jivaya voda 600x860

«На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданню, і Дух Божы лунаў над вадою». Самыя першыя радкі кнігі Быцця малююць перад намі эпічную карціну стварэння свету, дзе міфа-паэтычнай мовай выкладаецца складанейшыя працэсы запачаткавання матэрыі. Адным з асноўных, анталагічных рэчываў, якія леглі ў базіс нашага існавання з’яўляецца вада.

Культура любога старажытнага народа ўстойліва ўспрымала ваду, як крыніцу жыцця і сімвал жыццядайнасці. Навукаёмістая фраза «чалавек на 80 працэнтаў складаецца з вады» без супярэчнасці падцвярджаецца радкамі з Евангелля, дзе Хрыстос, у бяседзе з самаранкаю сведчыць аб крыніцы вады жывой, якая бруіцца ўнутры чалавека. Безумоўна, гаворка ідзе аб розных узроўнях успрыяцця: матэрыяльным і духоўным – культура якраз і займаецца іх ураўнаважаннем і вызначэннем прыярытэтаў.

Раней Ніжняе Пасожжа можна было б назваць «зямлёй крыніц» – столькі вадатокаў нараджаліся ў далінах Сажа, Іпуці, Бесядзі ды іх шматлікіх прытокаў: Узы, Каўпіты, Покаці, Церухі, Вуці, Ліпы, Чачоры… Уся зямля, літаральна сачылася вадою і любое з гэтых месцаў лічылася святым. Нездарма, там, дзе зараз захаваліся гэткія «акенцы», можна пачуць займальныя аповяды пра іх паходжанне. Подых старажытнасці лунае ў легендах і паданнях, аднак, раптам гучыць новы матыў – традыцыя шанавання цудадзейных крыніц працягваецца, а значыць, ствараюцца новыя помнікі вуснай народнай творчасці.

Адносіны да вады – гэта адносіны не толькі да жывога, але і да святога. Таму, праз ваду размаўлялі з іншасветам, з іррэальнасцю. Нездарма, крынічнае жарало называлі «вакном», альбо «вокам». Тут можна было набраць вады, а можна было сустрэцца з адкравеннем. Вада і для хрысціянскай тэалогіі і для народнай культуры – рэчыва, якое можа змяніць існасць, можа павярнуць лёс чалавека.

Чарговая выстава нашага музея аб гэтай шматстайнай з’яве: вада ў помніках мастацкай культуры і вуснай творчасці, яе багаслоўскія аспекты і народныя звычаі. Мы дастаткова паездзілі па населеных пунктах рэгіёна, каб цяпер мець мажлівасць падзяліцца сваімі ўражаннямі, запісамі, назіраннямі.

На выставе прадстаўлены іконы стараабрадніцкага веткаўскага і беларускага народнага пісьма XIX ст., тканыя і вышытыя ручнікі, археалагічная і этнаграфічнная кераміка, экспедыцыйныя фотаздымкі і запісы фальклорных тэкстаў.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png   80-гадоу_3-3_1-p_001_Curved-Text _средний_размер.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика