Хто ў хаце гаспадар? У філіяле Веткаўскага музея адкрылася выстава “Міколіна трава”

Мікола – адзін з самых галоўных святых. З ім чалавек часцей за ўсё меў зносіны, яго ікону можна знайсці амаль у любой вясковай хаце. Сёння ў экспазіцыйнай зале філіяла прадстаўлены вынікі шматгадовай працы музея, звязанай з вобразам Міколы.

Напачатку адкрыцця выставы сваімі ўспамінамі дзеліцца Святлана Іванаўна Лявонцьева:
- Вельмі даўно, калі мы аднойчы зайшлі ў адну хату, я пабачыла на шафе старыя кнігі. Аказалася, што гэта выданні XVII стагоддзя! Адразу рукі задрыжэлі, вочы заблішчэлі: трэба прасіць аддаць у музей. Гаспадыня згадзілася, але паставіла ўмовы, адна з якіх – прывезці ўзамен “Міколава жыціе”.

Святлана Іванаўна з’ездзіла ў Ветку, знайшла жыціе XIX стагоддзя і вярнулася з ім да гаспадыні:
- Яна ўзяла яго ў рукі і тут жа заплакала. І вымавіла: “Ну вось, нарэшце гаспадар з’явіўся ў хаце”.
Таму вобраз Міколы як гаспадара – не выдумка супрацоўнікаў. Ды і ўвогуле да Міколы ў народзе ставяцца з вялікай пяшчотай: надзяляюць яго ласкавымі эпітэтамі, два святы на год прысвечаны гэтаму святому.

Далей бярэ слова, распавядаючы больш падрабязна пра кожны экспанат, Андрэй Валер’евіч Скідан. Ён адзначае, што хрысціянская культура – кніжная культура. І менавіта на тэкстах заснаваны вобраз Міколы, які з’явіўся ў іканаграфіі. Выстава дазваляе параўнаць і спазнаць асаблівасці стараверскіх ікон і прыкладаў праваслаўнага іканапісу. Прынцыпы напісання той ці іншай іконы супрацоўнік музея тлумачыць адпаведнай народнай інтэрпрэтацыяй вобраза.

Не мог Андрэй Скідан не пахваліцца і новым унёскам у праграму “Міколіна трава”: дзвюма іконамі бабіцкага пісьма, знешне падобнымі адна на адну. Ён нават прапануе пагуляць у гульню “Знайдзі 10 адрозненняў”.
Нягледзячы на розныя іканапісныя традыцыі, вобраз Міколы застаецца заўсёды пазнавальным, яго нельга зблытаць з якім-небудзь іншым святым.

Цудам жа, што робіць Мікола (не толькі паводле жыція, але і паводле сведчанняў людзей), проста няма ліку! Ён ёсць адно з самых моцных увасабленняў у народзе божай дапамогі.

Жыта, зерне, увогуле ўраджайнасць таксама звязваюцца з вобразам святога. Акрамя таго, Мікола “саджае раі”, то бок з’яўляецца апекуном пчол і пчалярства. Усё гэта, разам з заступніцтвам пастухоў, купцоў і ўсіх, хто рухаецца па рэках, праілюстравана на экспанатах музея.

Апякунства над тымі, хто рухаецца па водах, увасабляе човен, які знаходзіцца ў самым сэрцы выставы. Ён выдзеўбаны з аднаго кавалка асіны і ўвасабляе сабой адзін з самых архаічных відаў чаўноў, які вядомы быў яшчэ ў глыбокай старажытнасці.

А ці спадабалася выстава прысутным? Вольга Рыгораўна патрапіла на адкрыццё выпадкова, аднак абсалютна аб гэтым не шкадуе:
- Шмат чаго новага даведалася. Чула раней толькі тое, што Мікалай Цудатворац – абаронца тых, хто ў дарозе, тых, хто бізнесам займаецца, а больш – нічога.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика