агульных намаганняў, сапраўды, аказаўся вельмі плённы: былі знойдзены ўнікальныя матэрыялы па гомельскай архітэктуры другой паловы XIX — пач. XX стст.

Наша выстава — гэта не проста «пагулянка» па горадзе. У невялікай музейнай залі наведвальнік нечакана трапляе ў абдымкі старога Гомеля і перш за ўсё сустракаецца з архітэктурай народнай, якую стваралі ды ўпрыгожвалі безыменныя майстры ды арцелі. У звыклай для веткаўскага музея вобразна-сімвалічнай манеры паўстае горад, як мастацкі праект. Тут суіснуюць фрагменты архітэктурнай разьбы, стогадовыя драўляныя карункі і маляўнічыя шпалеры, якія адкрываюць нам прывабныя перспектывы гарадскіх відарысаў. І ў архітэктурных чарцяжах, і ў мадэлях, і ў экспазіцыйнай падачы супрацьстаяць розныя стылі. Тут, як крыгі, сутыкаюцца гістарычныя эпохі і ў выніку, іх змаганне адбіваецца на гарадскім абліччы. Дамы і людзі, якія іх насяляюць, якія іх узводзяць, якія імі любуюцца, сустракаюцца ў прасторы выставы на розных гістарычных палюнах. Архітэктар Шабунеўскі, падрадчык Шчакудоў, дзясяцкі Новікаў, мастак Бірштэйн, безыменныя столяры і муляры, няўрымслівыя студэнты факультэта Прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва БелДУТа, апантаныя даследчыкі і музейшчыкі, урэшце, вы — нашыя наведвальнікі. Усе, хто ідзе па горадзе гэтым разам, могуць сустрэцца…

«В городе должны быть места не изменяемые временем» — давялося пачуць ад харошай гомельскай паэтэсы Бэлы Сасноўскай. Мы падзяляем гэта меркаванне. Таму жадаем, каб наш выставачны праект не абмяжоўваўся толькі сценамі музейнай прасторы.


Фотасправаздача з адкрыцця 21 жніўня 2020:

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика