babich_600.jpg

«Хрыстос нарадзіўся на вашым двары…»(бабіцкая іканапісная традыцыя ў кантэксце абраду “Свяча”)

Выстава дзейнічае з 24.12.21 у філіяле Веткаўскага музея

Сумесны мастацкі праект, які ажыццяўляецца Веткаўскім музеем разам з Гомельскай епархіяй БПЦ і музеем Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Выставачная зала “Шэдэўр традыцыі” філіяла Веткаўскага музея, гэтым разам “прытуліла” некалькі мастацкіх помнікаў, аб’яднаных агульнай выяўленчай традыцыяй. Гэта чатыры іконы Раства Хрыстова бабіцкай іканапіснай “школы” – сапраўдныя шэдэўры народнага рэгіянальнага іканапісу.

Бабіцкі іканапіс насёння з’яўляецца, бадай, адзінай вядомай цэльнай мастацкай традыцыяй сакральнага мастацтва рэгіёна Пасожжа. У вёсцы Бабічы Чачэрскага раёна дагэтуль памятаюць пра “багамазаў” Гераковых – адзіных на сённяшні час вядомых прадстаўнікоў мастацкай плыні, распаўсюджанай на тэрыторыі колішняга Рагачоўскага павета. Выяўленчыя прыёмы і мастацкія характарыстыкі помнікаў гэтай плыні, тэхналогія жывапісу і выкарыстанне складаных іканаграфічных прататыпаў ва ўсім выдаюць той высокі ўзровень, якога дасягнула традыцыя на прамежку ХVIII – ХХ стст.

Каб упэўніцца ў высокім ўзроўні іканапісу “бабічан” дастаткова пазнаёміцца толькі з помнікамі адной, але насычанай шматфігурнай іканаграфіі – Раства Хрыстова. Здаецца, на выставе прадстаўленыя ўсяго чатыры іконы, але яны даюць мажлівасць сузіраць выбітны мастацкі почырк майстроў і прадстаўляюць розныя варыянты адной іканаграфіі.

Стрыжань выставы – ікона Раства Хрыстова з фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Яна, набытая Уладзімірам Ліцьвінавым напачатку 1990-х гадоў, стала адкрыццём арыгінальнай традыцыі і дала даследчыку штуршок да яе вывучэння. Толькі нядаўна стала вядомым, што прататыпам гэтага абраза стала ксілаграфія (гравюра на дрэве) нямецкага мастака Юліўса Шнорра фон Каральсфэльда. Выданне Бібліі 1850-х гадоў, аздобленае гравюрамі мастака вытрымала шмат перавыданняў, у тым ліку і ў Расійскай імперыі. Аднак, загадкаю застаецца, што за прататыпы былі ўзятыя за ўзор для стварэння іншых ікон, прадстаўленых на нашай выставе.

Адрознівае народную ікону ад прафесійнай храмавай яе глыбокая “сімпатыя” і нават перайманне традыцыйнай культуры. Пра бабіцкую ікону гэта можна сказаць дакладна. І стваральнікі ікон, і тыя хто іх замаўляў, жылі адным ладам. Таму абліччы святых у народных абразах пазбаўленыя схематычнасці і ўмоўнасці кананічнага пісьма, набываюць індывідуальныя рысы і надзвычайную цеплыню, нават пяшчотнасць выканання лікаў.

Большасць зафіксаваных намі ікон з’яўляюцца Свечамі – абшчыннымі абразамі, якія належалі вёскам, альбо часткам паселішчаў, вуліцам… Яны з’яўляліся абаронцамі мясцовасці і ў дзень свайго прысвячэння гэтыя святыні пераносіліся з хаты ў хату, ад гаспадара да гаспадара пры шырокім сходзе ўсяго “міра”. Вялікая частка Свеч нашага рэгіёна былі прысвечаныя Раству Хрыстову. Сярод іх самыя выбітныя прыклады – гэта бабіцкія іконы. Аднак, апроч пераноса ікон, насельніцтва нашага краю, канешне, калядавала. Таму на выставе можна бачыць і традыцыйны бабіцкі чырвоны кут , і гурт калядоўшчыкаў у традыцыйных строях гэтай вёскі і дзіцячую калыску з цацкамі. Моладзь з зоркаю хадзіла па хатах зычучы дабрабыта гаспадарам і Божага дабраслаўлення, спяваючы святочныя хваласпевы: трапар свята, царкоўныя канты і калядкі, у сваёй спеўнай традыцыі нітуючы царкоўна-кананічную паэзію з народнай. Так, як майстры бабіцкага мастацкага кола карысталіся аўтарытэтнымі выявамі для стварэння сапраўдных шэдэўраў народнага мастацтва.


Калядная сустрэча “Хрыстос нарадзіўся на вашым двары”. 09.01.2022

Зіма халодная, а ў нас у філіяле Веткаўскага музея цёпла і ўтульна, таму мы хацелі б запрасіць вас на калядную сустрэчу “Хрыстос нарадзіўся на вашым двары”. Якая адбудзецца 9 студзеня ў 14:00. 

Там вы ўбачыце батлеечнае прадстаўленне «Цар Ірад». Шчадроўныя ды калядныя песні, вершы, пахвальбы, успаміны.

 Дзе: філіял Веткаўскага музея ў Гомелі* (плошча Леніна, 4А)
Кошт удзелу: 3,00 руб. 
Тэлефон: 50-96-98

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика