Іканапіс веткаўскіх стараабрадцаў
Выстава дзейнічае з 15.10.21 у філіяле Веткаўскага музея
Веткаўская ікона ўсё энергічней ўваходзіць у культуру XXI ст.
Выстава ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі – «зНОЎ НОВы» ракурс і пытанне аб асНОВах нашага быцця-мыслення-творчасці. Дыялог з продкамі? З тымі, хто ПЕРАД намі ставіў тыя ж пытанні – аб НАВатарстве Майстра. Іконы, як гістарычныя помнікі, і як мадэлі сусвету. Як сведчанні сапраўднага лёсу вогнепальнай Веткі XVII-XX стст., і як неразгаданыя тэксты з кодавым запісам аб канструяванні мастацкага вобраза. Іконы як культурныя калідоры са Старажытнай Візантыі ў Новы Час XVIII ст. Так, яно было НОВым для тых, чыя місія нам менш вядомая, чым іерогліфы майя, але чыя кроў пульсуе ў нашых жылах! Але і як семіятычныя загадкі перадачы мастацкіх вобразаў - праз стагоддзі: з вачэй – у вочы, ужо ў XX ст.
На гэты раз толькі чатыры выявы, чатыры іканаграфіі стануць «за сваіх» перад кліпадумцамі і дапытлівымі нашчадкамі (для іх мы - потым!):
1. «Пакроў» - самая архітэктурная мадэль космасу ў іканаграфіях Веткі. Менавіта ў гонар Пакрова Багародзіцы назвалі ў 1695 г. сваю царкву «на Ветке» свабодалюбівыя яе заснавальнікі. І гэта прывяло да глабальных наступстваў: «па статыстыцы, праз Ветку праходзіла за год да ста тысяч чалавек...»
2. «Маці Божая Казанская». Святыня, якую, паводле легенды, неслі на руках з Масквы XVII ст. першыя веткаўцы. Гэта вобраз, па ўсёй верагоднасці, цудатворны, спарадзіў тысячы і тысячы спісаў, зацвердзіўся ў гаючай народнай культуры «О прозрении ослепших очес»... і паўстаў перад намі ў невымернай варыянтнасці - бо стыль ніколі не вырабляе механічных копій - але жывыя тэксты, увасобленыя малітвы!
3. «Спас Нерукатворны» - зацвярджэнне нерукатворнай каштоўнасці рукатворных артэфактаў, першы абраз наогул - як узор для Веткаўскага майстра. Акумулятар «ўводных дадзеных»: з Наўгародскай сярэднявечнай рэспублікі, з баявых кальчужных вобразаў войска, з каталіцкай легенды пра плат Веранікі - і з семіятычнай культуры люстэркаў і рам у эпоху ракако…
4. «Святы Мікола-Цудатворац». Паясны і роставы, сам – і ў жыцьці. Нарэшце, неразгаданы «Мікола адводзячы», што поглядам толькі - адварочвае дэманаў, ліха і смутак. Вобразы Міколы - гэта цэлая краіна, сцэнар і кіно, старажытная магія і візантыйская выдасканаленасць, Николушка, гаспадар - і архаічная пагружанасць у нетра, мора і глыбіню, у таямніцы золата - і сырога збожжа…
Ці атрымаецца план кантакту? Нашым адважным продкам ўдавалася хадзіць у будучыню!