Афіша выставы "Радуйся, заре умнаго солнца!" ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі

Вобразы Багародзіцы ў гісторыі і культуры Веткі (веткаўскі іканапіс XVIII-XIX стст.)

Выстава будзе дзейнічаць напрацягу студзеня-снежня 2018 г. у філіяле Веткаўскага музея.

Запрашаем увайсці ў сакральны свет іканапісу Веткі праз «двери рая совершенныя», дакрануцца да таямніцы ўзаемаадносін чалавека і Бога, да таямніцы жыцця культурнага, асветніцкага і запаветнага цэнтра — Веткі.

З вобразамі Багародзіцы звязаны лёс Веткі на працягу некалькіх стагоддзяў, як і лёс ўсяго стараабрадніцтва…

«Заря пресветлая, Рунь прозябшая, Неопалимая Купина, Гора Нерукосечная, Святая трапеза, Лествице небесная, Постав Богозданен, Покров миру» — такія паэтычныя вобразы са старажытнасці адносілі да Багародзіцы. У іх выяўлялася яе нараджаючая, пладатворная моц, якая ўносіла новае Святло ў сусвет, Святло змяняючае і ператвараючае, даруючае радасць і новы сэнс існавання ўсяго космасу, усяго сусвету. Асабліва ўражваюць запамінальныя касмічныя найменні Багародзіцы: «Солнце пресветлое», «Молния, души просвещающая», «Незаходимая Небасная Заря», «Мати Света невечернего», «Заря таинственного дня», «Светоносный облак», «Столп огнеоблачный», «Голубице, Милостивого рождшая», «Одушевлённый рай»! Багародзіца параўноўваецца з ранішняй зоркай, што прадказвае світанне… «Радуйся, звездо, являющая солнце! Радуйся, приятное молитвы кадило!» — гучыць у тэкстах акафістаў. А пад прыемнай малітвай маецца на ўвазе прадстаянне Багародзіцы перад Богам, яе прыемная, азначае, прынятая Богам, малітва за Сусвет.

Стараабрадцы, як гнаная частка рускага насельніцтва, на працягу некалькіх стагоддзяў свае малітвы і просьбы звярталі да Бога праз Багародзіцу. Для іх звычайнай справай было разумець царкву не толькі як храм або як арганізацыю, структуру, інстытуцыю, але, перш за ўсё, як саборнае яе выяўленне праз сход веруючых — і кліра і міра. Багародзіца — вобраз такога царкоўнага, адказнага схода, што аб’ядноўвае ў адзінае прадстаўнікоў розных саслоўяў, класаў, сацыяльных структур, нацыянальнасцяў і народнасцяў.

Вобраз Царквы як Нявесты Хрыстовай святочна гучыць на веткаўскіх іконах як храмавых, так і хатніх. Багародзіца, як маці, блізкая сэрцам пакутуючым і спачуваючым, таму веткаўскія іконы прапаноўваюць такое багацце зразумелых кожнаму сюжэтаў і найменняў Багародзічных ікон. Багародзіца як адзіная заступніца, абаронца, зразумелая стараабрадцам і паўсюдна запатрабаваная, таму шматлікія храмы асвячаюцца ў гонар Багародзіцы — у Ветцы ў 1695 г. ў гонар «Пакрова Прасвятой Багародзіцы» (тут жа ж квітнее і Пакроўскі манастыр), пазней у Клімава, у слабадзе Тарасаўка, у Будзе Жгунскай, у Старадубе; «Казанскай іконе Божай Маці» — у Клімава, у слабадзе Мар’іна; «Успенню Багародзіцы» — у Лужках, у Барбе, у Клімава, у Леонцьева, у Агародні; «Знаменню» — у Елеонцы. Багародзічныя вобразы, як і ўвесь іканапіс, арганічна ўключаны ў ствараемую і абнаўляльную культуры Веткі, увасабляюць новыя стылістычныя тэндэнцыі, уласцівыя яе развіццю, адлюстроўваюць уяўленні стараабрадцаў Веткі аб свеце і месцы чалавека ў ім, аб Царкве, «дзеля якой увесь свет і створаны быў». Нягледзячы на бясконцыя ганенні на веткаўцаў, на ўсю гістарычную драматычнасць лёсу, уся культура Веткі прасякнута невычарпальнай і іскрыстай прыгажосцю і радасцю, насычаючай і натхняючай на жыццё і творчыя здзяйсненні.

Русскоязычный сайт Ветковского музея  Китайскоязычная страница Ветковского музея
logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика