Гэта ўнікальная выстава, якая нарадзілася ў выніку супрацоўніцтва нашага музея і Эрмітажа (Дзяржаўны Эрмітаж - музей у Санкт-Пецярбургу).
Кожнае лета з 2014 года на тэрыторыі магільніка зарубінецкай культуры ў вёсцы Гарошкаў (Рэчыцкі раён) працуе Паўднёва-Беларуская археалагічная экспедыцыя Эрмітажа пад кіраўніцтвам археолагаў Ларысы Варацінскай і Аляксандра Драбушэўскага (увогуле вывучэнне помнікаў зарубінецкай культуры было пачата ў 50-60-я гады XX ст.)
І штогод наш музей прымаў вялікую колькасць артэфактаў, раскапаных археолагамі. Сярод іх ёсць такія рэчы, якія маюць высокую эксклюзіўнасць нават па мерках сусветнай археалагічнай навукі!
Ларыса Варацінская (кіраўніца Паўднёва-Беларускай экспедыцыі, прадстаўніца Эрмітажа): "Кожны год у нас былі знаходкі, якіх раней не было ў зарубінецкай культуры і ўвогуле ў Беларусі".
Нарэшце прыйшоў час усе гэтыя ўнікальныя знаходкі экспанаваць!
Новая выстава ставіць сабе мэтай пазнаёміць шырокую публіку не толькі з зарубінецкай культурай, якая займала поўдзень Беларусі, але і паказаць працу прадстаўнікоў самой экспедыцыі - археолагаў, рэстаўратараў ды валанцёраў.
Асабліва вялікая ўвага ў экспазіцыі нададзена працы рэстаўратараў, дзякуючы карпатлівай працы якіх удалося не толькі захаваць старажытныя знаходкі, але і даць магчымасць наведвальнікам выставы ўбачыць у першапачатковым выглядзе прадметы, якім болей дзвюх тысяч год. Большая частка прадстаўленых экспанатаў рэстаўравалася менавіта супрацоўнікамі Эрмітажа.
Дзякуючы шматгадовай сумеснай працы з Эрмітажам адкрываецца яшчэ адна раней невядомая старонка нашай старажытнай гісторыі.