Выстава "САД"– вынік сумеснай дзейнасці гомельскага мастака Аляксандра Лобана і Веткаўскага музея. Аляксандр Лобан – мастак, які спрабуе паказаць не проста вонкавае аблічча наваколля пры дапамозе фарбаў, яго задача – у прамым сэнсе заглыбленне ў нетры прыроды. Туды, адкуль усё бярэцца, з чаго пачынаецца жыццё – у багну. І таму тэхніку для напісання сваіх прац ён назваў ІкеБагна – мастацтва багны, велічнай, таямнічай і дагэтуль неспазнанай.
Сама тэхніка была вынайдзена мастаком падчас адпачынку: углядваючыся ў зацягнутае раскай возера, ён падумаў, што сама рэчаіснасць часам падобная на палатно. Толькі бяры і малюй! З падручнага трыснягу і чароту, неяк само сабой, на забагненую гладзь пачалі класціся малюнкі з выявамі прымітыўных чалавечкаў і кветкавыя кампазіцыі, падобныя да ікебана. Тым больш гэтае слова пасавала таму палатну, на якім творца рабіў свае працы – багне. Так падчас шпацыру і нарадзілася мастацтва ікеба-г-ны.
А пры чым тут сад, спытаеце вы? Менавіта карані дрэў, квецені цягнуцца глыбока пад зямлю, у тую хтанічную прастору якая і нараджае багну.
Другая частка выставы - гэта ручнікі ўнікальнай неглюбскай традыцыі.
Майстрыхі з Неглюбкі сваім умельствам "насаджваць" сады на ручніках здзівілі ўвесь свет. Адзін з самых буйных музеяў свету – Метраполітэн-музей – таксама зацікавіўся калекцыяй неглюбскіх ручнікоў, бо такога цуду ў свеце болей нідзе не засталося. А нашы майстрыхі яшчэ ў 70-80-я гг XX стагоддзя з вялікім майстэрствам і вынаходніцтвам "насаджвалі" сапраўдныя сады на сваіх велічных ручніках. На знакамітых тканых вырабах мы сустракаем і "крывульку", і "жабак" – прадстаўнікоў той самай багны, і "гяргені" там цвітуць, і "козлікі" бегаюць… Адным словам, выстава "Сад" увабрала ў сябе творы розных часоў, розных людзей, але ўсё гэта аб'яднана велічнай думкай пра суладнасць усіх стыхій і прасторы – ад хтанічнай багны да райскага саду.
Адкрыццё выставы адбудзецца 28 жніўня (серада) а 16-й гадзіне ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава (пл. Леніна, 4).