Афіша выставы "Птушка на Ветцы" у філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі

Вобраз птушкі ў веткаўскіх рукапісах

Выстава будзе дзейнічаць напрацягу сакавіка-кастрычніка 2017 г. у філіяле Веткаўскага музея.

Духоўныя пошукі Веткі першапачаткова былі накіраваны на пераадольванне трагізму раскола, узнаўленне зруйнаванага свету, цэласнасці быцця, у першую чаргу, у душы чалавека. І адзін са шляхоў, які дазваляе гэта зрабіць, складаўся не ў сыходзе ад свету, а ў яго збудаванні праз ідэю вобразнага стварэння райскага «града» на зямлі. Магчыма, пошукі райскай краіны, якую стараабрадцы называлі Белаводдзем, прывялі іх у гэтыя «пустые и зверопастные места».

Сама стылістыка расповядаў аб стварэнні Веткі будуецца аўтарамі на вобразах райскіх садоў і «градаў». «Вместо древес людей умножение показася, трава и терния растущая в вертограды и садовия обратишася. Юноши, оставляя свое юностное мудровнаие, течаху тамо, яко елени на водные источники, и девы, аки ластовицы там вогнеждахуся».

Успрыняцце гэтых месцаў святымі, райскімі дазваляе аўтару «Гісторыі Веткаўскай царквы» апісваць узнікненне Веткі як з’яўленне цуда: «… бесчисленны народы наполнися ветковское жительство, и аки град велик и прекрасен в населении тех явися… Вокруг же Ветки 14 слобод, яко пресветлые города расставися».

Пасадская культура Веткі сапраўды становіцца садовай. Гэты ж вобраз Веткі гучыць і ў сучасных развагах мясцовых жыхароў: «Агародаў не трымалі.. Сады былі вялікія. Чаму сады любілі? А як жа не любіць — і ў Раі ёсць сады». Сад апынуўся адзіна гарманічным райскім вынікам узаемаадносін чалавека і прыроды. Ажыццяўляючы ідэю боскага стварэння свету, веткаўскія манастыры робяць яго абавязковай сваёй часткай. І ў гэтым безперарыўнасць традыцый Старажытнай Русі, у якой ужо ў ХІ ст. склаліся асаблівыя адносіны да сада як сакральна і мастацка значнай з’явы.

Раслінны код з’яўляецца ледзь не галоўным у культуры Веткі, сама сімвалічная назва якая яго ўтрымлівае, а вобраз райскага саду апынуўся асноўным у яе мастацтве.

Тут яшчэ і ў пачатку ХХ ст. майстры працягвалі ствараць цудоўныя рукапісныя кнігі, у якіх асноўным вобразам быў райскі сад, таму ў іх так шмат «квітнеючых» старонак, і птушак што «пяюць». Птушка на ветцы стала асноўным сімвалам, таямнічай эмблемай самой Веткі. Так мастакі казалі ўсяму свету аб тым, што ветка старой веры цудадзейна прывілася на землях Вялікага княства Літоўскага, што яна вольна развіваецца і квітнее, і што райскія птушкі злятаюцца ў сады манастыроў, якія былі дазволены тут для стараабрадніцкага набажэнства.

На выставе прадстаўлены рукапісы ХІХ ст., фарбы, інструменты пры дапамозе якіх стваралі тэксты рукапісаў.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика