“МоЯ КУ-КУКОЛКА” – новы выставачны праект Веткаўскага музея, мэтай якога становіцца усведамленне лялькі і чалавека як адзінага цэлага. Галоўнае пытанне, якое ставіцца стваральнікамі выстаўкі – як уплывае жыццё чалавека на стварэнне лялькі і як сама лялька ў далейшым стварае лад жыцця лялечніка?
Наведвальнік выставы мае магчымасць пакрокава разгледзець вобразы лялек паводле часавых, культуралагічных, псіхалагічных і семіятычных аспектаў: абрадавыя, батлеечныя, гліняныя, фарфоравыя, прафесійныя тэатральныя, дзіцячыя гульнёвыя і сучасныя аўтарскія інтэр’ерныя лялькі.
Напачатку “лялечнага” ланцужка ў вочы кідаецца старажытная абрадавая лялька, якая ў свой час служыла правобразам чалавека, а ў многіх выпадках замяняла чалавека, або нават боства, якое яна адухаўляла. Успаміны пра такіх лялек да нашага часу захоўваюць расповеды ці рытуальныя дзеянні жыхароў Веткаўшчыны. Праз эспедыцыйную дзейнасць супрацоўнікамі музея была высветлена сімволіка і абрадавая прыналежнасць травяной лялькі з в. Пералёўка, лялькі з анучак, што калісь рыхтавалі да абраду “Пахавання Стралы” ў вёсках Барталамееўка і Фёдараўка, тэкстыльнай лялькі “абрыгены” або “аберагены” з в. Пералёўка.
Працягваюць выставу лялькі з народнага батлеечнага тэатра: Цар Ірад, Ірадзіяда, Марыя з немаўляці, Антон з казой і Антоніха, Ваяка і іншыя вобразы, якія ў свой час нарадзіў народны тэатр.
Не абыходзіць выстава і лялькі прафесійнага лялечнага тэатра, якія прадстаўляюць вобразы, што жылі на сцэне “Гомельскага абласнога тэатра лялек”.
Своеасаблівай з’явай нашага часу становіцца аўтарская інтэр’ерная лялька, якая, відаць, перажывае своеасаблівы Рэнесанс у сваім развіцці. Хто толькі зараз не спрабуе свае сілы ў гэтым цудоўным накірунку мастацтва! На нашай жа выставе прадстаўлены аўтарскія лялькі мастачкі з Гомеля Наталлі Палунінай-Барысевіч, якая “нараджае” сваіх лялек менавіта пры дапамозе класічных тэхналогій – карыстаючыся тэхнікай пап’е-машэ, як гэта рабілася сотні і сотні гадоў таму.
Калі ў вас з’явілася жаданне атрымаць не толькі эстэтычную асалоду ад убачаных лялек, але яшчэ і папоўніць свае веды ў гэтай таямнічай галіне мастацтва, тады Вам да Нас.
Выстава будзе працаваць да канца верасня.
Адкрыццё выставы адбудзецца 18 ліпеня (пятніца) а 16.00 ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4).