Традыцыйны строй жыхароў г. Васілевічы і наваколля з уласных збораў Аляксандра Нікіціна
Выстава будзе дзейнічаць з 2 сакавіка па 28 чэрвеня 2018 г. у філіяле Веткаўскага музея.
Годам малой радзімы аб’яўлены 2018 г. І для Веткаўскага музея гэта ідэя з’яўляецца як ніколі актуальнай. Бо менавіта рэгіянальна-лакальнай тэмай ужо 40 гадоў займаюцца супрацоўнікі музея. Акрамя ўласных даследаванняў музей выхаваў ужо шэраг сваіх паслядоўнікаў. Адным з такіх вучняў музея, па-праву, можна лічыць гамяльчаніна Аляксандра Нікіціна.
Нарадзіўшыся ў горадзе, малады чалавек не стаў туліцца ад сваіх вясковых каранёў, а наадварот ужо з самага дзяцінства пачаў свой пошукавы шлях, які завёў яго ў горад (калісьці сяло) Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Жывая вясковая мова, абрад «Пераносу свячы», традыцыйныя спевы, ручнікі і адзенне настолькі захапілі Аляксандра, што ён усур’ёз заняўся навуковым даследаваннем духоўнай і матэрыяльнай спадчыны сваёй малой радзімы. І, канешне ж, першае аб чым задумаўся: як выглядалі жыхары Васілевічаў сотні гадоў таму? Так, традыцыйнае адзенне, а дакладней, традыцыйны строй, даюць яскравае ўяўленне пра жыццё народа. Старыя фотаздымкі ў «рамках», што ўпрыгожваюць інтэр’ер амаль кожнай вясковай хаты да нашых дзён, часткова далі адказ на гэта пытанне. А пасля далей і глыбей: бабулі адкрывалі свае куфры і даставалі кашулі, андаракі, наміткі, хусткі, гарсэты… Так і пачала збірацца ўласная калекцыя традыцыйнага строя Васілевічаў і навакольных вёсак: Залатуха і Навінкі. Своеасаблівым падарункам для маладога даследчыка стала выданне «Беларусы ў фотаздымках Ісаака Сербава 1911-1912» дзе можна было пабачыць тых самых жыхароў Васілевічаў, што пазіравалі імянітаму даследчыку ўжо болей 100 гадоў таму.
На дадзены момант рэгіянальная калекцыя, аснову якой складае традыцыйны тэкстыль, прадстаўлена рэчамі канца ХІХ — сяр. ХХ ст. Аляксандрам Нікіціным вядзецца грунтоўная праца па даследаванню традыцыйнага строя Васілевічаў і навакольных вёсак з магчымасцю далейшага ўвядзення ў навуковы ўжытак тэрміна «Васілевіцкі строй (касцюм)».
На выставе будуць дэманстравацца восем поўных комплексаў традыцыйнага строя дадзенай мясцовасці, фотаздымкі, арыгінальныя тэксты замоў, а таксама рэчы, што суправаджалі жыццё селяніна ад нараджэння і да смерці.
Дадзеная выстава своеасаблівая гісторыя пра тое, як можна шанаваць сваю малую радзіму не толькі словам, але і справай.
На адкрыцці можна будзе пачуць вясельныя спевы і стаць удзельнікам рэканструкцыі фрагмента вясельнага абрада «Зборы маладой».
2 сакавіка 2018 года ў філіяле Веткаўскага музея адбылося адкрыццё новай выставы "Табе, маці, верацён кругаль, а мне, маці, палацён кубел".
Нагадваем Вам, што выстава будзе дзейнічаць з 2 сакавіка па 28 чэрвеня 2018 года.
Паважаныя наведвальнікі!
У сувязі з вялікай зацікаўленасцю экспанаванне выставы "Табе, маці, верацён кругаль, а мне, маці, палацён кубел" падаўжаецца да 28 чэрвеня 2018 года.
Чакаем Вас у філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.
Мы працуем: аўторак-нядзеля з 10:00-18:00; выходны - панядзелак